Сёньня я сустрэла ва ўрочышчы старшыню Хрысьціянскай злучнасьці "Курапаты" Вацлава Нямковіча. Нагадаю, што за некалькі дзён да таго, як летась у верасьні распачалася рэканструкцыя кальцавой дарогі ля Курапатаў, Вацлаў Нямковіч трапіў у аварыю, і быў вымушаны доўгі час правесьці ў шпіталі, а потым у сваёй кватэры. Крыху ачуняўшы, спадар Вацлаў адразу ж наведаў Курапаты — прыйшоў ва ўрочышча на мыліцах. Ён быў моцна ўражаны тым, як зьмяніліся Курапаты за амаль сем месяцаў будаўніцтва.
(Нямковіч: ) "Уражаньні страшныя. Калі стаць вунь там на гары й паглядзець на гэтую шырокую пляху высечанага лесу, то гэта — самыя густыя яміны. Не зусім апраўданая гэткая вышыня дарогі, таму што там — пагорак, і яны павінны былі на ім зьняць які-небудзь мэтар, ня болей, і тут зьняць. Тады было б ніжэй, было б меней і работы, і зямлі".
Размаўляючы са спадаром Нямковічам, мы назіраем за рабочымі, што капаюць траншэю ля падземнага пераходу — тут будуць пракладзеныя высокавольтныя й тэлефонныя кабелі для праваслаўнай капліцы, што будуецца цяпер на гары. Вацлаў Нямковіч мяркуе, што месца для падземнага пераходу было абрана вельмі няўдала:
(Нямковіч: ) "Гэты пераход зрабілі ў самым балоце, у самым нізкім месцы, дзе вада стаіць. А з гэтага боку ён выходзіць на лясную палянку. Горш не прыдумаеш. Прыкра з-за гэтага незграбна зробленага падземнага пераходу. Ён ня быў узгоднены з намі".
Вацлаў Нямковіч паказвае на некалькі дзясяткаў крыжоў, што ляжаць ля намёту валанцёраў — учора будаўнікі прыбралі іх з насыпу дарогі. Вацлаў Нямковіч працягвае:
(Нямковіч: ) "У мяне вельмі прыемнае ўражаньне, што людзі панесьлі крыжы ў Курапаты. І нясуць, нясуць, нясуць. Гэта сапраўды будзе людзкі мэмарыял. Месца тут дужа многа. Што сасна, то трэба крыж".
Ва ўрочышчы я засьпела сябраў руху "Зубр" з Барысава, якія вырашылі далучыцца да вахты памяці ў Курапатах. Валанцёр Павал ужо ня першы раз прыяжджае сюды. Ён мяркуе, што крыжы, прыбраныя з насыпу дарогі, трэба будзе ўсталяваць у іншым месцы.
Сябры ініцыятывы "Моладзь у абарону Курапатаў" падалі заявы ў пракуратуру Менскага раёну й Камітэт у барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю у сувязі з шэрагам правакацыяў і зьбіваньняў валанцёраў. Сытуацыю тлумачыць лідэр Беларускай Партыі Свабоды Сяржук Высоцкі:
(Высоцкі: ) "Гэта для нас нейкі спосаб гарантаваць бясьпеку людзям у шэрагу правакацыяў і актаў зьбіваньня. З другога боку, гэта нейкая перасьцярога ў тым пляне, што калі прыйдуць нейкія людзі й пачнуць гвалтоўныя дзеяньні, то нашыя дзеяньні павінны разглядацца як самаабарона й імкненьне дзейнічаць у рамках закону".