Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз атаку дронамі самалёт з Пашыньянам ня змог прызямліцца ў Маскве. Там зноў затрымліваюць авіярэйсы, у тым ліку зь Менску


Маскоўскі аэрапорт «Шарамецьева». Ілюстрацыйнае фота
Маскоўскі аэрапорт «Шарамецьева». Ілюстрацыйнае фота

Самалёт, на якім прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян ляцеў у Маскву для ўдзелу ў пасяджэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу, у ноч на 11 сьнежня ня змог прызямліцца ў Маскве праз атаку бесьпілётнікаў і абмежаваньні паветранай прасторы захадамі супрацьпаветранай абароны.

Як паведаміў Telegram-канал Baza, самалёт Пашыньяна «гадзіну кружляў над Цьверскай вобласьцю Расеі, чакаючы дазволу на пасадку, але так яго і не атрымаў».

У выніку самалёт накіравалі ў аэрапорт Пулкава ў Санкт-Пецярбургу, дзе ён прызямліўся а першай гадзіне ночы. Пашыньян ляцеў зь Нямеччыны ў Маскву для ўдзелу ў пасяджэньні ЭАЭС.

У Telegram-канале ўраду Беларусі а 9:48 паведамілі, што прэм’ер Аляксандар Турчын таксама вылецеў у Маскву. Інфармацыю аб яго прыбыцьці ў расейскую сталіцу апублікавалі аб 11:33. Зьвестак аб затрымках пасадкі яго самалёту няма. Хоць у гэты час мэр Масквы Сяргей Сабянін ці ня кожныя 20-30 хвілін паведамляў аб колькасьці дронаў, зьбітых над Масквой.

Згодна з інфармацыяй агенцтва «Интерфакс», над Масквой уначы і ўдзень 11 сьнежня зьбілі 41 дрон.

Выданьне «Позірк» тымчасам паведаміла аб папярэджаньні Нацыянальнага аэрапорту «Менск» наконт магчымых зьменаў у раскладзе праз «абмежаваньні ў выкарыстаньні паветранай прасторы Расейскай Фэдэрацыі».

Прэсавая служба аэрапорту заклікала пасажыраў «улічваць гэтую інфармацыю і плянаваць паездку згодна з наяўнымі ўмовамі», а таксама параіла «сачыць за актуальным раскладам і статусам патрэбнага рэйсу на табліцы вылетаў/прылётаў на сайце аэрапорту ці авіякампаніі».

Паводле інфармацыі авіяцыйных уладаў Расеі і расейскіх СМІ, у ноч на 11 сьнежня абмежаваньне на рух самалётаў увялі сама меней у 10 аэрапортах, у тым ліку ў чатырох маскоўскіх. Прычынай стала атака ўкраінскіх дронаў у адказ на агрэсіўныя дзеяньні Крамля, які з 2022 году вядзе поўнамаштабную вайну супраць украінскага народу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG