Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябра журы: за Бяляцкага прагаласавалі адзінагалосна


Прафэсар Францішак Яноўх, чэскі і швэдзкі ядзерны фізік, колішні дысыдэнт, заснавальнік і старшыня Фундацыі Хартыі-77 доўгія гады сябраваў з Вацлавам Гаўлам. Менавіта яму належала ідэя заснаваць прэмію імя Вацлава Гаўла. Сам Францішак Яноўх, сябра журы, якое прысуджае прэмію, галасаваў за Алеся Бяляцкага. Мы зьвязаліся зь ім у Страсбуры.

— Чаму перавага паміж грузінскімі й кітайскімі прэтэндэнтамі была аддадзена менавіта Алесю Бяляцкаму?

— Усе сябры журы сышліся на думцы, што ён будзе найлепшым кандыдатам для першай прэміі Вацлава Гаўла. Па-першае, Вацлаў Гавал вельмі цікавіўся становішчам у Беларусі, дзе перасьледуюць іншадумцаў. Па-другое, гэта канкрэтны выпадак чалавека, які сядзіць у турме і, магчыма, гэта можа яму дапамагчы. Таму журы адзінагалосна вырашыла прысудзіць першую прэмію Алесю Бяляцкаму.

Асоба Алеся Бяляцкага адыгрывала вялікую ролю, і ў першым туры галасаваньня ён атрымаў самую вялікую колькасьць галасоў у сваю падтрымку: розных арганізацыяў і асобных людзей з многіх краінаў Эўропы і былога СССР. Усе сябры журы не сумняваліся, што ён будзе самым дастойным кандыдатам.

— А хто быў асабіста вашым фаварытам?
Усе сябры журы не сумняваліся, што Алесь Бяляцкі будзе самым дастойным кандыдатам

— Алесь Бяляцкі і быў. Я шмат чым зьвязаны зь Беларусьсю: я быў сябрам Рады міжнароднага Сахараўскага ўнівэрсытэту ў Менску, часта езьдзіў туды і бачыў, што сабой уяўляе рэжым Лукашэнкі. Таму я таксама не сумняваўся, што гэта будзе найлепшы кандыдат.

— Алесь Бяляцкі быў асуджаны нібыта за нясплату падаткаў. Чэскім дысыдэнтам камуністычных часоў знаёмыя такія абвінавачаньні?

— Знаёмыя, вядома. Я быў на чале фонду Хартыіі-77, які падтрымліваў з Стакгольму дысыдэнтаў, і мы выкарыстоўвалі для пасылкі матэрыяльнай падтрымкі чэскім дысыдэнтам афіцыйныя банкаўскія каналы — накшталт былой расейскай «Бярозкі», легальна дапамагалі. Нашых стараліся часам прыціснуць, але ніколі не даходзіла да суду, нават да абвінавачаньня, за тое, што гэтыя людзі атрымлівалі грошы ад фонду Хартыі са Швэцыі. У Вацлава Гаўла, які таксама атрымліваў грошы, якія ён выкарыстоўваў для розных праектаў самвыдату і тэхнічнага забесьпячэньня джазавай сэкцыі, ніколі на допытах гэтая тэма не прысутнічала. Часам казалі: так, мы ведаем, што вы атрымліваеце грошы, але гэта было толькі вуснае застрашэньне, але ніколі на паперы.

— Расейскі палітык Валерыя Навадворская выказала сёньня ў якасьці камэнтара і такую думку: што гэтай прэміяй Эўропа нібыта выкупляе сваю віну перад Бяляцкім, бо менавіта з-за інфармацыі, узычанай Літвой і Польшчай, ён і трапіў у турму.

— Я так не лічу, бо гэтае рашэньне было прынятае членамі журы, якія ніколі ў часе нашых абмеркаваньняў і перапіскі гэтага аргумэнту не выказвалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG