Як паведаміла лекарка Дыяна Сіротава, стан Алеся па-ранейшаму цяжкі, дагэтуль захоўваецца высокая тэмпэратура, штодзень яму пераліваюць плязму. Заўтра Алесю будзе зробленая апэрацыя нэкратаміі, гэта значыць — прыбіраньне нэкратычных тканак. Паводле лекаркі, Алесю патрэбная кроў ня менш як 15 донараў.
Сябры Беларускай партыі свабоды й Маладога Фронту зьвяртаюцца да прафэсійных донараў ды іншых людзей з заклікам дапамагчы Алесю Покладу. Сярод актывістаў гэтых арганізацый ужо знайшлося некалькі чалавек, гатовых здаць сваю кроў.
Донары павінны быць паўнагадовыя, мець менскую прапіску, даведку пра флюраграфію за апошнія паўгода, даведку пра стан здароўя, узятую ў тэрапэўта ў паліклініцы па месцы жыхарства з указаньнем хваробаў за апошні год. Група крыві можа быць любая. Кроў прымаюць у шпіталі хуткай дапамогі на першым паверсе ў аддзяленьні пераліваньня крыві з 8.30 да 11.30.