Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спорт: грошы ёсьць, а вынікаў усё менш


Руслан Бацянкоў
Руслан Бацянкоў
Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб аказаньні падтрымкі арганізацыям фізычнай культуры і спорту». Паводле гэтага дакумэнту спартовыя клюбы да канца 2015 году павінны выйсьці на самаакупнасьць. Якія падзеі ў беларускім спорце падштурхнулі да прыняцьця такога рашэньня? Ці можна прагназаваць, што гэты ўказ будзе выкананы? На гэтыя пытаньні адказвае спартовы аглядальнік кампаніі БелаПАН Руслан Бацянкоў.

Цыганкоў: «Што падштурхнула кіраўніцтва краіны да прыняцьця такога ўказу? Якая сытуацыя ў беларускім спорце прымусіла прыняць такі ўказ?»

Бацянкоў: «Думаю, што спартовае (і палітычнае) кіраўніцтва краіны нарэшце зразумела, што беларускі спорт ідзе не туды. Бо грошы ёсьць, а вынікаў усё менш. Вельмі шкада, што такі ўказ ня быў прыняты раней — 5, 7, 10 гадоў таму. Нарэшце гэтая піраміда пераварочваецца і будуць пачынаць з галавы, а ня з ног.

Зараз будзем спадзявацца, што грошы пойдуць туды, куды павінны ісьці — на падрыхтоўку спартоўцаў. А прэміяльныя за перамогі прыйдуць. Пытаньне толькі ў тым, хто будзе разьмяркоўваць гэтыя грошы, наколькі стратэгічна гатовае думаць кіраўніцтва гэтай галіны».

Цыганкоў: «У тым самым хакеі назіралася такая тэндэнцыя — ад пачатку „нулявых“ гадоў у спорт пайшлі вялікія грошы, але зь цягам часу вынікаў стала ўсё менш, асабліва на ўзроўні нацыянальнай і моладзевай зборнай».

Бацянкоў: «Справа ў тым, што нашага чалавека вельмі хутка разбэшчваюць вялікія грошы. Ён перастае працаваць і думае, што такія грошы будуць вечна, самі па сабе. А потым грошы заканчваюцца, а ён ужо ня можа працаваць. Сытуацыя ў хакеі якраз адлюстроўвае такі мэнталітэт і падыходы да працы. Я думаю, што менавіта кепская сытуацыя ў хакеі якраз і падштурхнула да прыняцьця гэтага ўказу, бо напярэдадні чэмпіянату сьвету ў нашым хакеі робіцца немаведама што».

Цыганкоў: «Ці рэалістычна выйсьці да 2015 году на 50 працэнтаў самаакупнасьці, як пазначана ва ўказе?»

Бацянкоў: «У нас ужо былі ўказы, паводле якіх клюбы мусілі адлічваць 10 і 20 працэнтаў сваіх грошай на разьвіцьцё дзіцячага і масавага спорту. І шмат у чым палажэньні тых дакумэнтаў не выконваліся. Таму я ня ўпэўнены, ці і гэты ўказ будзе выкананы на 100 працэнтаў. Бо 2015 год — гэта зусім блізка, а кіраўнікі клюбаў прызвычаіліся да пэўных грошай — і ці змогуць яны працаваць у новых умовах?

Ім даюцца магчымасьці, але ці здольныя яны іх рэалізаваць? Таму — альбо гэтыя тэрміны будуць перанесеныя ад 2015 году, альбо давядзецца наймаць іншых людзей. Аднак ня ўпэўнены, што кіраўнікі клюбаў захочуць пакідаць свае пасады».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG