Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Яроменка: сумнеўным подпісам суд не зацікавіўся


Уладзімер Яроменак
Уладзімер Яроменак

Калегія Менскага гарадзкога суду пакінула бязь зьменаў прысуд Першамайскага суду, паводле якога актывіст «Маладога фронту» Ўладзь Яроменак мусіць адбыць 3 месяцы ў арыштным доме.

Прысуд Уладзю Яроменку аб адбыцьці 3 месяцаў арышту за парушэньні прафіляктычнага нагляду ад сёньня, 12 лістапада, уступіў у сілу.

Касацыйная калегія Менгарсуду пад кіраўніцтвам судзьдзі Ўладзімера Сьцяпуркі разглядзела скаргу Ўладзя Яроменка на адпаведнае рашэньне Першамайскага суду, якое было вынесена ў канцы жніўня, і цалкам зь ім пагадзілася.

На разбор скаргі Яроменка пайшло 7 хвілін. Абаронца Ўладзя Яроменка прасіла суд адмяніць рашэньне аб пакараньні на той падставе, што пры зборы доказаў ягонай віны былі істотна парушаныя патрабаваньні закону. У прыватнасьці, што да тэрмінаў збору доказаў. Таксама адвакатка казала пра сумнеўны подпіс сьведкі ў справе, які, магчыма, быў падроблены.

Прадстаўніца пракуратуры, наадварот, заяўляла пра бездакорнасьць доказаў віны актывіста. Паводле яе, Уладзь Яроменак шмат разоў не начаваў дома, як патрабавалі правілы нагляду, і гэта засьведчана як праверкамі міліцыянтаў, гэтак і паказаньнямі іншых сьведак, якім няма падстаў ня верыць. У кароткім перапынку, пакуль чакалі рашэньня судовай калегіі, Уладзь Яроменак даў камэнтар да эпізоду з сумнеўным подпісам:

«Калі мы з адвакатам знаёміліся з матэрыяламі справы, то заўважылі, што подпіс сьведкі ў розных матэрыялах адрозьніваецца. Вось пра гэта адвакат і заявіла на судзе. Але гэта ж трэба альбо выклікаць сьведку сюды і распытваць, альбо прызначыць экспэртызу. Але нічога не было зроблена. Таму незразумела, на якой падставе пракурор заявіла, што ўсе доказы сапраўдныя, калі сама яна не адмысловец і ня можа з пэўнасьцю вызначаць подпісы».

Тое, што касацыйную скаргу не задаволілі, Уладзь Яроменак сустрэў без эмоцыяў. Паводле актывіста, іншага ён не чакаў. Уладзь Яроменак падасьць яшчэ скаргу на сёньняшняе рашэньне Менгарсуду ў Вярхоўны суд, але, мяркуе, разгляд новай скаргі, хутчэй за ўсё, прыпадзе на час, калі ён ужо будзе ў арыштным доме. Дакладна калі гэта адбудзецца, вырашаць у міліцыі. Уладзь Яроменак згадаў, што год таму ў аналягічнай сытуацыі Васіль Парфянкоў яшчэ тыдзень заставаўся на волі:
Камэрная сыстэма, адна перадача, адно спатканьне на 3 месяцы, адзін шпацыр на дзень, трохразовае харчаваньне. Адбой з 22 да 6 раніцы. Усё знаёма

«У нас 5 арыштных дамоў, і ў любы зь іх могуць накіраваць. Гэта Магілёў, Жодзіна, Баранавічы, Ваўкавыск і Глыбокае. Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў глядзіць, які зь іх менш перапоўнены, і туды накіроўвае. Чаго там можна чакаць? Камэрная сыстэма, адна перадача, адно спатканьне на 3 месяцы, адзін шпацыр на дзень, трохразовае харчаваньне. Адбой з 22 да 6 раніцы. Усё знаёма».

Каб падтрымаць Уладзя Яроменка, у суд прыйшлі ягоная жонка Валянціна, а таксама сябры з «Маладога фронту» ды актывісты іншых дэмакратычных арганізацыяў. Сустаршыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч лічыць, што Ўладзь Яроменак на 3 месяцы зноў стаў палітвязьнем:

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч
«У чым тут прынцыповасьць і сіла ўлады? У тым, каб няведама за што даваць моладзі прэвэнтыўныя нагляды і потым садзіць зноў у турму? Гэта, наадварот, дэманструе слабасьць улады. Бо хіба б моцная ўлада садзіла людзей за майку, за лёзунг „Беларусь без Лукашэнкі“ ці за тое, што не начаваў дома? Не, канечне. Гэта робіць толькі тая ўлада, якая хістаецца і баіцца, што хутка лясьне. Таму такая ўлада мусіць нешта дэманстраваць і ўспрымаць любую грамадзкую актыўнасьць як ледзь не рэвалюцыю».

Уладзь Яроменак мяркуе, што яго адпраўляюць пад арышт менавіта з-за ягонай грамадзка-палітычнай актыўнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG