Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рагачоў


Зьміцер Бартосік, Рагачоў

Калі вы гарталі альбом Вячкі Целеша "Беларускія гарады на старых паштоўках", дык не маглі абысьці ўвагай краявіды Рагачова. Надта ж не падобны горад на тых паштоўках на савецкі райцэнтар. Старажытны замак каралевы Боны па-над Дняпром, арыгінальны будынак тэатру "Мадэрн", велічны сабор Аляксандра Неўскага... ХХ стагодзьдзе не пашкадавала гораду, які ўпершыню ўзгадваецца ў 1142 годзе, і зараз ад таго Рагачова захавалася вельмі мала. Але стоячы на тысячагадовым замчышчы і аглядаючы бясконцую даліну зьліцьця дзьвух рэк – Дняпра й Друці, вы абавязкова адчуеце незвычайную гістарычную аўру гэтага месца. І што пад нагамі ў вас зямля, якую людзі аблюбавалі вельмі даўно. Гаворыць старэйшы навуковы супрацоўнік Рагачоўскага гістарычнага музэя Аляксандар Рыкуноў:

(Рыкуноў: ) "90% той залі археалягічнай – гэта мае знаходкі. А самая старая манэта, што я знайшоў канкрэтна – гэта 1390-я гады. Яшчэ слухай цікавы факцік. Была ў мяне канкурыруючая арганізацыя, называлася група "Кентаўр". У даўнія-даўнія 1970-я гады. Гэта былі мясцовыя хлопцы на Замкавай гары. Дык вось, яны аднойчы да мяне прыходзяць: "Саша, мы вось тут пару манэт прынесьлі, паглядзі – што такое? Я гляджу. Паўгрошы Сігізмунда І. Якраз часы каралевы Боны. Ладзьдзі роспачы часы. Гэта манэткі такія, прыкладна з 15-капеечную манэту. Але больш тонкія, срэбныя. На адным баку "Пагоня", на другім ожэл польскі. Я гавару: "Знаеце што, хлопцы, а там скарб ляжыць”. Сьмяюцца, ня вераць. Ну пайшлі туды. Увечары прыходзяць да мяне, вочы квадратныя. "Што, знайшлі?" "Знайшлі". Трыццаць манэт Сігізмунда І й Аляксандра Ягелончыка. Во такі выпадак".

Аб мінуўшчыне Рагачова нагадвае велічная руіна рымска-каталіцкага касьцёла. Помнікам нязбытнай будучыні служыць недабудаваная музычная школа, якую пачалі будаваць больш за дзесяць гадоў таму. Большых прыкметаў архітэктурнага буму мною заўважана не было. Гаворыць галоўны архітэктар гораду Георгі Цыбулевіч:

(Цыбулевіч: ) "Зараз будуецца толькі жытло за кошт крэдытаў. На гэта сродкі яшчэ выдзяляюцца. Толькі жылыя дамы ў асноўным. Ну і яшчэ такія будынкі, як будынак фонду сацыяльнай абароны. Гэта рэдкі такі выпадак”.

(Карэспандэнт: ) “А вось цікава, што будзе з касьцёлам? На вашую думку, яго мажліва адрадзіць?”

(Цыбулевіч: ) "Каталікі зьбіраюцца яго рэстаўраваць. Выдзяляюцца грошы на гэтую справу. Польскія грошы. У нас невялікая дыяспара каталікоў, але ёсьць. Гэта рэальна цалкам. Можа быць у гэтым годзе. Гэта будзе ўпрыгожаньнем гораду".

Гонар мясцовых архітэктараў – новы будынак сацыяльнай абароны – вылучаецца яркай мэталяплястыкавай дахоўкай. Побач з новабудоўляй я заўважыў яшчэ адну прыкмету новага часу: прыватную цырульню "Ізумруд", гаспадыня якой падзялілася сваімі турботамі.

(Гаспадыня салёну "Ізумруд": ) "Гэта першы год, калі ў нас не было наплыву кліентаў. І не таму, што мы кепска працуем. Сапраўды ў людзей няма грошай. Cтрыжка павінна быць як гігіена. Зараз ужо гэта атрымліваецца як раскоша. Як дарагая касмэтыка. У нас ёсьць у продажы францускія духі, і трэба бачыць гэтых жанчын, якія могуць толькі як у музэі паглядзець. На сёньняшні дзень у Рагачове практычна ніхто ня можа дазволіць сабе купіць францускія духі".

Аднак, пакуль мы размаўлялі, цырульня не пуставала. Пажадаўшы гаспадыні посьпехаў, я працягнуў шпацыр, адзначыўшы, што і без францускай парфумы рагачоўскія жанчыны чароўныя. А яшчэ Рагачоў даўно славіўся сваёю сгушчонкаю. Я памятаю, як у пачатку 1980-х усе, хто трапляў у гэты горад, заўжды прывозілі адтуль па некалькі бляшанак сабе й знаёмым. Сёньня для Рагачоўскага малочна-кансэрвнага камбінату насталі не найлепшыя дні. Прадпрыемства не вытрымлівае канкурэнцыі з расейскімі вытворцамі, і паліцы рагачоўскіх крамаў, забітыя той сгушчонкай пад завязку – карціна ня вельмі радасная. Як патлумачыў мне адзін акцыянэр МКК, які пажадаў застацца ананімам, падобная карціна й на складах прадпрыемства:

(Акцыянэр МКК: ) "Назва чыста сымбалічная – акцыянэрнае таварыства. Па сутнасьці мы – дзяржаўнае прадпрыемства. І кіруе намі родная дзяржава, як хоча. То біш чыноўнік. Які ў канчатковым выніку працы прадпрыемства практычна не зацікаўлены. Вось такія справы. Яму ўсё роўна. Ён заробак атрымае свой своечасова, і прэмію атрымае... Вось я атрымаю на акцыю 20 рублёў і некалькі дзясяткаў сотых. Вось і весь мой прыбытак. Сядзім, як мышы пад венікам. Ад рабочага да дырэктара. Усе чагосьці баяцца".

Аднак далёка ня ўсё насельніцтва мае такія настроі. Вось, напрыклад, малады чалавек Мікола, сын высокапастаўленага работніка раённай вэртыкалі і актывіст “Зубра”. Летась падчас выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі Мікола расьпісаў ледзь ня ўвесь свой родны горад антыпрэзыдэнцкімі лёзунгамі. Я папрасіў Міколу вызначыць ролю свайго пакаленьня ў найбліжэйшай беларускай будучыні:

(Мікола: ) "Нашае пакаленьне, пэўна, яно больш цывілізаванае, але яно ня дзейнічае. Трэба яго прыцягнуць. Таму што бальшыня маіх сяброў, якіх я ведаю, яны ходзяць на розныя там дыскатэкі і зусім не цікавяцца беларускасьцю. І неяк глядзяць, калі ты размаўляеш па-беларуску, нядобра на цябе глядзяць. Думаюць, ці ты зь вёскі якой прыехаў, ці дурны. А калі накіраваць думкі ў патрэбнае рэчышча, дык што-небудзь і атрымаецца. Зараз маё пакаленьне... найбліжэйшая будучыня, аб якой яно марыць, – як паступіць у якую-небудзь ВНУ".

Мікола сёлета сканчае рагачоўскую гімназію, найбольш прэстыжную сярод сярэдніх школаў гораду. Туды я й накіраваўся, каб працягнуць размову аб будучыні зь Міколавымі аднагодкамі. У фае тыповага школьнага будынку ў вочы кідаецца адмысловы куток, інсталяваны пад старыну. Старарэжымная парта, стары глёбус і партрэт Мікалая першага па-над чорнай дошкай. Як патлумачыла мне адна з настаўніцаў, Мікалая намалявалі паверх выявы Леаніда Брэжнева. Гаворыць Сьвятлана Сталярова, настаўніца гісторыі.

(Карэспандэнт: ) "Сёньняшнія дзеці, яны чым-небудзь адрозьніваюцца ад дзяцей, што былі 10 гадоў таму, і, калі адрозьніваюцца, – у лепшы бок ці ў горшы?”

(Сталярова: ) "Ну не заўсёды, магчыма, у лепшы бок, але ўсё ж такі актыўнасьць нашых дзяцей нашмат большая, сацыяльная актыўнасьць у першую чаргу. Асабліва старшаклясьнікаў. Яны цікавяцца ўсім сьветам, усім навакольлем. Жыцьцём нашым. Складана, канечне, ім у гэтае жыцьцё ўступаць. Дзеці самі пачынаюць думаць пра сябе, пра сваё будучае. Ведаюць, што за іх ніхто сёньня вельмі не падумае".

А вось які дыялёг у мяне адбыўся з навучэнцамі:

(Карэспандэнт: ) "Вы калі пайшлі ў школу, Вы пайшлі ў беларускамоўную школу?”

- Так.

(Карэспандэнт: ) "І калі скончылася беларускамоўнае навучаньне ў вас?”

- Прыкладна ў 4-й клясе. А далей я вучылася на рускай мове.

(Карэспандэнт: ) "І як гэта вы ўспрымалі гэты пераход? Як нешта прагрэсіўнае і радаснае, ці наадварот?”

- Хутчэй наадварот. Мне вельмі падабалася беларуская мова. Я адчувала яе сваёй мовай. І таму яна была для мяне вельмі родная і любімая.

- Я люблю тут вучыцца ў гэтай школе, люблю свой родны горад, дзе я нарадзіўся. Таму зьехаць з краіны было б добра на некаторы час. Таму што будучыні пакуль я тут ня бачу. Пры сёньняшняй уладзе.

- Гэта найлепшы горад у сьвеце. І зьяжджаць з краіны я ня буду й не хачу.

(Карэспандэнт: ) "А дзе вы бавіце свой вольны час?”

– У асноўным гэта чытаньне розных кніг. Гэта мастацкая літаратура.

– Найлепшая – "Каласы пад сярпом тваім". Гэта шэдэўр беларускай літаратуры.

Сярод школьнікаў знайшоўся адзін БПСМавец:

(Карэспандэнт: ) “Вы добраахвотна туды ўступілі?”

– Так, добраахвотна.

(Карэспандэнт: ) “І лічыце свой выбар правільным?”

– Так, я так лічу. Таму што мне прапанавалі шмат цікавага, летнія экскурсіі. Паездкі цягам году. Нават у лягер за нейкія мае заслугі. Канкрэтна ў нашай школе колькасьць бпсмаўцаў абмяжоўваецца дзясяткам чалавек. Больш ніхто ня хоча ўступаць у гэты БПСМ.

(Карэспандэнт: ) “Па палітычных матывах?”

– У асноўным, калі сказаць шчыра, то так. Але ўсё ж мы мірымся і жывем у адной клясе".

Рагачоў – горад невялікі. Усяго няпоўных сорак тысячаў насельніцтва, але чамусьці ня бачыў я на рагачоўскіх вуліцах бамжоў і страшных алькаголікаў, гаворка гараджанаў не перанасычаная матам, і бруду на вуліцах няма. Ці не таму, што гэты горад пазьбегнуў шалёнага росту з-за адсутнасьці тут буйных прадпрыемстваў? І ўтульная прыватная кавярня "Стары горад" на маляўнічым дняпроўскім беразе зусім не выглядае капіталістычным наватворам. Гаспадыня кавярні прывучае сваіх кліентаў да шляхетных манэраў.

(Гаспадыня: ) "Мы пастаянна выхоўваем кліентаў. Я нават дзецям ня столькі ўдзяляю ўвагі, як зусім незнаёмым маладым людзям. Культуры... Акуркі не кідайце, матам ня лайцеся, паводзьцеся культурна. Нават – хадзіце нармальна, танчыце нармальна. І вось бачу, гадамі адны й тыя ж кліенты ходзяць, яны мяняюцца ў лепшы бок. Я нават лічу, што гэта мая заслуга нейкая. Дзе яшчэ чалавека навучыць..."

А сярод тутэйшых дзяцей вялікай папулянасьцю карыстаецца кампутарны клюб "Тайм", які месьціцца пад трыбунай гарадзкога стадыёну.

(Карэспандэнт: ) “Што вы тут робіце?”

– Мы гуляем на камп'ютэрах.

(Карэспандэнт: ) “І як часта вы тут гуляеце?”

– Кожны вечар.

(Карэспандэнт: ) “А чым ты яшчэ акрамя кампутараў любіш займацца?”

– Урокамі.

(Карэспандэнт: ) “І якія твае любімыя прадметы?”

– Беларуская мова.

(Карэспандэнт: ) “А чаму беларуская мова?”

– Падабаецца.

(Карэспандэнт: ) “Кніжкі любіш чытаць?”

– Так. Міфы і легенды старажытнай Грэцыі.

(Карэспандэнт: ) “А зь беларускіх аўтараў нікога ня памятаеш?”

– Памятаю. Якуб Колас, Янка Купала, Васіль Быкаў.

(Карэспандэнт: ) “Але ты яшчэ не чытаў Васіля Быкава?”

– Не.

Тое, што 10-гадовыя рагачоўцы акрамя кампутараў любяць урокі беларускай мовы й ведаюць Быкава, мяне зусім не зьдзіўляе. Хутчэй бы яны расьлі...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG