Апошнія восем месяцаў, прыходзячы ў Курапаты, я вельмі часта сустракала Ўладзімера Кішкурну. То ён канапу валанцёрам прывозіць, то цёплую вопратку й спальныя мяхі, то сьвечкі й акамулятар для сьвятла, то сякеры з рыдлёўкамі. Узімку Уладзімер Кішкурна аплачваў у лясьніцтве рахункі за сухія дрэвы для ацяпленьня намёту валанцёраў. Дарэчы, знакамітую буржуйку ў вайсковы намёт прынёс менавіта спадар Уладзімер.
(Кішкурна: ) “Я проста лічу сваім грамадзянскім абавязкам ім дапамагчы, і дзеля памяці маіх продкаў. Калі я паводле ўзросту не магу да іх далучыцца — быць на вахце поўнымі суткамі, тыднямі, дык я хоць чым магу дапамагу — і маральна, і матэрыяльна. Трэба, каб усе так далучаліся, тады мы сапраўды зробім гэтае месца сьвятым”.
Два дзядзькі Ўладзімера Кішкурны — Войцэх і Іосіф — былі расстраляныя ў Курапатах. Іосіф Кішкурна да 1935 году жыў на тэрыторыі Заходняй Беларусі.
(Кішкурна: ) “Іосіф, родны мой дзядька, у 1935 годзе пераяжджае ў Менск. Яму даюць кватэру, і ён працуе столярам. У 1938 годзе яго арыштавалі як польскага шпіёна і расстралялі. У гэты ж самы час арыштоўваюць майго бацьку. Як мне распавядалі пасьля вайны бацька з маці, тады яны проста цудам уратаваліся. Ён проста нічога не гаварыў. Яго пратрымалі за кратамі тры месяцы. Відаць, ужо дзядьку расстралялі, і той нічога не сказаў. Вось так яны ад нашай сям’і адвязаліся, але вось такі псыхалягічны ціск і падазрэньні з боку ўладаў былі заўсёды да нашай сям’і”.
Як агента польскай выведкі ў 1938 годзе расстралялі й стрыечнага дзядзьку Ўладзімера Кішкурны Войцэха. Рэабілітавалі яго ў 1968 годзе, а Іосіфа Кішкурну — у 1959 годзе. Пра тое, што абодва дзядзькі былі расстраляныя ў Курапатах, Уладзімер Кішкурна даведаўся толькі пры канцы васьмідзесятых гадоў.
(Кішкурна: ) “Як Зянон распачаў раскопкі, зьявіліся публікацыі. У “Мінскай праўдзе” надрукавалі даведку з КГБ са сьпісам людзей, якіх расстралялі ў Курапатах. Вось адкуль я даведаўся, што там мае дзядзькі”.
Некалькі гадоў таму Ўладзімер Кішкурна паставіў крыж у Курапатах па сваіх дзядзьках.
Старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Уладзімер Кішкурна возьме актыўны ўдзел у дзённым патруляваньні Курапатаў, якое распачнецца 3 чэрвеня.
(Кішкурна: ) “Калі такая вахта будзе не кругласутачная, а пагадзінавая, то мы здолеем далучыць да яе больш актывістаў. Мы разглядалі гэтае пытаньне на гарадзкой Радзе і прынялі рашэньне, што, як будзе спыненая кругласутачная вахта (праўда, і гэтак нашыя сябры й начавалі ў Курапатах, і дапамагалі), мы возьмем удзел у дзяжурствах, і гэта будзе больш эфэктыўна. Напрыклад, будуць людзі ад Маладога Фронту, ад Беларускай партыі свабоды, ад ініцыятывы й ад Фронту. Дык гэта ўжо будуць хадзіць чатыры–пяць чалавек”.