Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзякуй – дзеяслоў, часьцiнка, назоўнiк


Юрась Бушлякоў, Менск

Пiсьменьнiк Эрнэст Ялугiн адгукнуўся лiстом на адзiн зь верасьнёвых выпускаў “Жывой мовы”, прысьвечаны слову дзякуй, найперш адказу на пытаньне, якога ўсё-такi роду слова дзякуй, калi яно ўжываецца ў значэньнi назоўнiка – нiякага цi мужчынскага. Лiст ад сп. Ялугiна даў нагоду вярнуцца да размовы пра дзякуй. Наш слухач прызнаецца, што “зачапiўся” слыхам” за прапанаванае ў перадачы тлумачэньне сэнсу слова дзякуй. Працытую невялiкi фрагмэнт зь лiста сп. Ялугiна:

“Вядучы адназначна сцвярджаў: гэта назоўнiк, паходжаннем (чамусьцi) са старажытнай верхненямецкай мовы. Роду мужчынскага, а не нiякага, як некаторыя думаюць, бо ў iх гэта ад пераймання (калькавання) расейскага спасибо. І не заўважае шаноўны вядучы, што сам жа, нiбыта адвяргаючы, гэтую расейскую мадэль i прызнае. Расейскае спасибо прыжылося ў савецкi час, калi зганiлi (а потым i забылi) сапраўднае значэнне выразу “спаси Бог”. У савецкi ж час распаўсюдзiўся i беларускi аналаг – загадная форма дзеяслова дзякуй.

Дазволю сабе пракамэнтаваць гэтыя меркаваньнi. Вядома ж, слова дзякуй – ад вельмi даўняга ў нашай мове дзеяслова дзякаваць. Гэты дзеяслоў сапраўды мае нямецкiя вытокi (dank ‘падзяка, удзячнасьць’, danken ‘дзякаваць’, danke ‘дзякую’). Ад dank i тое добрае беларускае слова дзяка, якое прыпамiнае ў лiсьце наш слухач. Гавораць па-беларуску: адна дзяка, што за рыбу, што за рака. Факты жывой беларускай мовы, скажам, ХІХ ст. не дазваляюць пагадзiцца зь цьверджаньнем, што форма дзякуй распаўсюдзiлася толькi ў савецкi час. Вiдавочна, што значна раней. Як, зрэшты, i расiйскае слова спасибо – у такой форме яно вядомае прынамсi з канца ХVІ ст. Савецкiя iдэолягi цi савецкiя моватворцы тут нi пры чым. У Івана Насовiча ў слоўнiку 1870 году чытаем: Дзякуй вам за хлеб-соль”. І ў беларускай мастацкай лiтаратуры ХІХ ст. знаходзiм форму дзякуй. Дзякуй, дзякуй, ягамосьцi, за весьцi такiя”, – гэты сказ я выпiсаў у Францiшка Багушэвiча. Сьпярша форма дзякуй ужывалася ў ролi часьцiнкi (дзякуй вам за ўсё, дзякуй на добрым слове), а пасьля дзякуй стаў яшчэ й назоўнiкам. У той перадачы, якую пачуў наш слухач, я наўмысьля завайстрыў увагу на слове дзякуй у значэньнi назоўнiка – вельмi важна нам раз i назаўсёды вызначыцца з родам назоўнiка дзякуй. Чытаю гэтым тыднем “Звязду” й бачу спалучэньне шчырае дзякуй. Чаму шчырае, а ня шчыры? Цi ёсьць у нашай мове назоўнiкi нiякага роду, якiя закончваюцца на [й] (ёт)? Глядзеце: гай, рай, край, ручай, бой, набой, сырадой i гэтак-гэтак далей – усе чыста словы з канцавым ётам мужчынскага роду. У беларускай мове дзякуй, пачынаючы ўжывацца ў ролi назоўнiка, афармляўся, як правiла, на ўзор шматлiкiх уласнабеларускiх словаў зь ётам на канцы – значыць, як слова мужчынскага роду. Калi мы, вызначаючы род, зыходзiм з фактаў традыцыйнага маўленьня, тады ня можам не прызнаць, што дзякуй у беларускай мове – мужчынскага роду.

Такiм чынам, ёсьць у нас дзеяслоў дзякаваць i ёсьць таксама вытворнае ад дзякаваць слова – часьцiнка й назоўнiк дзякуй. Можам сказаць: шчыра дзякую, сардэчна дзякую, а можам iначай, ужываючы назоўнiк: шчыры, сардэчны дзякуй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG