Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАРЦІН СЬМЯЛОЎСКІ: “ПАМЯЦЬ ПРА КУРАПАТЫ — СКЛАДНІК НАЦЫЯНАЛЬНАЙ СЬВЯДОМАСЬЦІ ПАЛЯКАЎ”


Ганна Соусь, Менск

Карэспандэнт польскага каналу “POLSAT” Марцін Сьмялоўскі адмыслова прыехаў у Курапаты, і нагодай для гэтага стала ўсталяваная надоечы на адным з крыжоў таблічка памяці расстралянага ва ўрочышчы Багуслава Вэнжыка.

(Сьмялоўскі: ) “У Курапатах зьявіўся першы крыж з іменем і прозьвішчам паляка, які, як ужо вядома, загінуў у Менску ў лютым 1941 году. Гэта Багуслаў Вэнжык. У Польшчы жыве нарачоная пахаванага тут спадара Вэнжыка. І мы рыхтуем да Дзядоў зрабіць рэпартаж пра лёс гэтага чалавека, яе лёс і наогул лёсы палякаў, чые косьці ляжаць у Курапатах”.

Паводле розных падлікаў, у Курапатах расстраляна ад 4 да 7 тысяч палякаў. Марцін Сьмялоўскі гаворыць, што цяжка казаць пра дакладныя лічбы, бо доступу да архіваў КГБ ня маюць ні беларусы, ні палякі. Нарачоная расстралянага ў Курапатах Багуслава Вэнжыка Ёна Янушчык жыве цяпер у польскім горадзе Гдыня. Марцін Сьмялоўскі працягвае:

(Сьмялоўскі: ) “Яна сама ў 1941 годзе была памешчаная НКВД у лягер у Чэрвені. Калі ў 1941 годзе наступалі немцы, НКВД выгнала людзей, калёна была да 60 тысяч чалавек, большасьць зь іх расстралялі, і магілы іх знаходзяцца ў Чэрвені. Ёй удалося ўцячы. Цяпер яна жыве ў Польшчы і напісала ўжо дзьве кнігі пра Курапаты і пра дзейнасьць НКВД на тэрыторыі Беларусі”.

Палякі шмат робяць для ўшанаваньня памяці сваіх суайчыньнікаў, расстраляных у Курапатах. Прадстаўнікі польскай амбасады заўсёды наведваюць урочышча на Дзяды. Папярэдні польскі амбасадар Марыюш Машкевіч асабіста прыяжджаў у Курапаты ўвечары 8 лістапада 2001 году, калі амонаўцы разганялі лягер абаронцаў Курапатаў. Дарэчы, бацька Марыюша Машкевіч, ў той год на Дзяды разам з сотнямі беларусаў прайшоў больш за 10 кілямэтраў жалобным шэсьцем у Курапаты. Марцін Сьмялоўскі ўзгадвае, як урочышча наведвалі й першыя асобы Польшчы:

(Сьмялоўскі: ) “Тут быў польскі прэзыдэнт у 1992 годзе — адрозна ад прэзыдэнта гэтай дзяржавы. Памяць аб загінулых у другой усясьветнай вайне і ў часе савецкага панаваньня на тэрыторыі Беларусі, якая калісьці ўваходзіла ў склад польскай Рэчы Паспалітай, гэтая памяць вызначае сутнасьць польскай нацыі, гэта адзін са складнікаў нашай нацыянальнай сьвядомасьці. Забыцца пра такія рэчы палякі проста ня могуць”.

Што да саміх Курапатаў, то там становяцца ўсё больш відавочныя наступствы шпаркага будаўніцтва Менскай кальцавой дарогі. Адхілы дарогі пасьля дажджоў усё больш асыпаюцца. Учора ва ўрочышчы працавала будаўнічая тэхніка, будаўнікі спрабавалі выправіць гэтыя хібы. І цяпер уся пляцоўка ля крыжа “Пакутнікам Беларусі” ў сьлядах бульдозэраў і грэйдэраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG