Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[в’а]сна, [н’а] быў, [б’а]з шуму, [л’эа]туценьне, во[с’эа]нь


Юрась Бушлякоў, Менск

Мiнулага панядзелка мы пачалi тэму вымаўленьня галосных гукаў не пад нацiскам. Сёньня пагаворым крыху пра два ненацiскныя галосныя ў пазыцыi пасьля мяккiх зычных, – гук [а] i гук [эа] ([э] з адценьнем [а]). Пры лiтаратурным вымаўленьнi ў першым складзе перад нацiскам пасьля мяккага зычнага маем выразны, добра праяўлены гук [а]: [в’а]сна, [в’а]сельле, [в’а]лiкi, [н’а]ма, [дз’а]вяты. Такi самы выразны гук [а] абавязковы i ў часьцiнцы не, i ў прыназоўнiку без, калi яны стаяць у першым складзе перад нацiскам: [н’а] быў, [н’а] бачыў, [н’а] трэба, [б’а]з зброi, [б’а]з нашых, [б’а]з шуму. Зьвяртаю ўвагу на гэтыя прапiсныя iсьцiны, каб яшчэ раз перасьцерагчы ад ненарматыўнага вымаўленьня. На месцы [а] нельга дапускаць гуку [i]: нi ў якiм разе не [в’i]сна, [н’i] быў – толькi [в’а]сна й [н’а] быў. Дарэчы, у беларускай мове ёсьць пары словаў, якiя адрозьнiваюцца якраз галоснымi [i] ды [а] у першым пераднацiскным складзе: напрыклад, лiчыць i лячыць, палiваць i паляваць, вiшчаць i вяшчаць.
У другiм i iншых пераднацiскных складох, а таксама ў складох пасьля нацiску лiтара е перадае гук [э], у большай або меншай ступенi наблiжаны да [а]: [в’эа]снавы, [л’эа]туценьне, во[с’эа]нь, у ле[c’эа], чыта[йэа]ем, напера[дз’’эа]. І-падобны гук на месцы [эа] у гэтых пазыцыях таксама недапушчальны: вымаўленьне накшталт [в’i]снавы, во[с’i]нь нелiтаратурнае.
Кожнаму трэба прыслухацца да таго, як ён гаворыць. Прыслухоўваючыся, зьвярайцеся з нормамi лiтаратурнага вымаўленьня. Гаворым па-беларуску: [с’а]стра, [йа]лiна, [дз’а]сятка, [н’а]пэўны, [н’а] хоча, [б’а]скрыўдны, [б’а]з крыўды, [з’эал’эа]наваты, гуля[йэа]м, працу[йэа]ш, папраў[дз’эа].
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG