Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ АДБЫЛАСЯ ТАЛАКА


Ганна Соусь, Менск

Гаворыць лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Сёньня адбываецца талака на запрашэньне Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, Беларускай партыі свабоды й Маладога Фронту. Сюды прыйшлі й маладыя людзі, і сталыя дзеля таго, каб паспрабаваць аднавіць разбураныя, паламаныя крыжы. Некалькі крыжоў паламана пры дарозе й вельмі шмат на гары ў самым цэнтры народнага мэмарыялу. Паламаныя вельмі жорстка, па-барбарску. Зроблена гэта было напярэдадні Нараджэньня Хрыстова. Хтосьці адмыслова такім чынам зьдзяйсьняў гэтую акцыю. І менавіта таму мы павінны сёньня — гэтаксама на Нараджэньне Хрыстова, праваслаўнае — паспрабаваць аднавіць гэтыя крыжы”.

Нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, асабіста Павал Севярынец зрабіў два крыжы. Як і летась узімку, валанцёры распалілі вогнішча. 7 студзеня ў Курапатах былі Васіль Парфянкоў, Алег Гнедчык, Людміла Паклонская, Уладзімер Сас, Валянцін Баранаў ды іншыя ўдзельнікі доўгатэрміновай вахты памяці. Галоўнай тэмай размовы быў чарговы акт вандалізму ў Курапатах. Гаворыць лідэр Беларускай Партыі Свабоды Сяржук Высоцкі:

(Высоцкі: ) “Тое, што адбылося ў Курапатах, гэта вандалізм, гэта мярзотная баязьлівая помста сатанінскіх сілаў, сілаў цемры за тую перамогу, якую атрымала грамадзтва. Натуральна, што апошнім раздражняльнікам стала прэзэнтацыя кнігі пра Курапаты. Але відавочна, што ўлада адступіла, што нешта троху трэснула ў сыстэме зла, і гэта стала прычынай для падобных дзеяньняў”.

Моцны мароз перашкодзіў наладзіць паўнавартасную талаку, таму вырашана было працягнуць яе, як толькі пацяплее. Гаворыць Вячаслаў Сіўчык:

(Сіўчык: ) “Я думаю, што ў лепшае надвор’е ўсё гэта будзе адноўлена, і проста гэта чарговая праява таго, у якім грамадзтве мы сёньня жывем, у якім рэжыме мы мусім існаваць”.

Плянавалася, што ў дзень Нараджэньня Хрыстова ў Курапатах адбудзецца сьвяточнае набажэнства, якое правядзе сьвятар Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы айцец Леанід Акаловіч. Але, як паведаміў Радыё Свабода сакратар управы КХП БНФ Алесь Чахольскі, набажэнства вырашылі сёньня ня ладзіць з прычыны надта марознага надвор’я.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG