Мясцовыя чыноўнікі кажуць, што Чавускі раён – гаротны раён у тым сэнсе, што яго не мінае ніводны кантралёр, якому трэба праверыць нешта “на раёне” і хочацца сэканоміць паліва.
Чавускія дэмакраты лічаць, што ў раёне, які разьмешчаны непадалёк ад абласнога цэнтру – усяго 40 кілямэтраў, людзі жывуць больш дасьведчаныя: яны часьцей бываюць у Магілёве, атрымліваюць больш інфармацыі і больш цікавяцца жыцьцём у краіне.
Наколькі гэтыя высновы справядлівыя – сказаць цяжка, але да цэнтру палітычнага жыцьця ў маштабе сельскага раёну Чавусам яшчэ далёка. Апошнія палітычныя акцыі праводзіліся тут амаль год таму – на прэзыдэнцкія выбары.
Вось што гавораць лідэры мясцовых арганізацыяў палітычных партыяў дэмакратычнага кірунку. Аляксандар Саўчкоў –лідэр Чавускай арганізацыі партыі БНФ, а Валянціна Моўчан кіруе мясцовай арганізацыяй Аб’яднанай дэмакратычнай партыі.
(Саўчкоў: ) “Палітычнае жыцьцё ў Чавусах вельмі зацішнае, таму што людзі заляглі ў ямы, на дне і цікавяцца сваімі асабістымі справамі”.
(Моўчан: ) “Пасля выбараў наступіла цішыня, вера прапала ў нейкае будучае, якога хацелі, у нейкія перамены, а яны не збыліся”.
* * *
Чавуская арганізацыя партыі БНФ, паводле Аляксандра Саўчкова, налічвае ў сваіх шэрагах 40-50 чалавек. Пад час падрыхтоўкі альтэрнатыўных (Чыгір-Пазьняк) прэзыдэнцкіх выбараў у чавускіх дэмакратаў былі сутычкі з міліцыянтамі, і з тых часоў людзі асьцерагаюцца праводзіць акцыі.
(Саўчкоў: ) “Ну які дэмакратычны рух! У прынцыпе – свабода. Але калі б неўзабаве пачалася якая-небудзь акцыя, усё было б задаўлена".
Праўда, цяпер кіраўніцтва раёну асабліва дэмакратаў не чапае, гаворыць лідэр Чавускай АГП Валянціна Моўчан:
(Моўчан: ) “Вось нейкая ў нашым раёне цішыня, спакойна дзейнічаюць палітычныя арганізацыі – і БНФ, і АГП, і камуністычная партыя. Нашае палітычнае жыцьцё пакуль яшчэ маленькае. Мы яшчэ толькі становімся, як гаворыцца, на свае ногі".
Чавуская арганізацыя ПКБ – даволі ўплывовая па мясцовых мерках – нават падтрымлівае сувязі з Народным Фронтам. Але дзейнічае побач з уладамі і на слыху ў народу. Дэмакратам, як самі яны прызнаюцца, такой вядомасьці пакуль дасягнуць не ўдаецца.
Валянціна Моўчан – шматдзетная маці, па прафэсіі – рэжысэр народных сьвятаў і абрадаў, працавала дырэктарам раённага цэнтру вольнага часу, але былы кіраўнік раёну яе гэтай пасады пазбавіў. На сабе зьведаўшы, што такое канфлікт з уладамі, Валянціна цяпер прапагандуе мірны шлях развіцьця.
(Моўчан: ) “Мне падаецца, што тыя людзі, якія ўваходзяць у склад гэтых усіх арганізацыяў, думаюць, каб без барацьбы, а каб у згаворанасьці нейкай з уладамі было ўсё, як належыць. Дамовіцца, спакойным шляхам, без барацьбы…”
(Карэспандэнтка: ) “Не рэвалюцыйна, а эвалюцыйна?”
(Моўчан: ) “Так народ лічыць і так яму хочацца. Барацьбой рэвалюцыйнай я не займаюся. І ня буду, таму што я лічу, што рэвалюцыя – яна не патрэбная. Можа зь людзьмі дагаварыцца так”.
* * *
У савецкія часіны не было прынята нагадваць пра тое, што Чавусы былі цыганска-габрэйскім мястэчкам. Узгадвалася толькі вядомае паданьне, што назва Чавусы паходзіць ад цыганскага “чаус”, што азначае “шацёр”.
Калі цыганаў зьмянілі ў гэтых мясьцінах габрэі – невядома, але ў свой час палова 6-тысячнага насельніцтва мястэчка складалі як раз габрэі, якія ў асноўным займаліся гандлем.
На мясцовых могілках – шмат надмагільных плітаў на іўрыце. Аднак цяпер у беларускіх Чавусах не засталося ніводнага знаўца гэтай старажытнай мовы.
* * *
Асноўныя праблемы гэтага раённага цэнтру неарыгінальныя – нізкія заробкі і адсутнасьць працы. Вось што давялося пачуць ад людзей:
(Спадар: ) “Працы нідзе не знайсьці. А тая праца, якая ёсьць, яна настолькі нізкааплатная…Вось жыцьцё, мы яшчэ за сакавік грошы не атрымлівалі. Вось і пажыві. Англічаніну скажы: “Ідзі на працу, каб табе плацілі па-беларуску”. “Як? А як жыць?” Як пражыць гэтаму чалавеку? 60 нейкіх тысяч атрымлівае, і тое па тры месяцы без заробку. А за кватэру, сьвятло і газ заплаці!”
(Спадар: ) “Моладзь ходзіць, хлорцы маладыя, і няма куды ўладкавацца на працу. Палова гораду без працы. І яшчэ скарачэньне ідзе”.
(Спадарыня: ) “Жыць немагчыма. Няма працы, няма заробку. На сябе выпадае спадзявацца. На прэзыдэнтаў няма чаго спадзявацца”.
Кіраўнікі “вэртыкалі” Чавускага раёну зьмяняюцца часта і праблемы гораду пакідаюць адзін аднаму. Аб стылі працы былога кіраўніка Ўладзімера Пузырэўскага засталася ня вельмі добрая памяць, цяперашні старшыня райвыканкаму Анатоль Мацюлін, у мінулым старшыня калгасу, паводзіць сябе больш мякка. Але вялікай розьніцы народ паміж кіраўнікамі не бачыць.
Асабліва людзей раздражняюць начальніцкія іншамаркі, сярод якіх вылучаецца новы “Мэрсэдэс” кіраўніка раёну.
(Спадарыня: ) “Правільна, вось ён прыйшоў новы, дык яму мала "Волгі", мала "Ўазіка" новага. Так вось прэзыдэнт выдаткаваў 28 тысяч даляраў, трэба яму джып набыць, каб недзе на жабрацтве паказаць, як людзі жывуць”.
(Спадар: ) “Аўтамабілі новыя. Вы ў суботу-нядзелю да нас прыяжджайце і паглядзіце, як яны тут коўзаюцца. Адное начальства езьдзіць на “Фальксвагенах”. На працах, у суботы ды нядзелі бянзін ёсьць, а ў калгасах паліва няма. І ці гэта толькі ў Чавусах? Паўсюль у раённых цэнтрах”.
На мясцовае начальства наракаюць і зь іншых прычынаў. Напрыклад, у сёлетнім лютым у Чавусах адбылося ўрачыстае адкрыцьцё фізкультурна-аздараўленчага комплексу, які павінен быў стаць гордасьцю раённага цэнтру. Ён будаваўся аж 12 гадоў, урэшце зроблены ў стылі “эўра”.
Аднак у новым басэйне сёньня ніхто ня можа купацца. Гэта магчыма толькі зімой, таму што пабудавалі яго такім чынам, што для таго каб утрымліваць у басэйне цяпло, трэба ацяпляць увесь год. Цяпер начальства шукае грошы на пабудову модульнай кацельнай.
Некаторае развіцьцё прыватнага гандлю і грамадзкага харчаваньня просты народ таксама ня лічыць за дасягненьне.
(Спадарыня і спадар: ) “Крамаў у нас шмат паадчынялася. Гэта да, гэта не адабраць. Вока бачыць, ды зуб ня мае!”
* * *
Чавускі раён – сельскагаспадарчы. У ім 23 сельскія гаспадаркі. У чэрвені калгасы не заплацілі сваім працаўнікам 60 мільёнаў рублёў яшчэ за люты. Чыноўнікі з райвыканкаму знайшлі часовае выйсьце. Гаворыць старшыня райвыканкаму Анатоль Мацюлін:
(Мацюлін: ) “Каб не былі людзі бяз хлебу, мы паклалі ведамасьці ў крамы, каб кожны мог прыйсьці, узяць хлеб і тавары першай неабходнасьці”.
Аднак і гэта ня выратуе сялянаў, бо толькі адна гаспадарка ў раёне – прыбытковая, астатнія працуюць стратна. Сабекошт прадукцыі ў два-тры разы перавышае цэны продажу. Што з гэтым рабіць, мясцовая ўлада на чале з Анатолем Мацюліным ня ведае.
(Мацюлін: ) “Сёньня працуе створаная пры райвыканкаме камісія, куды мы запрасілі кіраўнікоў, эканамістаў. Яшчэ раз зьвяртаем іх увагу на тое, каб яны памеркавалі пра эканоміку, – гаворыць кіраўнік мясцовай “вэртыкалі”.
У Чавускага раёну была магчымасьць стаць піянэрам рэфармаваньня сельскай гаспадаркі. Леташні экспэрымэнт з калгасам “Звязда”, які арэндаваў прадпрымальнік Уладзімер Галубцоў, прагучаў на ўсю краіну. 46-гадовы прадпрымальнік арэндаваў на 99 гадоў калгас, які, як кажуць сяляне, “ляжаў” па ўсіх эканамічных паказчыках. Прыватнік узяў на сябе клопат за 200 чалавек.
Але калгасьнікі да рэформы паставіліся абыякава. Яны заявілі, што ім ўсё роўна, абы плацілі грошы. Уладзімер Галубцоў спрабаваў увесьці дыфэрэнцаваныя заробкі, узмацніць дысцыпліну, але і гэта пакінула сялян абыякавымі.
Але Галубцова падвялі ня людзі, а ўлады. Скончылася справа тым, што прыватніка прымусілі тэмінова плаціць усе былыя запазычанасьці калгасу, заблякавалі разьліковыя рахункі і фактычна не далі працаваць.
(Мацюлін: ) “Усе нібыта за рэформу, але хто пагасіць запазычанасьці?”
Уладзімер Галубцоў павінен быў вярнуць за кошт вытворчасьці, але працаваць яму не далі. Гэта прызнае раённая ўлада. Прадпрымальнік выпрабаваньняў не вытрымаў, і рэфармаваньне завершылася.
***
Зараз – новы экспэрымэнт па рэформе сяла. На гэты раз пачуцьцё гаспадара вырашана было выхоўваць у малых калектывах, каб лягчэй было кантраляваць людзей і паступова рухацца далей.
Два фэрмэры сталі працаваць у калгасе “Юны камунар”. Па фэрме разам з жывёлай і кавалкам зямлі атрымалі ў арэнду новыя гаспадаркі “Антэй” і “Білейка”. З разлікам на будучае, што калгас і фэрмеры ўтвораць каапэратыўную гаспадарку.
Анатоль Шандалаў – уладальнік “Антэя”. Пад час гутаркі зь ім на фэрме адбывалася дойка і ў поўную моц гудзела старое халадзільнае абсталяваньне. Фэрмэр наглядаў за людзьмі, і адначасова распавядаў, як ён праводзіць зараз свой уласны эскпэрымэнт. Анатоль вырас на зямлі, усё жыцьцё на ёй працаваў і зараз хоча ўсіх пераканаць, што ад гэтага можна атрымліваць прыстойныя прыбыткі.
(Шандалаў: ) “Можна даіць малако, атрымліваць ураджай. Толькі трэба працаваць! І каб у першую чаргу – дысцыпліна”.
Чавускі фэрмэр Анатоль Шандалаў лічыць, што строгая эканомія, эфэктыўная праца, заробак ад вынікаў яе, разумнае выкарыстаньне крэдытаў – вось шляхі дасягненьня мэты.
(Шандалаў: ) “Атрымліваецца, як сваё, уласнае, наша… І прыбіраньне іншае, і стаўленьне іншае. Людзі засталіся тыя ж, толькі дваіх набраў яшчэ, але зьмянілася стаўленьне да працы. Людзей шмат ідзе да нас, просяцца на працу”.
Фэрмэрам зараз зайздросьцяць, таму што ім ня трэба ўтрымліваць армію спэцыялістаў, якіх у калгасе звычайна больш, чым рабочых, і ніхто не даводзціь да ўласьнікаў пляны, што сеяць і як даіць. І самае галоўнае адрозьненьне – на новых фэрмах плацяць заробкі.
(Шандалаў: ) “Вось працуе мэханізатар. Ён за студзень не атрымаў заробак. Яму заліваюць 30 літраў “саляркі”. Ён зьлівае яе ў каністру і мае 5-6 тысяч рублёў. У калгасе на гэтым паліве ён заробіць 1-2 тысячы, ды і тое атрымае грошы праз 5 месяцаў. Таксама і даярка. Калі 5 літраў малака з фэрмы зьнясла, то мае на хлеб капейку. А ў нас – зарплату”.
Так распавядае пра розьніцу ў мэханізмах працы прыватніка і калгасу Анатоль Шандалаў.
Даяркі “Антэя” прызнаюцца, што ўпершыню ім хочацца працаваць, бо яны пачалі адрозьніваць новае жыцьцё ад былога, калгаснага.
(Спадарыня: ) “То сродкаў няма, то тэхнікі няма, то зап'юць. Заробак далі – усе п'яныя”.
(Спадарыня: ) “Нам тады было ўвогуле “напляваць”. Мы прыйшлі – нам трэба было адпрацаваць адзін дзень да вечара. Падаіў і пайшоў хутчэй дадому. Усё! Таму што мне па паўгоду не давалі заработную плату. Таму мне гэта было нецікава”.
У калгасе “Юны камунар” ня выплацілі заробак яшчэ за люты, а вось у фэрмэрскіх гаспадарках спраўна плацяць ужо тры месяцы.
* * *
Мясцовыя жыхары ў большасьці не ўскладаюць вялікіх надзеяў на выбары ў мясцовыя саветы, якія маюць адбыцца ў Беларусі.
(Спадарыня: ) “Мясцовыя, калі трэба іх абіраць, абяцаюць “залатыя горы”. Я вам і тое, і гэтае… Вось яны сышлі ў Менск, і там цяпер сядзяць”.
(Спадар: ) “Далёка хадзіць не трэба. Вось прыйшоў новы начальнік нашага цэху, дык ён усё сабе “дастаў”. Яму і торфу прывалаклі бясплатна на вучастак, і гною. Карацей, ён жыве для сябе. А мы – сьмецьце. Як былі, так і засталіся”.
Зразумела, што ёсьць іншыя, не такія катэгарычныя меркаваньні наконт мясцовых выбараў.
(Спадарыня: ) “Мне не абыякава, хто будзе ў нас пры ўладзе. На крайні выпадак, я мяркую, ужо ёсьць чалавеку куды зьвярнуцца па дапамогу. Магчыма, і да дэпутата, за якаго я галасавала, якога я абірала”.
Розьніцца стаўленьне да новых выбараў і ў мясцовых дэмакратаў.
Валянціна Моўчан, кіраўнічка мясцовай АГП, лічыць, што ўдзел у выбарах – гэта абавязак людзей, якія ўступілі ў палітычныя арганізацыі.
(Моўчан: ) “Мэтазгодна наглядаць, але і хочацца паспрабаваць удзельнічаць у самой выбарчай кампаніі”.
Аляксанд Саўчкоў, кіраўнік Чавускай арганізацыі партыі БНФ настойвае на тым, што ня варта браць удзел у выбарах у мясцовыя саветы.
(Саўчкоў: ) “Няма сэнсу. Таму што ўсё застанецца так, як і было”.
Актывіст Народнага Фронту упэўнены, што дэмакраты не перамогуць у барацьбе за мандаты ў мясцовыя саветы.
(Саўчкоў: ) “Ня ведаю – чаму, але ведаю, што ня выйграць. Таму што былі такія спробы і на другіх выбарах. Нічога не атрымалася. Народ падтрымае каго хочаш. У законах справа, у Лукашэнку”.
Аляксандар Саўчкоў і яго чавускія паплечнікі лічаць, што людзей можна ўзрушыць толькі на наступных менавіта прэзыдэнцкіх выбарах.
(Саўчкоў: ) “Людзі моцна расчараваліся ў сваім куміры Лукашэнку, нават пэнсіянэры. Малаверагодна, што яны пойдуць і прагаласуюць за яго”.
(Карэспандэнтка: ) “З чым вы зьвязваеце свае надзеі на будучае?”
(Саўчкоў: ) “Асабіста я і ўсе людзі – з выбарамі новага прэзыдэнта”.