Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму скарачаецца экспарт?


У студзені экспарт тавараў зь Беларусі зьменшыўся на 15% у параўнаньні з студзенем мінулага году. У чым прычыны дэфіцыту замежнагандлёвага балянсу? Якія гэта можа мець наступствы для эканомікі? Якія пэрспэктывы павелічэньня беларускага экспарту?

Удзельнікі: экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Зьміцер Крук і экспэрт Лібэральнага клюбу Антон Болтачка.

У чым прычыны дэфіцыту замежнагандлёвага балянсу?


Валер Карбалевіч: «Паводле дадзеных Белстату, у студзені экспарт тавараў зь Беларусі зьменшыўся на 15% у параўнаньні з студзенем мінулага году. На 34% скараціўся экспарт у краіны ЭЗ.

Увогуле, здаецца, сытуацыя вяртаецца да звыклай схемы, калі імпарт перавышае экспарт. Мінулым годам гэтае правіла было парушана з-за гандлю растваральнікамі. Цяпер, мусіць усё вяртаецца да ранейшага стану. Дык што адбываецца ў замежным гандлі?»

Зьміцер Крук: «У замежным гандлі мы назіраем тэндэнцыі, якія пачаліся з другой паловы 2012 году. Гэта скарачэньне экспарту, рост імпарту на тле падвышэньня заробкаў».

Антон Болтачка: «Сапраўды, мы назіраем дэфіцыт замежнага гандлю. Але 150 млн даляраў за студзень — гэта ня вельмі вялікая лічба. Тут уплывае і сэзонны чыньнік. Сапраўды, на 34% скараціўся экспарт у краіны ЭЗ. Але адначасова вырас экспарт у Расею — на 10%».

Якія пэрспэктывы павелічэньня беларускага экспарту?


Карбалевіч: «Падчас нарады ў мінулую пятніцу Лукашэнка рэзка крытыкаваў урад за няздольнасьць пашыраць экспарт, выйсьці на новыя рынкі. Ён сказаў: „Я ўжо стаміўся гаварыць пра неабходнасьць пашырэньня рынкаў збыту беларускай прадукцыі. Вашы дзеяньні ў гэтым кірунку падобныя да імітацыі бурнай працы… Здаецца, пра ўсё дамовіліся з Кубай, Вэнэсуэлай, Эквадорам, Балівіяй і іншымі дзяржавамі. А ў сухім астатку — адны пераносы тэрмінаў выкананьня маіх даручэньняў… Далі справаздачу аб пастаўках на 15 новых рынкаў, але што толку — 0,1% агульнага экспарту. Вось ужо выйшлі на 15 рынкаў! Аднак спынілі пастаўкі ў 11 краін“. Дык чаму беларускай прадукцыі не ўдаецца выйсьці на новыя рынкі?»

Крук: «Тут існуе некалькі чыньнікаў. Па-першае, практыка паказвае, што прыватныя кампаніі больш эфэктыўныя ў прасоўваньні экспарту на новыя рынкі. У нас жа гэтым займаецца дзяржаўны апарат, а яго эфэктыўнасьць у гэтай справе выклікае вялікія сумненьні. Дзесьці два гады таму ўрад прыняў праграму разьвіцьця экспарту. Заданьні наконт росту экспарту даводзіліся да ўсіх установаў, раённых і абласных выканкамаў. Але большасьць гэтых заданьняў не былі выкананыя.

Па-другое, эканамічная каньюнктура на замежных рынках неспрыяльная. Па-трэцяе, з жніўня 2011 году (даты, калі рэальны эфэктыўны курс беларускага рубля апусьціўся да свайго гістарычнага мінімуму за апошнія 5–7 гадоў) па сёньняшні дзень абменны курс рубля ўзмацніўся на 15–17%. І, значыць, на такую велічыню зьменшылася канкурэнтаздольнасьць нашых экспартэраў».
Галоўная праблема — гэта ня новыя рынкі. Асноўнае адмоўнае сальда мы атрымліваем у гандлі з Расеяй

Болтачка: «Па-першае, пашыраць рынкі збыту — не задача ўраду. Гэта задача кіраўнікоў кампаній. Але галоўная праблема — гэта ня новыя рынкі. Асноўнае адмоўнае сальда мы атрымліваем у гандлі з Расеяй. Мы падселі на расейскую нафтавую іголку».

Карбалевіч: «Але з нафты Беларусь атрымлівае нафтапрадукты, якія прадаюцца на зьнешніх рынках па вышэйшых цэнах, чым тыя цэны, па якіх краіна імпартуе расейскую нафту. Таму з нафтавага бізнэсу Беларусь у замежным гандлі атрымлівае плюс».

Болтачка: «У першай палове 1990-х гадоў, калі не было гэтага нафтавага бізнэсу, замежнагандлёвае сальда Беларусі было станоўчым»

Як павелічэньне гандлёвага дэфіцыту паўплывае на эканоміку?


Карбалевіч: «Якія наступствы для эканомікі можа мець павелічэньне дэфіцыту замежнагандлёвага балянсу? Як гэта паўплывае на абменны курс беларускага рубля, іншыя эканамічныя сфэры?»

Крук: «На нарадзе ў пятніцу Лукашэнка не адзін раз патрабаваў ад ураду і Нацбанку забясьпечыць цэнавую стабільнасьць у краіне. І стабільнасьць абменнага курсу ў гэтым пляне вельмі важная. Бо ў краіне яшчэ вялікія інфляцыйныя і дэвальвацыйныя чаканьні. І вось намаганьні з дапамогай працэнтных ставак забясьпечыць стабільнасьць абменнага курсу нэгатыўна ўплываюць на сальда замежнага гандлю. А каб гэты дэфіцыт не стварыў пагрозу для макраэканамічнай стабільнасьці, трэба шукаць вонкавае фінансаваньне, замежныя крэдыты. А тут адначасова трэба плаціць, аддаваць даўгі, узятыя мінулымі гадамі. Але менавіта такі варыянт будзе асноўным.
Намаганьні з дапамогай працэнтных ставак забясьпечыць стабільнасьць абменнага курсу нэгатыўна ўплываюць на сальда замежнага гандлю

Калі ж прыярытэтам для ўраду стане задача дасягнуць станоўчага сальда замежнагандлёвага балянсу, то тут трэба будзе альбо дэвальваваць рубель, альбо штурхаць экспарт адміністратыўнымі мэтадамі. Але ў мяне ёсьць сумненьне, што ўдасца дасягнуць тых лічбаў замежнагандлёвага балянсу, якія запісаныя ў афіцыйным прагнозе ўраду гэтым годам пры заплянаваным абменным курсе».

Болтачка: «Калі дэфіцыт замежнага гандлю будзе нарастаць, то, думаю, урад паспрабуе запусьціць нейкія схемы, падобныя да леташняга бізнэсу з растваральнікамі.

Золатавалютныя рэзэрвы складаюць больш за 8 млрд даляраў. Калі імі затыкаць дзірку ў выглядзе дэфіцыту замежнага гандлю, то гэтых рэзэрваў хопіць на паўгода. Думаю, беларускае кіраўніцтва будзе прасіць новыя крэдыты ў Пуціна».

Чаму ўлады баяцца дэвальвацыі?


Карбалевіч: «Можа, найлепшым выйсьцем з гэтай сытуацыі было б ня браць новыя пазыкі, а дэвальваваць рубель. Чаму ўлады баяцца ісьці такім шляхам?»

Крук: «Так, гэты сцэнар быў бы больш прымальны. Але на гэтым шляху ёсьць пэўныя праблемы. Па-першае, у краіне існуюць вялікія інфляцыйныя чаканьні. У зьвязку з гэтым дэвальвацыя можа стаць пагрозай для грашовага, крэдытнага, дэпазытнага рынкаў. Значныя штуршкі на валютным рынку могуць раскруціць махавік інфляцыі.

Па-другое, наш замежны гандаль не такі элястычны. То бок для таго, каб дасягнуць добрых вынікаў у замежным гандлі, можа спатрэбіцца даволі вялікая дэвальвацыя».

Болтачка: «Калі дэвальваваць рубель, то гэта неабходна рабіць гэтым годам. Бо калі адкладаць дэвальвацыю на наступны год, то перад прэзыдэнцкімі выбарамі гэта для Лукашэнкі палітычна небясьпечна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG