Пачынаючы з 1922 году ў Нямеччыне адзначаецца Дзень народнай жалобы. У гэты дзень прадстаўнікі ўраду, грамадзкасьць, а таксама нямецкія дыпляматы, што працуюць за мяжой ушаноўваюць памяць ахвяраў войнаў і таталітарызму.
Больш за 20 чалавек прадстаўнікоў амбасады ФРН, а таксама паспалітых немцаў, што працуюць у Менску, прыйшлі сёньня ўскласьці вянкі ў Курапатах, да помніка на плошчы Перамогі, да мэмарыялу ахвярам менскага гета "Яма", а таксама на могілках у вёсцы Тарасава, дзе пахаваныя нямецкія вайскоўцы, што загінулі ў Беларусі падча Першай і Другой ўсясьветных войнаў.
Кіраўнік дэлегацыі, часовы павераны Нямеччыны ў Беларусі Ян Канторчык сказаў у інтэрвію беларускай Свабодзе:
(Канторчык: ) "Мушу сказаць, што ўсе гэтыя 4 месцы маюць для нас – немцаў асаблівае значэньне. Мы спэцыяльна абралі гэтыя сымбалічныя месцы й наведваем іх ужо некалькі гадоў. Што тычыцца Курапатаў, гэта месца, дзе былі расстраляныя мірныя людзі, і гэта нагадвае нам нашую ўласную гісторыю. Калі вы памятаеце, што было зроблена ў часы Трэцяга рэйху, а таксама ў часы ГДР, дзе таксама рэпрэсаваліся мірныя людзі. І ў гэтым мы бачым паралель. Таму мы ў Курапатах ускладаем вянок, каб ушанаваць тых людзей, якія былі рэпрэсаваныя".
Каля галоўнага курапацкага крыжа Пакутнікаў лёг вянок з надпісам "Ад амбасады Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччына" ў Беларусі.
За гэтай цырымоніяй назіраў сакратар управы Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Юхо, які даўно апякуецца мэмарыялам. Ён падарыў часоваму паверанаму Нямеччыны кнігу "Курапаты".
Наведваючы вайсковыя нямецкія могілкі ў Тарасаве, часовы павераны Нямеччыны Ян Канторчык выказаў спадзяваньне, што беларускія ўлады ўрэшце зразумеюць, што такія пахаваньні ня ёсьць помнікамі фашыстоўскім акупантам, а толькі магіламі людзей, што загінулі на вайне. Ды ўрэшце ратыфікуюць двухбаковае пагадненьне аб даглядзе за вайсковымі магіламі.