Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай дапаможа Лукашэнку ў будаўніцтве АЭС і ў кібэрпрасторы


Менск і Пэкін будуць супрацоўнічаць у будаўніцтве ліній электраперадач да Беларускай АЭС, у галіне абаронных тэхналёгій і ў сфэры бясьпекі ў інтэрнэце.

Як паведамляе БелТА, у Пэкіне пад час візыту Лукашэнкі падпісана двухбаковае пагадненьне паміж Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэтам Беларусі і Дзяржаўнай адміністрацыяй абаронных тэхналёгій і прамысловасьці КНР аб супрацоўніцтве ў галіне касьмічных і абаронных тэхналёгій.

Заключаныя пагадненьні аб супрацоўніцтве з правінцыяй Гуандун па Кітайска-беларускім індустрыяльным парку і аб стварэньні субпарка горада Харбін на тэрыторыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку.

Апрача таго, заключанае крэдытнае пагадненьне аб прадстаўленьні льготнага крэдыту для рэалізацыі праекта «Будаўніцтва АЭС у Рэспубліцы Беларусь. Выдача магутнасьці і сувязь з энэргасыстэмай». Праект прадугледжвае будаўніцтва ліній электраперадач да АЭС.

Беларусь і Кітай будуць таксама весьці супрацоўніцтва ў сфэры інфарматызацыі і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгій. Абмяркоўваецца магчымасьць фінансавай падтрымкі з кітайскага боку ў рэалізацыі праектаў. Пра гэта таксама дамовіліся кіраўнікі Беларусі і КНР у Пэкіне.

«Бакі гатовыя паглыбляць супрацоўніцтва ў сфэры інфарматызацыі і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгій, абмяркоўваць магчымасьці фінансавай падтрымкі, у тым ліку, льготнага крэдытаваньня для рэалізацыі праектаў », — адзначаецца ў сумеснай дэклярацыі, падпісанай Аляксандрам Лукашэнкам і старшынёй КНР Сі Цзіньпінам па выніках перамоваў у Пэкіне.

«Кітай зьяўляецца прызнаным сусьветным лідэрам у сфэры інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгій і кібэрбясьпекі. У Беларусі таксама ёсьць пэўныя распрацоўкі. Разьвіцьцё ўзаемадзеяньня ў гэтых галінах адпавядае інтарэсам дзьвюх краін », — заявіў агенцтву «Інтэрфакс» прадстаўнік беларускай дэлегацыі, які суправаджае Лукашэнку пад час візыту ў Кітай.

Сёньня Лукашэнка сустракаецца ў Пэкіне з прэм’ерам Дзяржрады КНР Лі Кэцянам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG