Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБАРОНЦЫ КУРАПАТАЎ СПЫНЯЮЦЬ НАЧНЫЯ ДЗЯЖУРСТВЫ


Ганна Соусь, Менск

Летась 24 верасьня ўвечары васьмёра маладых людзей з крыжамі сталі перад бульдозэрамі, і менавіта з гэтага пачалася вахта памяці ў Курапатах, якая цягнецца ўжо амаль восем месяцаў. Гаворыць лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Мы плянуем арганізаваць урачыстае зьняцьцё лягеру абаронцаў Курапатаў і прымеркаваць гэта да 3 чэрвеня — даты, калі ў 1988 годзе выйшаў знакаміты артыкул Зянона Пазьняка й Яўгена Шмыгалёва “Курапаты — дарога сьмерці”. Якраз з гэтага артыкула й пачалася гісторыя ня толькі Курапатаў, але й нацыянальнага руху”.

А як распавёў кіраўнік Беларускай партыі свабоды Сяржук Высоцкі, валанцёры вырашылі патрабаваць ад беларускіх уладаў цывілізаванай, узгодненай з грамадзкасьцю мэмарыялізацыі Курапатаў, пачынаючы з усталяваньня агароджы і забесьпячэньня належнай аховы.

(Высоцкі: ) “Сёньня мы падалі заяву ў гарвыканкам, пасьля прэсавай канфэрэнцыі будзем падаваць заяву ў аблвыканкам, а 3 чэрвеня будзем падаваць зварот у Савет Міністраў. А 12-й гадзіне ў Курапатах адбудзецца мітынг, пасьля мы пойдзем у горад, прымем рашэньне, у якім месцы будзем разгортваць сьцягі й пойдзем падаваць наш зварот уладам. Урэшце, мы столькі часу там знаходзіліся, і гэта — агульнадзяржаўная справа, што мы заслужылі права, каб любы самазванец ад улады прыняў да разгляду волю й патрабаваньне людзей, якія зьяўляюцца прадстаўнікамі беларускага народу”.

Дзённае патруляваньне будзе ладзіцца наступным чынам — групы з 3–4 чалавек некалькі разоў на дзень будуць абыходзіць тэрыторыю ўрочышча. Павал Севярынец тлумачыць:

(Севярынец: ) “Гэта будзе адсочваньне сытуацыі паўз дарогу — там, дзе базуюцца будаўнікі, у раёне праваслаўнае капліцы. Іншымі словамі, за колькі гадзінаў мы абыходзім усю тэрыторыю, глядзім, што зьмянілася, і калі штосьці сапраўды зьмянілася, мы паведамляем пра гэта ў аўтарытэтныя арганізацыі, навуковаму кіраўніку будаўніцтва Маі Кляшторнай, кіраўніку праекту спадару Крачэтнікаву, ініцыятыве “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты”, грамадзкасьці. І калі спатрэбіцца, зьяўляемся там у большай колькасьці”.

А вось меркаваньне валанцёраў, якія вытрымалі асноўны цяжар курапацкай вахты. Гаворыць Васіль Парфянкоў:

(Парфянкоў: ) “Крышку сумна сыходзіць адтуль. Прызвычаіліся ўсе, і як бы сталі адзінай сям’ёй. Але ж вечна там таксама не прасядзіш”.

Працягвае Цімох Атрошчанка:

(Атрошчанка: ) “Варта там было, канечне, сядзець — але вельмі цяжка. Ужо не адчуваецца такой падтрымкі ад грамадзтва. Ды й вельмі стаміліся людзі — восем месяцаў сядзім”.

А вось меркаваньне Дзяніса Більдзюка:

(Більдзюк: ) “Мы не сыходзім адтуль, працягваем варту, толькі зьмененыя яе формы. А так змаганьне працягваецца”.

Плянуецца, што ў дзённым патруляваньні возьмуць удзел, акрамя сталых абаронцаў Курапатаў, сябры іншых грамадзкіх арганізацыяў. Прыкладам, пра ўдзел у дзённых пікетах сябраў гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ заявіў сёньня Ўладзімер Кішкурна.

(Кішкурна: ) “Мы будзем далучацца да вахты, і як сябры сойму будзем ініцыяваць разгляд гэтага пытаньня для ўсяго Беларускага Народнага Фронту”.

Думку Ўладзімера Кішкурны працягвае актывіст Партыі БНФ Сяргей Міхноў. Дарэчы, вайсковы намёт, спалены 19 красавіка, быў ягонай прыватнай уласнасьцю.

(Міхноў: ) “Адзін з асноўных набыткаў курапацкай справы — гэта тое, што ў грамадзтве адбылася кансалідацыя. Паўстала ініцыятыва “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты”. Калі б такая справа не атрымала такі вялікі розгалас у грамадзтве, то АМОН бы выкінуў абаронцаў Курапатаў адтуль за 30–40 хвілінаў”.

Пра значэньне моладзевай вахты памяці гаворыць і актывістка грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” Валянціна Трыгубовіч.

(Трыгубовіч: ) “Тое, што маладыя аказаліся навідавоку, тое, што яны аказаліся найбольш актыўнымі, гэта натуральна. Толькі, на маю думку, усё гэтае змаганьне можна ўявіць у выглядзе такога вялікага айсбэргу, дзе бачны пік — гэта моладзь і яе кругласутачная вахта, а ўвесь падмурак — гэта ўсе іншыя структуры, прэса, грамадзкія арганізацыі, партыі, асобныя людзі”.

А паводле навуковай кіраўніцы курапацкага мэмарыялу Маі Кляшторнай, адным з галоўных вынікаў курапацкага супрацьстаяньня ёсьць бел-чырвона-белы сьцяг, што вось ужо некалькі месяцаў лунае ва ўрочышчы.

(Кляшторная: ) “Гэта месца, дзе сапраўды павінен быць наш сьцяг, адкуль яго ўвогуле нельга прыбраць, як і крыж. І калі хто гэта зробіць, то варта бараніць сьцяг на гэтым месцы”.

Якім чынам паўплывае завяршэньне кругласутачнавай вахты памяці ў Курапатах на хаду рэканструкцыі дарогі на гэтым участку? На гэтае пытаньне Радыё Свабода адказвае намесьнік генэральнага дырэктара прадпрыемства “Магістральаўтадор” Сяргей Ісакаў:

(Ісакаў: ) “Можа, і былі нейкія непаразуменьні паміж будаўнікамі й валанцёрамі, але я мяркую, што стасункі засталіся нармальныя. Нам трэба добраўпарадкаваць гэтую пляцоўку. Мы праінструктуем нашых рабочых такім чынам, каб ні ў якім разе не было ніякіх парушэньняў — каб не пашкодзілі дрэвы, кусты ды ўсё астатняе. Усё пакінуць у тым выглядзе, як і цяпер, толькі ўпарадкаваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG