Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачалася рэстаўрацыя Гальшанскага замку


Рэстаўрацыя Гальшанскага замку
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:54 0:00
Наўпроставы лінк

Рэстаўрацыя Гальшанскага замку

Гальшанскі замак магнацкага роду Сапегаў, які за багаты вонкавы і ўнутраны дэкор сучасьнікі называлі «каменнай кветкай», цяпер больш нагадвае «каменны сухастой» — ад некалі велічнага ансамбля часткова ацалела вежа, усходняе крыло ды засыпаныя скляпеньні. Але ўпершыню за шмат дзясяткаў гадоў робіцца спроба абараніць гістарычны помнік ад канчатковага разбурэньня.

Сёньняшні антураж замка ў Гальшанах прыблізна гэткі ж, як і 400 гадоў таму, на самым пачатку яго ўзьвядзеньня: будаўнічы матэрыял, кучы сьмецьця, сноўдаюць прарабы і падначаленыя. Адзінае, што калі тагачасныя дойліды стваралі чарговы архітэктурны шэдэўр, то задача цяперашніх больш прыземленая — дакапацца да культурнага пласта, захаваўшы пры гэтым як мага больш артэфактаў.

«Ідзе расчыстка так званых завалаў, да культурнага слою. Іншымі словамі, пачалася падрыхтоўка да будучых археалягічных працаў. Пакуль плянуецца проста расчысьціць тэрыторыю, каб надалей плянаваць тут дасьледаваньні, закладаць археалягічныя шурфы і г.д. Існуе стратэгія, удалося дамовіцца наконт археолягаў. Таму ідзе падрыхтоўка да археалягічных раскопаў, першы цыкль — расчыстка завалаў — вядзецца», — распавялае мастак-рэстаўратар Сяргей Верамейчык.

Гальшанскі замак быў узьведзены на загад Паўла Стэфана Сапегі каля 1610 году. І хоць ён выконваў збольшага транзытныя функцыі — тут прадстаўнікі магнацкага роду спыняліся на шляху да эўрапейскіх сталіц, — марка сям’і трымалася на вышыні. Паводле дасьледчыкаў, на інтэр’ерах ніхто не эканоміў: лепка на столі і камінах, падлога з тэракотавых плітак, кафляныя печы. Завешаныя жывапісам сьцены, унікальную бібліятэку і калекцыю зброі дапаўняла апошняе слова тагачаснай тэхнікі — сыстэма ацяпленьня, водаправод і каналізацыя. Чым, дарэчы, могуць пахваліцца ня ўсе нават цяперашнія гальшанцы. Багацьця Сапегаў хапіла, каб выкапаць некалькі вадаёмаў: паводле сівых легендаў — з дном, выкладзеным пліткай.

Як кажа кіраўнік праектнага бюро Беларускага камітэту ICOMOS Ігар Раханскі, Гальшанскі замак за прамінулыя стагодзьдзі аброс шмат якімі прыгожымі легендамі, і задача рэстаўратараў — адаптаваць помнік пад сучасныя патрэбы, увесьці ў «культурны абарот». Іншымі словамі, ня толькі захаваць ягоны фізычны стан, але і праэкспанаваць непаўторную атмасфэру ўсяго ірацыянальнага і таямнічага, што пакінуў нам «пыл стагодзьдзяў»:

«Калі мы гаворым пра аднаўленьне вобліку замка, то, безумоўна, там вялікая доля нашай фантазіі, вялікая доля нашай суб’ектыўнасьці, але пры гэтым — мінімальнае ўмяшаньне ў матэрыялы. Ну, напрыклад, аднаўленьне става. Так, вада будзе адназначна ня тая, якая была пры Сапегу, дый берагі пэўна што будуць ня тыя. Але мы спадзяемся, што вобраз става будзе менавіта такі, каб глядач бачыў тое ж адлюстраваньне, што і колішнія гаспадары. Замак арыентаваны так, што глядач цягам сутак у бальшыні сваёй глядзіць на яго супраць сьвятла. У контражуры ён чорны — не дарэмна ж зьявіўся вобраз „Чорнага замка Альшанскага“. І вось гэты вобраз мы спадзяемся падкрэсьліць пры дапамозе адлюстраваньня ў воднай паверхні. То бок у ставе будзе адлюстроўвацца пляма замка ў контражуры, чорнага замка стане яшчэ больш. У дадзеным выпадку мы працуем на вобраз, ні аб якай гістарычнай праўдзе гаварыць ня варта. Праўда адна — стаў там быў. Усё астатняе — гэта ўжо экспазыцыйныя прыёмы».

Цяпер на ўнутрыдваровай тэрыторыі замка ўзвышаецца некалькі штучных «гор». У адну рабочыя складаюць цэглу, у іншыя — будаўнічы друз. Сяргей Верамейчык расказвае, адкуль што ўзялося і які іх далейшы лёс:

«Гэта менавіта тыя завалы, якія былі ўздоўж сьценаў — і з аднаго, і з другога боку. Рабочыя адабралі асобна цэглу, якая пойдзе перадусім у экспазыцыю, а таксама яе можна выкарыстаць у працэсе рэстаўрацыі. А друз будуць проста вывозіць».

Пра лякальную цывілізацыю, якая апярэджвала час, цяпер нагадваюць хіба што карысныя «выкапні». Некаторыя знаходкі камэнтуе Сяргей Верамейчык:

«Вось, прыкладам, цэгла-пальчатка. Унікальнасьць яе ня толькі ў самой тэхналёгіі вытворчасьці, калі майстар пальцамі пакідаў на цэгле сьляды для лепшага счапленьня, але і тым, што канкрэтна на гэтым экзэмпляры адбітыя сьляды зьвярка. Відаць, якраз у той час, калі ён прабег па сьвежай форме. То бок калі сама цэгла была сьвежая, толькі „сьпечаная“. І ўжо ў такім выглядзе цэгла пайшла ў абпал. А вось яшчэ посуд з чорнай гліны, таксама быў вельмі папулярны ў тыя часы. Завеса ад дзьвярэй, гарлачык бутэлькі XVIII стагодзьдзя, кафля. Знаходак вельмі шмат».



Наступныя пасьля Сапегаў гаспадары Гальшанаў ня здолелі годным чынам распарадзіцца архітэктурнай спадчынай — замак дайшоў да нашых часоў у вартым жалю выглядзе. Ці можна марыць пра паўнавартасную рэстаўрацыю і якая ўвогуле мэта перасьледуецца цяперашнімі працамі — Ігар Раханскі:

«Спэцыфіка рэстаўрацыі, адрозна ад новага будаўніцтва, у тым, што нельга ў рэстаўрацыі, як у новым будаўніцтве, на пачатковай стадыі запраектаваць усе далейшыя ходы да завяршэньня рэстаўрацыйна-будаўнічых працаў. Гэта немагчыма. То бок на кожным чарговым этапе даводзіцца вяртацца практычна да нуля. Вось зараз, пасьля падрыхтоўчага пэрыяду, калі мы расчысьцім завалы і ўбачым тое, чаго наша пакаленьне яшчэ ня бачыла, а менавіта — першы паверх, падлогу, скляпеньні, падмуркі — мы зможам аналізаваць і прымаць праектныя рашэньні. Дзе можна абапірацца на падлогу, на фундамэнт, а дзе да іх нават дакранацца нельга. Фактычна мы пачнём думаць аб рэстаўрацыі і кансэрвацыі. Іншымі словамі, празь пяць гадоў працы на замку мы зноў будзем думаць з нуля».
Празь пяць гадоў працы на замку мы зноў будзем думаць з нуля

Сяргей Верамейчык з калегам салідарны: казаць пра поўнае аднаўленьне замка наўрад ці выпадае. Найперш, самі дасьледчыкі ня маюць дастаткова зьвестак пра тое, як выглядаў замак у XVII стагодзьдзі — на пачатку 1980-х адмысловая архітэктурна-археалягічная экспэдыцыя выявіла тры розначасовыя этапы будаўніцтва, якія адрозьніваюцца характарам цэглы, вапнавага раствору і тэхнік муроўкі:

«На дадзеным этапе ідзе падрыхтоўка да кансэрвацыі руінаў з фрагмэнтарнай рэстаўрацыяй у пэрспэктыве. То бок — плянуецца адрэстаўраваць вежу, зрабіць там дах, магчыма, арганізаваць нейкую экспазыцыю. І таксама мяркуецца накрыць часткова ацалелую сьцяну палаца. То бок пакуль што ідзе падрыхтоўка да праекту кансэрвацыі. А наагул ідэя — зрабіць тут парк. Іншымі словамі — замак-парк, такая вось канцэпцыя. Каб праводзіць сьвяты, фэсты і г.д. Размова не ідзе пра тое, каб аднаўляць усё, а праявіць з садова-паркавага ляндшафту менавіта пляніроўку замка, зрабіць экспанаваны археалягічны раскоп».

Грунтуючыся на археалягічных дасьледаваньнях і ўнікальных знаходках, Сяргей Верамейчык стварыў цэласны візуальны вобраз Гальшанскага замка. Выглядае, што ён сапраўды варты таго, каб звацца «каменнай кветкай» — элемэнты ў стылі мілітары ўсё больш саступаюць месца памяшканьням, галоўнае прызначэньне якіх — не абарона ад ворагаў, а камфортнае жыцьцё.

У сваю чаргу, Ігар Раханскі ўдакладняе, на які пэрыяд рэстаўратары будуць арыентавацца пры аднаўленчых працах:
Будзем да кансэрвацыі дадаваць нейкія навадзельныя элемэнты, спрабуючы выйсьці на вобраз вежы 1812 году

«У выпадку з адзінай ацалелай вежай — паўночна-заходняй — там у нас будзе рэстаўрацыя. Будзем да кансэрвацыі дадаваць нейкія навадзельныя элемэнты, спрабуючы выйсьці на вобраз вежы 1812 году. Чаму менавіта гэты пэрыяд? Таму што мы маем адзіную датаваную крыніцу з дакладнай выявай вежы — праход французаў на тле замка на карціне Альбрэхта Адама. Больш у нас ніякай іканаграфічнай інфармацыі папросту няма. Хоць я лічу, што гэта ня лепшы вобраз у рамках аўтарскай мастацкай канцэпцыі экспанаваньня, тым ня меней: калі ўжо існуе сацыяльны заказ на аднаўленьне гэтага элемэнта ансамбля, то хай будзе так. Такая вось градацыя: ад мінімуму нашых фантазій і дадумак на кансэрвацыі — да аднаўленьня вобразу праз рэстаўрацыю і экспазыцыю ў рамках аўтарскага бачаньня. Прыкладна вось такія задачы».

Пасьля канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай апошнія гаспадары замка з роду Сапегаў назаўжды зьехалі з Гальшанаў. Пачынаючы з ХVIII стагодзьдзя «каменная кветка» пераходзіла з рук у рукі, пакуль канчаткова ня зьвяла. А пачатак маштабнаму руйнаваньню «аб’екта» пры канцы ХІХ стагодзьдзя паклаў расейскі памешчык Гарбанёў, які пачаў падрываць вежы, сьцены ды зарабляць на продажы цэглы мясцоваму люду.

Тым ня менш да прыходу ў 1939 годзе вызваліцеляў з усходу замак заставаўся жылым — тут знайшлі прытулак дзясятак сем’яў. Але за саветамі буржуазныя замашкі былі вынішчаныя канчаткова, а ўнікальная цэгла-«пальчатка» сярэднявечных майстроў пайшла на калгасныя патрэбы. За савецкім часам пры будоўлі кароўнікаў інжынэрныя сеткі і сіласныя ямы практычна зьнішчылі культурны пласт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG