Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца Равяка будзе судзіцца з мытняй за кнігу Бяляцкага


Тацяна Равяка
Тацяна Равяка

29 студзеня ў судзе Ашмянскага раёну Гарадзенскай вобласьці заплянаванае папярэдняе судовае паседжаньне па разглядзе скаргі праваабаронцы Тацяны Равякі на дзеяньні Ашмянскай мытні.

Сябра рады праваабарончага цэнтру «Вясна» мае намер абскардзіць працэс прызначэньня экспэртызы ў справе пра кнігу Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя беларушчынай».

«Я лічу яго незаконным з самага пачатку, паколькі Ашмянская мытня ў абодвух выпадках прызначыла экспэртамі адмыслоўцаў галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і спраў моладзі Гарадзенскага аблвыканкаму, які не ўпаўнаважаны на правядзеньне падобных дзеяньняў», — заявіла Тацяна Равяка ў інтэрвію БелаПАН.

«Я б хацела, каб працэдура прызначэньня экспэртызаў проста ўвайшла ў законнае рэчышча. Гэта тое, чаго да гэтага часу не было», — дадала праваабаронца.

6 студзеня Тацяна Равяка атрымала пастанову Ашмянскай мытні пра тое, што цягам 10 дзён яна павінна вывезьці за межы Беларусі 40 асобнікаў кнігі Бяляцкага.

«Ліст з Ашмянскай мытні хітры: напісалі, што правялі паўторную экспэртызу кнігі, па выніках якой выданьне ўнесена ў пералік рэчаў, да якіх ужываецца забарона на ўвоз. Пры гэтым вынікаў самой экспэртызы не дасылаюць... Толькі пішуць пра разьдзел 1.3 Адзінага пераліку. Паглядзела я гэты разьдзел: мамачкі, там і тэрарызм, і экстрэмізм, і парнаграфія, і нацызм... Самае чалавечнае — гэта «можа нанесьці шкоду палітычным ці эканамічным інтарэсам дзяржаваў — сябраў Мытнага зьвязу, іх дзяржаўнай бясьпецы, здароўю і маральнасьці грамадзян». Відаць, гэта датычыць «Асьвечаных...», — напісала тады Равяка на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Мытнікі сканфіскавалі кнігі ў Тацяны Равякі на пачатку ліпеня 2013-га.
Кніга Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя Беларушчынай»
Кніга Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя Беларушчынай»

Кнігу зьняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя Беларушчынай» надрукавалі ў Літве. Тацяна Равяка везла асобнікі для сяброў Бяляцкага.

Кніга намінавалася на прэмію Францішка Аляхновіча, заснаваную Радыё Свабода і ПЭН-цэнтрам.

Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі ў 2011 годзе быў асуджаны на 4,5 года зьняволеньня паводле абвінавачаньня ва ўтойваньні прыбыткаў з-за мяжы. Праваабаронца заявіў у судзе, што грошы ішлі на дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Трымаюць Бяляцкага ў бабруйскай калёніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG