Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мабільная бібліятэка»: на сайце МТС кніг значна больш, чым на плошчы Якуба Коласа


На плошчы Якуба Коласа ў Менску адкрылася «Мабільная бібліятэка», скарыстацца якой можа любы ўладальнік смартфона ці пляншэта.

На кожнай кнізе пазначаны адмысловы QR-код. Падрабязная інфармацыя, як карыстацца бібліятэкай, зьмешчана на тумбах на беларускай і расейскай мовах.

Інавацыйны адукацыйны праект «Мабільная бібліятэка» створаны кампаніяй МТС. Віртуальная літаратурная экспазыцыя на плошчы Якуба Коласа будзе стаяць днём і ноччу да 17 лістапада. А ідэю стварыць «Мабільную бібліятэку» МТС-Беларусь запазычыла ў кампаніі «МТС-Украіна». Сутнасьць праекту ў розных краінах — як мага шырэй прадставіць менавіта нацыянальную літаратуру. Цяпер на плошчы Якуба Коласа разьмешчана 7 тумбаў: дзіцячая літаратура, расейская клясычная, замежная клясыка і ажно чатыры тумбы зь беларускай літаратурай. Кіраўнік групы па сувязях з грамадзкасьцю кампаніі МТС Тацяна Курбат апавядае:

«Мы падбіралі кнігі па розных кірунках. Прыслухоўваліся да парадаў літаратурных крытыкаў, да якіх мы зьвярталіся ў працэсе куплі аўтарскіх правоў, у прыватнасьці, на сучасную беларускую літаратуру. Гэта і водгукі чытачоў у інтэрнэце, якія мы, вядома ж, маніторылі, і парады супрацоўнікаў бібліятэк».

Мерка​ваньні мінакоў:


«Мабільная бібліятэка» ўжо зацікавіла многіх людзей. Каля стэндаў — шмат моладзі з «прасунутымі» мабільнікамі і пляншэтамі:

«Ідэя вельмі добрая, атрымаць бясплатны доступ да кніг — гэта клёва! Тым больш, калі няма магчымасьці хутка трапіць у бібліятэку, а тэлефон заўсёды пад рукой. Проста з інтэрнэту спампаваў праграму, у шмат якіх тэлефонах яна ўсталяваная, ты проста падносіш тэлефон — і кніга ў цябе».

«Ёсьць што выбраць, і дзіцячая, і расейская, замежная, беларуская літаратура».

«Гэта вельмі карысная рэч, бо моладзь цяпер ня вельмі цікавіцца кнігамі, а тут ёсьць даволі цікавыя, унікальныя творы».

«Цяпер нашмат прасьцей патрэбныя кнігі спампаваць, чым схадзіць у бібліятэку. Вядома, гэта не замяняе кнігу, якую можна патрымаць у руках, але лёгкасьць, даступнасьць — у любы момант можна спампаваць і пачытаць, і бібліятэку трымаць у кішэні — гэта ўжо, як кажуць, 21-е стагодзьдзе».

«Я вучуся ў Лінгвістычным унівэрсытэце, мая спэцыялізацыя — замежная літаратура, і мне часьцяком даводзіцца шукаць кнігі, некаторых няма, трэба бегчы ў бібліятэку, а тут усё можна знайсьці».


Тры тумбы прысьвечаныя беларускай клясыцы, адна — сучаснай беларускай літаратуры. Усяго зьмешчана больш за 350 кніг беларускіх аўтараў. На стэндзе даволі шмат кніг Васіля Быкава (з нумара 290 да нумара 318). З сучасных аўтараў прадстаўленыя Алесь Разанаў, Віктар Жыбуль, Андрэй Федарэнка.

Адам Глобус
Адам Глобус
Адам Глобус жартуе: «Так, я стаў клясыкам мабільнай літаратуры. Мне прапанавала дырэктарка кнігарні заключыць дамову. І на бацькаву кнігу дамову я падпісаў, і на „Казкі“. Я больш за бацьку рады, што „Чужая бацькаўшчына“ там стаіць. Рэклямны ход вельмі харошы, вельмі разумны».

З дасьведчаных крыніцаў Радыё Свабода стала вядома, што дамовы былі заключаныя зь некалькімі дзясяткамі сучасных аўтараў. Але на самой плошчы спампаваць можна толькі кніжкі лічаных адзінак. Паводле дасьведчаных крыніцаў, разьмяшчаць некаторых аўтараў на тумбах забараніла Міністэрства культуры. Начальнік упраўленьня Мінкульту Вадзім Шчэрбіч гэта адмаўляе:

«Забаронаў з боку Міністэрства культуры ніякіх не было. І дамовы з аўтарамі мы не заключалі».

А вось на сайце МТС кніг беларускіх сучасных літаратараў значна больш. Іх можна лёгка спампаваць. Ёсьць сярод іх і кнігі супрацоўнікаў і аўтараў Радыё Свабода.

Лукашук Аляксандар — Сьлед матылька

Дубавец Сергей — Русская книга

Вольскі Лявон, Анемпадыстаў Міхал — Народны альбом

Акудовіч Валянцін — Дыялогі з богам

Галоўны ініцыятар і выканаўца «Мабільнай бібліятэкі» — кампанія МТС — запэўнівае, што праект будзе разьвівацца. Тацяна Курбан кажа:

«Не, ні ў якім выпадку гэта не застыне. Цяпер мы ў рэжыме рэальнага часу маніторым статыстыку, якія творы больш цікавяць, колькі людзей карыстаецца нашай бібліятэкай. Калі мы зразумеем, наколькі людзям гэты праект цікавы — а мы ўжо пераканаліся, што цікавы, статыстыка кажа сама за сябе, — праект будзе разьвівацца».

Пры канцы лістапада «Мабільная бібліятэка» будзе перасоўвацца па розных гарадах Беларусі — паступіла ўжо шмат заявак з усёй краіны.

Спампаваць кнігі «Бібліятэкі Свабоды» можна тут
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG