Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу беларуса Ерамеева, якога ў Расеі абвінавацілі ў дывэрсіі на БАМе, будзе разглядаць вайсковы суд у Чыце


Сяргей Ерамееў знаходзіцца пад вартай з сьнежня 2023 году. Архіўнае фота
Сяргей Ерамееў знаходзіцца пад вартай з сьнежня 2023 году. Архіўнае фота

Генэральная пракуратура Расеі зацьвердзіла абвінаваўчы акт датычна грамадзяніна Беларусі Сяргея Ерамеева і перадала ягоную справу на разгляд у 2-і Ўсходні акруговы вайсковы суд, які знаходзіцца ў Чыце (Забайкальскі край).

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, Сяргея Ерамеева абвінавацілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу Расеі: ч. 2 артыкул 205.4 (арганізацыя тэрарыстычнай суполкі і ўдзел у ёй), пп. «а, в» ч. 2 артыкулу 205 (тэракт), артыкул 205.3 (праходжаньне навучаньня для ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці), ч. 3 артыкулу 226.1 (кантрабанда выбуховых прылад) і ч. 4 артыкулу 222.1 (незаконнае набыцьцё, перадача, збыт, захоўваньне, перавозка, перасылка або нашэньні выбуховых прылад).

Паводле гэтых артыкулаў, Сяргею Ерамееву пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 20 гадоў з штрафам або пажыцьцёвае зьняволеньне.

Згодна з вэрсіяй сьледзтва, грамадзянін Беларусі «за грашовае ўзнагароджаньне ўвайшоў у склады тэрарыстычнай суполкі, створанай для выбухаў на аб’ектах транспартнай інфраструктуры Ўсходне-Сыбірскай чыгункі з мэтай узьдзеяньня на ўхваленьне ўладамі Расейскай Фэдэрацыі рашэньня аб спыненьні спэцыяльнай ваеннай апэрацыі».

Выконваючы ўказаньні «арганізатараў злачынства» Сяргей Ерамееў нібыта «атрымаў самаробныя выбуховыя прылады», «усталяваў пульты перад уездам у Паўночна-Муйскі тунэль, выбухоўку заклаў на вагонах-цыстэрнах з дызэльным палівам двух грузавых цягнікоў на бліжэйшых станцыях».

29 лістапада 2023 году ў Паўночна-Муйскім тунэле і 30 лістапада 2023 году на перагоне Перавал — Гарачы Ключ Усходне-Сыбірскай чыгункі адбыліся падрывы выбуховых прыладаў, што прывяло да разбурэньня вагонаў, узгараньня і разьліву паліва, пашкоджаньню чыгуначнай інфраструктуры, у тым ліку элемэнтаў тунэлю. Памер урону ўласьнікам маёмасьці перавысіла 102 мільёны расейскіх рублёў (больш за 1,5 мільёна даляраў у эквіваленце. — РС).

Аб затрыманьні Ерамеева стала вядома 7 сьнежня 2023 году. У распаўсюджаным расейскімі прапагандысцкімі СМІ відэазапісе беларус сказаў, што яго папрасіў перадаць пасылку ў Расею іншы грамадзянін Беларусі, які жыве ў Літве. Ягонае імя не называлі. У ФСБ Расеі заявілі, што беларус нібыта «дзейнічаў у інтарэсах украінскіх спэцслужбаў».

Выбух цягніка ў Паўночна-Муйскім тунэлі Байкала-Амурскай магістралі адбыўся 29 лістапада на перагоне паміж станцыямі Ітыкіт і Акусікан на поўначы Бураціі. Пасьля гэтага рух цягнікоў па Байкала-Амурскай магістралі арганізавалі ў абыход Паўночна-Муйскага тунэля праз «Чортаў мост».

Ва Ўкраіне тады паведамлялі, што падрыў на чыгунцы ў тунэлі быў спэцыяльнай апэрацыяй Службы бясьпекі Ўкраіны.

  • 52-гадовы Сяргей Ерамееў — былы работнік наваполацкага прадпрыемства «Нафтан», зьяўляўся прыбарыстам кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі.
  • У лістападзе 2020 году ён напісаў заяву аб далучэньні да агульнанацыянальнага страйку пасьля жорсткага разгону акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбраў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG