Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два й дзьве – двух i дзьвюх


Юрась Бушлякоў, Менск

Як скажам па-беларуску: двухтысячны, двутысячны цi, можа, дзьвюхтысячны? Навучэнец гуманiтарнага лiцэю Глеб Лабадзенка даслаў нам лiста, у якiм просiць напомнiць пра беларускае скланеньне лiчэбнiкаў два й дзьве, а таксама пытаецца, цi захоўваецца родавая форма дзьвюх у тым выпадку, калi лiчэбнiк выступае як частка складанага слова.

Пачну з напамiну. Скланяючыся, лiчэбнiкi два, дзьве, а таксама абодва, абедзьве маюць родавыя формы: пры назоўнiках мужчынскага й нiякага родаў аснова лiчэбнiкаў цьвёрдая, пры назоўнiках жаночага роду – мяккая. Ёсьць, напрыклад, два дамы й дзьве дзялянкi пры iх. Зьмяняем лiчэбнiкi з увагаю на родавае адрозьненьне: двух дамоў i дзьвюх дзялянак, двум дамом i дзьвюм дзялянкам, двума дамамi й дзьвюма дзялянкамi, пры двух дамох i дзьвюх дзялянках. Для паўднёва-заходняга дыялекту, для цэнтральнае й паўднёвае частак сярэднебеларускiх гаворак, а таксама для палескае групы гаворак характэрныя крыху iншыя родавыя формы – з гукам [о] (не пад нацiскам [а]) у аснове: напрыклад, двох i дзьвёх, двом i дзьвём. Такiя формы маюць гiсторыю ўжываньня i ў лiтаратурнай мове, як старога часу, так i ХІХ – ХХ стст. Сёньня, аднак, у лiтаратурным маўленьнi адназначна пераважаюць формы з гукам [у] у аснове: двух i дзьвюх, двум i дзьвюм i г. д. Галоўнае для нас – не забывацца на родавае адрозьненьне пры скланеньнi разьбiраных тут лiчэбнiкаў. Заўсёды памятайма: формы дзьвюх, дзьвюм, дзьвюма могуць стаяць толькi пры назоўнiках жаночага роду: дзьвюх сёстраў (сясьцёр), але двух (нi ў якiм разе ня дзьвюх!) братоў.

А зараз – пра тыя складаныя словы, у якiх першая частка – лiчэбнiкавая форма. Двухгаловы, дзьвюхгаловы або, нарэшце, двугаловы? Факты дыялектнае мовы сьведчаць, што часта ў складаных словах першая частка мае форму дву-. Што гэта за форма? Дву – даўняя, архаiчная iменная форма роднага склону ад лiчэбнiка дъва (дъве). Дайшла яна да нас якраз у складаных словах: двугаловы, двудушны, двуногi, двурукi i iнш. Да прыкладу, у Насовiчавым слоўнiку беларускае мовы (1870), у перакладных слоўнiках Сьцяпана Некрашэвiча й Мiколы Байкова (1920-ыя гг.) зафiксаваная менавiта форма двугаловы. Але сучасныя нарматыўныя слоўнiкi фiксуюць двухгаловы. Двухгаловы – вiдавочна, пазьнейшы, савецкага часу, варыянт, прычым аформлены ён без улiку родавых адрозьненьняў: па-беларуску ж дзьвюх (ня двух!) галоваў. І вось у 1990-ыя гг. прыкметнаю стала тэндэнцыя афармляць складаныя словы, зважаючы на родавую форму лiчэбнiка: усё часьцей ужываюцца формы накшталт дзьвюхгаловы, дзьвюхзьменны, дзьвюхмоўны, дзьвюхтысячны. Аб'ектыўна ацэньваючы сёньняшнюю маўленчую практыку, трэба пакуль гаварыць пра варыянты складаных словаў, у якiх першай часткаю выступае форма лiчэбнiкаў два й дзьве (скажам, з нарматыўнай у паваенную савецкую пару формаю двухтысячны рэальна канкуруе сыстэмна апраўданы варыянт дзьвюхтысячны, радзей у лiтаратурным маўленьнi ўжываецца даўняя форма двутысячны).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG