Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ашмянская мытня выпіхвае кнігу Бяляцкага за мяжу


Кнігі Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя Беларушчынай»
Кнігі Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя Беларушчынай»

Праваабаронца Тацяна Равяка атрымала пастанову Ашмянскай мытні пра тое, што цягам 10 дзён яна павінна вывезьці за межы Беларусі 40 асобнікаў кнігі Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя Беларушчынай».

Мытнікі сканфіскавалі кнігі ў Тацяны Равякі на пачатку ліпеня 2013-га.

Кнігу зьняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя Беларушчынай» надрукавалі ў Літве. Равяка везла асобнікі для сяброў Бяляцкага.

«Ліст з Ашмянскай мытні хітры: напісалі, што правялі паўторную экспэртызу кнігі, па выніках якой выданьне ўнесена ў пералік рэчаў, да якіх ужываецца забарона на ўвоз. Пры гэтым вынікаў самой экспэртызы не дасылаюць... Толькі пішуць пра разьдзел 1.3 Адзінага пераліку. Паглядзела я гэты разьдзел: мамачкі, там і тэрарызм, і экстрэмізм, і парнаграфія, і нацызм... Самае чалавечнае — гэта «можа нанесьці страту палітычным ці эканамічным інтарэсам дзяржаваў — сябраў Мытнага зьвязу, іх дзяржаўнай бясьпецы, здароўю і маральнасьці грамадзян». Відаць, гэта датычыць «Асьвечаных...», — напісала Тацяна Равяка на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Равяка заявіла Радыё Свабода, што 8 студзеня разам з праваабаронцам Паўлам Сапелкам зьвернецца ў суд, каб аспрэчыць тое, што яна называе «рээкспартам кнігі».

Яны таксама будуць прасіць Мытны камітэт прыпыніць дзеяньне сваёй прапановы, пакуль суд будзе разглядаць справу.

Тацяна Равяка
Тацяна Равяка
«Орган, які ладзіў экспэртызу, — Галоўнае ўпраўленьне ідэалёгіі Гарадзенскага аблвыканкаму, — не ўпаўнаважаны праводзіць такія экспэртызы. Паводле закону аб мясцовым самакіраваньні, такімі паўнамоцтвамі яго ніхто не надзяляў», — кажа Равяка.

«Мытня павінна была папярэдзіць экспэртаў пра адказнасьць за высновы. У дадзеным выпадку нікога не папярэджвалі. Наколькі дадзеная экспэртыза мае юрыдычную моц, калі ніхто не нясе за яе адказнасьці? Я хацела паспрабаваць увесьці прызначэньне экспэртызаў у законнае рэчышча», — кажа праваабаронца.

На пераходзе «Каменны Лог» «затрымана было 43 асобнікі кнігі, а мне тут ужо пішуць, што я магу забраць сорак».

«Ёсьць думка, што кніга там карыстаецца папулярнасьцю і яе паціху разьбіраюць і чытаюць. Гэтая кніга павінна быць падручнікам. Ня варта ёй мець кляймо забароненай літаратуры, тым больш такой, якая наносіць шкоду «палітычным ці эканамічным інтарэсам дзяржаваў — сябраў Мытнага зьвязу, іх дзяржаўнай бясьпецы, здароўю і маральнасьці грамадзян», — заявіла Радыё Свабода праваабаронца Тацяна Равяка.

Кніга Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя Беларушчынай» намінавалася на прэмію Францішка Аляхновіча.

Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі ў 2011 годзе быў асуджаны на 4,5 года зьняволеньня паводле абвінавачаньня ва ўтойваньні прыбыткаў з-за мяжы. Праваабаронца заявіў у судзе, што грошы ішлі на дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Трымаюць Бяляцкага ў бабруйскай калёніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG