Дацэнта Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Ігара Кузьняцова і сустаршыню аб’яднаньня “Беларуская пэрспэктыва” Валянціну Трыгубовіч запрасілі ў Сьветлагорск на мэтадычную раду настаўнікаў гісторыі ўсяго раёну. Рада павінна была адбыцца ў сярэдняй школе №1.
Калі ж менскія навукоўцы ўчора прыехалі сюды, дырэктарка школы Людміла Чырва заявіла, што ніякай сустрэчы ня будзе: маўляў, ёсьць такое ўказаньне.
(Трыгубовіч: ) “Мы ехалі на мэтадычную раду настаўнікаў гісторыі раёну. Амаль месяц ішлі размовы-перамовы, што мы прывязем лекцыю па гісторыі Беларусі, каб паслухалі настаўнікі-гісторыкі. Паколькі мы гэту сустрэчу трактуем як прэзэнтацыю кніжкі — зборніка матэрыялаў “Курапаты”, то размова там павінна весьціся выключна пра рэпрэсіі сталінскіх і ўвогуле савецкіх часоў”, — сказала сустаршыня аб’яднаньня “Беларуская пэрспэктыва” спадарыня Трыгубовіч.
Атрымаўшы адмову, менскія госьці зьвярнуліся па тлумачэньні да намесьніцы старшыні райвыканкаму ў справах інфармаваньня насельніцтва Валянціны Кавалёвай. Апошняя заявіла, што не паінфармаваная пра дамову з гісторыкамі. Кавалёва абяцала разабрацца, а каб неяк згладзіць непрыемны інцыдэнт, паспрыяла вечароваму выступу менскіх гісторыкаў перад студэнтамі філіі недзяржаўнага інстутыту эканомікі й прадпрымальніцтва.
Сёньня ж я зьвязаўся з аддзелам адукацыі, каб высьветліць, хто ўсё-такі забараніў лекцыю пра трагедыю Курапатаў.
Старшая мэтадыстка аддзелу Алена Малафеенка, якая і вяла перамовы зь менчукамі, паведаміла:
(Малафеенка: ) “Не дазволіла загадчыца!”
Варта нагадаць, што загадчыца аддзелу адукацыі Галіна Філіповіч летась увосень разам з выканкамам спрычынілася і да закрыцьця ў Сьветлагорску адзінага беларускамоўнага ліцэю.