Апавядаючы пра тое, што знойдзена ў вынiку пошукаў або пра тое, што сталася вядомым, хоць доўга ўтойвалася, скарыстаем дзеяслоў адкрыць: адкрыць радовiшча, адкрыць Амэрыку, адкрыць таямнiцу. Адкрываем таксама сход, паседжаньне – абвяшчаем пра яго пачатак. У гэтым выпадку дарэчы й словы пачаць i распачаць: зьезд, такiм чынам, можам ня толькi адкрыць, але й распачаць. Калi размова iдзе пра арганiзаваньне, стварэньне якой структуры або, наадварот, пра спыненьне яе дзейнасьцi, часьцей ужываюцца дзеясловы адкрыць i закрыць: адкрыць студыю, закрыць фабрыку. Тут, праўда, магчымая й пара адчынiць – зачынiць. Усё болей сёньня такога пераноснага ўжываньня: гавораць, што адчынiлi фiрму або школу, зачынiлi партыю або газэту. Далёка не заўсёды абыходзiмся адкрыцьцём – закрыцьцём i адчыненьнем – зачыненьнем. Кнiжку, сшытак можна разгарнуць i загарнуць, парасон – таксама разгарнуць, а пасьля ўжо згарнуць або скласьцi. Вочы можам заплюшчыць, а затым расплюшчыць. Твар стараемся затулiць ад ветру, але адтуляем яго на сонца. Рот не адно раскрываем, таксама й разяўляем – апошнi дзеяслоў, праўда, гутарковага характару.
Памятаем пра адценьнi кожнага слова. Скажам па-беларуску: адчынiць фортку, адкрыць карысныя выкапнi, школу адкрыць або адчынiць, дыскусiю распачаць, кнiжку разгарнуць, расплюшчыць вочы.