Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасярэднiк, беспасярэднi, беспасярэдне


Юрась Бушлякоў, Менск

Пасрэднiк цi пасярэднiк, непасрэдны цi беспасярэднi – якiя з названых формаў для нашае мовы заканамерныя? Гаворым па-беларуску: серада, сярэдзiна, сярэднi, пасярод, пасярэдзiне – у кожным слове тут поўнагалосьсе (спалучэньнi -ера-, -ярэ-, -яро- памiж двума зычнымi). Чаму ж тады пасрэднiк, ён жа пасярод, пасярэдзiне некага? Прычына на паверхнi – форма пасрэднiк перанесеная з расiйскае лiтаратурнае мовы, дзе, як ведама, няпоўнагалосныя, успадкаваныя з царкоўнаславяншчыны формы – рэгулярная зьява. Ідучы за сыстэмаю нашае мовы, мы адназначна прыходзiм да поўнагалоснага, з гукам [а] у коранi, варыянту пасярэднiк i вытворных прыметнiка пасярэднiцкi й назоўнiка пасярэднiцтва. У такiм разе як назавем па-беларуску, напрыклад, размову без пасярэднiкаў, бязь нейчага пасярэднiцтва? Моўная сыстэма выводзiць нас на прыметнiкавую форму беспасярэднi – зь мяккай асноваю, бо вытокi гэтага слова ў прыметнiку сярэднi (сярэднi ® пасярэднi ® беспасярэднi). Адкуль жа непасрэдны? Хiба можна вывесьцi непасрэдны ад сярэднi? Нельга, проста немагчыма. Форма непасрэдны – ня што iншае, як прадукт перайначаньня, кабiнэтнага падпраўленьня расiйскага прыметнiка непосредственный. У савецкую пару “падпраўкi” непасрэдны й непасрэдна моцна, як ведаем, укаранiлiся ў нашай мове – у вынiку заканамерныя беларускiя словы – прыметнiк беспасярэднi й прыслоўе беспасярэдне – пакуль што значна радзейшыя ў маўленьнi. Але iх варта, думаю, пашыраць, што, уласна, i робяць паасобныя сучасныя беларускiя аўтары. Вось толькi адна iлюстрацыя. “…Вiтаўт быў сярод свайго войска й беспасярэдне кiраваў iм у сечы”, – гэтак пiшуць у бэстсэлеры “Дзесяць вякоў беларускай гiсторыi” Уладзiмер Арлоў i Генадзь Сагановiч.

Пры канцы паўторым сыстэмныя поўнагалосныя формы назоўнiкаў, прыметнiкаў i прыслоўя. Гаворым па-беларуску: пасярэднiк, пасярэднiца, пасярэднiцкiя функцыi, зрабiць нешта пры нейчым пасярэднiцтве, мець беспасярэднi кантакт, беспасярэдне ўдзельнiчаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG