Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАЎТРА Ў КУРАПАТАХ ПРОЙДЗЕ ТАЛАКА


Ганна Соусь, Менск

Будаўнічыя работы ля Курапатаў не вядуцца вось ўжо некалькі дзён, тэхніка працуе на іншым участку — ля аўтобуснай станцыі, дзе цяпер узводзіцца мост.

У Курапацкім лягеры відавочныя наступствы начнога дажджу — паўсюль лужыны, на століку ляжаць змакрэлыя харчы, над вогнішчам сушыцца коўдра, ляжаць вільготныя дровы. Гаворыць валанцёрка Алена:

(Алена: ) “Усю ноч ішоў дождж, адным даводзілася хавацца ад дажджу ў пераходзе, другія ў намёце сядзелі, але ж, як заўсёды, падтрымлівалі вогнішча. Намёт працякаў, так што зараз коўдры мокрыя, усё мокрае... Вельмі шмат п’янага народу тут бадзялася. Мы да іх падыходзілі, прасілі, каб яны прыпыніліся, распавядалі пра гэтае месца. Некаторыя разумелі, другія — не. Гэта як заўсёды. Але ж большасьць разумела”.

Алена ўзгадвала падзеі ўчорашняга дня, калі ў Курапаты ішлі на пікнікі жыхары суседняга мікрараёну, каб на прыродзе адзначыць Дзень Перамогі. Алена часьцяком прыходзіць у Курапаты, звычайна ўвечары і на ноч, бо раніцай ёй трэба ісьці на вучобу. Алена вучыцца ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце на факультэце альтэрнатыўнай мэдыцыны. Курапаты для яе — ня проста месца згубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, але й сымбаль супрацьстаяньня.

(Алена: ) “Мне падаецца, што гэта — адзінае, што ёсьць, што засталося ў беларускага народу. Гэта тое, што мы павінны вытрымаць да канца, мы павінны тут перамагчы ўладу, таму што іншых шляхоў зараз няма. Ніводны шлях не прыносіць чаканых вынікаў, і таму Курапаты застаюцца адзінай надзеяй”.

Мінулую ноч у Курапатах правялі некалькі валанцёраў з Барысава, актывістаў руху “Зубр”. Адзін зь іх, Васіль, ужо ня першы раз дзяжурыць ва ўрочышчы.

(Васіль: ) “Тут, можа быць, засталіся астанкі маіх продкаў. Дык вось, я прыяжджаю, каб тут не маглі будаваць дарогу, каб па маіх продках ня езьдзілі якія-небудзь машыны, іх закатвалі”.

(Карэспандэнтка: ) “А хто пацярпеў у Вас ад рэпрэсіяў? Распавядзіце, калі ласка”.

(Васіль: ) “У майго дзеда расстралялі маці з бацькам. Яны жылі ў Менску, потымі пераехалі. Як дзед распавядаў, на яго вачах расстралялі маці й бацьку. Таму я тут і абараняю, каб такога ніколі не было”.

Пацярпелы ад апёкаў абаронца Курапатаў Алесь Поклад дагэтуль знаходзіцца ў рэанімацыі менскага шпіталя хуткай дапамогі. Паводле лекара Валянціна Машэля, стан здароўя Алеся здавальняючы, але яму па-ранейшаму патрэбная донарская кроў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG