Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падобны цi такi?


Юрась Бушлякоў, Менск

Здараецца, што, гаворачы або пiшучы па-беларуску, не на сваiм месцы, няясна ўжываюць слова падобны. Як, да прыкладу, разумець такi сказ: “На падобныя кнiгi быў вялiкi попыт”? Што гэта за падобныя кнiгi, да чаго яны падобныя? Прыметнiк падобныя зацямняе сэнс прыведзенага сказу: думка трацiць адназначнасьць. Калi мы нiчога не параўноўваем, а проста адзначаем прадметы або зьявы аднаго тыпу, дарэчы будзе займеньнiк такi. Для яснасьцi скажам: “На такiя кнiгi быў вялiкi попыт”. Слова падобны патрэбнае пры параўнаньнi, у тым разе, калi гаворым пра падабенства, напрыклад, нечага зь нечым. “На кнiгi, падобныя да названай, быў вялiкi попыт”, – тут ужо слова падобны выглядае цалкам натуральна, яно на месцы.

У слова падобны свае асноўныя функцыi ў мове, тое самае можам сказаць i пра займеньнiк такi. Возьмем для iлюстрацыi два словазлучэньнi: падобныя памылкi й такiя памылкi. Хiба можна лiчыць, што гэтыя словазлучэньнi абсалютна аднолькавыя паводле значэньня? Вядома, няможна. Падобныя памылкi характарызуюцца падабенствам да нейкiх iншых памылак, але ж гэта ня тыя самыя памылкi. Па-беларуску можна сказаць: такой самай памылкi мы ўжо не зрабiлi, аднак падобныя памылкi, на жаль, у нас яшчэ здаралiся.

Вось жа, для адназначнасьцi той цi iншай думкi ня варта ўжываць слова падобны замест такi. Гаворым: нiколi не сустракаў такiх людзей, такiх прыкладаў назьбiраецца шмат, на такiя кнiгi вялiкi попыт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG