Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Комар: «Люблю сваю краіну і ніколі ня буду прадавацца за эўра ці даляры»


Вольга Комар на працэсе Васіля Парфянкова
Вольга Комар на працэсе Васіля Парфянкова

Былая судзьдзя Фрунзенскага раённага суду Вольга Комар, якой за ўдзел у рэпрэсіях супроць беларускага грамадзтва забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу і ЗША, цяпер рыхтуецца да экзамэнаў на адваката і нават не выключае, што ў будучыні ёй давядзецца абараняць тых, хто ў Беларусі змагаецца за дэмакратыю.

Былая выпускніца беларускага Коласаўскага ліцэю Вольга Комар стала шырока вядомаю ў 2011 годзе, калі першай вынесла за Плошчу прысуд, зьвязаны са зьняволеньнем. Яна асудзіла на 4 гады зьняволеньня актывіста Васіля Парфянкова. Ад сярэдзіны студзеня Вольга Комар не працуе судзьдзёй. Наша размова пачалася з высьвятленьня яе будучай працы. Суразмоўца сказала, што пакуль нідзе не працуе, але інтэнсіўна рыхтуецца да экзамэнаў, каб стаць адвакатам.

— У бліжэйшы час я, вядома, зьбіраюся працаваць. Цяпер рыхтуюся да экзамэнаў, зьбіраюся стаць адвакатам.

— Магчыма, будзеце некалі абараняць былых палітвязьняў?

— У любым выпадку функцыя адваката зводзіцца да абароны людзей, якія да цябе зьвярнуліся. Немагчыма адмовіцца ад абароны нейкіх людзей, галоўнае — ім не нашкодзіць.

Як можна адмовіцца ад нейкай справы? Калі ты працуеш судзьдзёй, то ўсё, што ты робіш, ты робіш імем Рэспублікі Беларусь. Як можна перабіраць?!
Вольга Комар
— Мне давялося асьвятляць працэс над Васілём Парфянковым. Ці была ў вас магчымасьць адмовіцца ад таго, каб яго судзіць?

— Як можна адмовіцца ад нейкай справы? Калі ты працуеш судзьдзёй, то ўсё, што ты робіш, ты робіш імем Рэспублікі Беларусь. Як можна перабіраць?! Гэта можна на базары стаяць і казаць, што вось гэтая кофтачка мне падыходзіць, а вось гэтую кофтачку я надзяваць ня буду. Ніводзін судзьдзя ня будзе адмаўляцца ад ніводнай справы, а калі ён адмовіцца, то, напэўна, у такім выпадку такі чалавек ня можа працаваць судзьдзёй.

— Але вы ж, пэўна, усьведамлялі, што пасьля гэтага працэсу вас могуць уключыць у гэты сьпіс неўязных?

— Ну і што? Што ад гэтага мяняецца ў маім жыцьці? Выяжджаю я ці не выяжджаю...

— Але ж гэта яшчэ і такі іміджавы знак.

— Чаму іміджавы? Магчыма, для людзей, якім заходнія палітыкі плацяць грошы, гэта іміджавы знак. Але, калі ты атрымліваеш грошы ў Рэспубліцы Беларусь, то для цябе гэта ўсё роўна. Я люблю сваю краіну і ніколі ня буду прадавацца за эўра, за даляры ці за прыгожую ідэю.

Проста, напэўна, тым жа палітыкам трэба разабрацца ў тым, што яны там рабілі. І за якія грошы. Калі вы былі на працэсе Парфянкова, то памятаеце, як ён казаў, што атрымліваў па даляру ці па два даляры за кожны голас, які сабраў у падтрымку Някляева. Мяркую, калі ты падтрымліваеш гэтага чалавека, лічыш, што ён павінен быць прэзыдэнтам, то, напэўна, ты ня будзеш атрымліваць па адным ці па два даляры. І таму казаць сёньня, што такія ўжо крыштальна чыстыя нашы апазыцыйныя палітыкі, а судзьдзі ўсе такія дрэнныя, і неяк на гэта рэагаваць мне, калі я была судзьдзёй ці цяпер, — гэта несур’ёзна. Большасьцю судзьдзі працуюць, людзі стараюцца.

Сказаць, што я нешта ня так зрабіла і вырашыла б нешта інакш, — я гэтак сказаць не магу
— Калі вярнуцца да Парфянкова, вось вы ў судзе ўбачылі, які ён чалавек. Прысуд яму быў зьвязаны зь ягонай асобай?

— У нас ёсьць Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, у якім прадугледжаная санкцыя, якое трэба пакараньне за тое ці іншае дзеяньне. І суд пры вынясеньні любога прысуду ўлічвае як санкцыю артыкула, якая там напісаная, гэтак і асобу вінаватага і ўсё астатняе.

— Такім чынам вы цяпер не сумняваецеся ў дакладнасьці прысуду Парфянкову?

— Вядома, не сумняваюся. Сказаць, што я нешта ня так зрабіла і вырашыла б нешта інакш, — я гэтак сказаць не магу.

— А чаму вы ўсё ж такі вырашылі пайсьці з судзьдзяў?

— У мяне заканчваліся 5 гадоў кантракту, і трэба было вызначацца: заставацца ці сыходзіць. Вырашыла пайсьці. Акрамя грамадзкага жыцьця, ёсьць яшчэ і асабістае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG