Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памылка Бяляцкага


Гэта ўжо другая прэмія Алеся Бяляцкага, зьвязаная з Вацлавам Гаўлам. У 2006 ён атрымаў зь яго рук узнагароду Homo Homini. Сёньня Алесю была прысуджана прэмія імя вялікага эўрапейскага дысыдэнта.

Прэмія імя Вацлава Гаўла, якую Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прысудзіла Алесю Бяляцкаму, мае, апроч ляўрэата, тры адрасаты.

Першы — гэта сям’я, калегі, сябры, знаёмыя Алеся, усе хто падзяляе яго каштоўнасьці, яго барацьбу.

Другі — гэта ўсе палітвязьні ў Беларусі. Вас памятаюць, пра вас не забыліся, Ігар Аліневіч, Мікалай Аўтуховіч, Алесь Бяляцкі, Яўген Васьковіч, Мікалай Дзядок, Эдуард Лобаў, Арцём Пракапенка, Павал Севярынец, Мікола Статкевіч.

Трэці — сама эўрапейская супольнасьць. Гэта сьведчаньне, што маральныя каштоўнасьці могуць і павінны вызначаць палітычныя паводзіны ў Эўропе ў ХХІ стагодзьдзі. Гэта напамінак Беларусі, што яна — эўрапейская краіна, частка эўрапейскай сям’і, неадрыўная ад каштоўнасьцяў дэмакратыі, свабоды і правоў чалавека.

Натальля Пінчук, якая прымала прэмію ад імя зьняволенага мужа, згадала ліст Вацлава Гаўла, які на просьбу Радыё Свабода у канцы 2011 году Гавэл напісаў беларускім палітвязьням. Яна працытавала словы Алеся з турмы:

«Пісьмо Гаўла — самае каштоўнае што я маю тут».

Падтрымка Гаўла сёньня зноў дасягнула вязьня ў бабруйскай турме.

Калі Алесь Бяляцкі сядзеў яшчэ ў Жодзінскай турме, ён пісаў адтуль пра Гаўла:

«За што я яго паважаў і паважаю — за сапраўдную, не каньюнктурную салідарнасьць з дэмакратычнымі сіламі, зь беларускім народам. Я проста на духоўным узроўні пры сустрэчы адчуваў, што мы зь ім адной крыві. Нягледзячы на тое, што ён быў два тэрміны прэзыдэнтам Чэхіі, улада не сапсавала яго. Я, вядома, паважаў яго за інтэлігентнасьць, за тое, што ён быў сусьветна вядомым пісьменьнікам. І за той стаіцызм, зь якім ён пераносіў рэпрэсіі ў дачыненьні да яго. Ён выступаў за правы чалавека і перасьледаваўся ў значна больш жорсткія часы. Але ў яго была высокая непахісная вера ў тое, што ён мае рацыю і што чэскі народ варты лепшага. На жаль, зь ягонай сьмерцю ў беларусаў, у дэмакратычна настроеных грамадзянаў, на аднаго сябра ў сьвеце стала меней».

Алесь памыліўся. Вацлаў Гавэл застаецца сябрам і павялічвае колькасьць сяброў дэмакратычнай Беларусі ў сьвеце.

Сёньня ад імя Алеся будзе запалена сьвечка на магіле Вацлава Гаўла ў Празе.

Сьвечка на магіле Вацлава Гаўла ў дзень прысуджэньня прэміі Гаўла Алесю Бяляцкаму
Сьвечка на магіле Вацлава Гаўла ў дзень прысуджэньня прэміі Гаўла Алесю Бяляцкаму
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG