Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мёры


Ігар Карней, Мёры

На пачатку былі Мёры. Усё, што прыдбала мястэчка за расейскім часам у 19 стагодзьдзі — гэта дадатковае “і” ў назьве. Вось і зараз на ўезьдзе ў горад бачу масіўны бэтонны знак з надпісам па-расейску — “Миоры”. Зрэшты, у саміх Мёрах, якія горадам сталі толькі 30 гадоў таму, да новага вымаўленьнья ніхто так і не прызвычаіўся.

Цэнтральная вуліца, натуральна, імя Леніна, нечакана заканчваецца над возерам так, што мясцовыя жыхары распавядаюць, як неаднойчы туды звальваліся аўтамабілі. Сьветлафораў у горадзе няма, замест іх паўсюдна знакі “Stop”. Колісь у вадзе стаяла статуя Божай маці. Яе зруйнавалі бальшавікі, гэтак жа, як і з касьцёлу зрабілі зернесховішча. Цяпер вернікі, сабраўшы 8 тысяч даляраў, замовілі новую выяву Божай маці зь дзіцем у руках, якая пакуль стаіць на касьцёльным цьвінтары, і вераць, што неўзабаве яна зойме месца сваёй папярэдніцы.

І пасёньня касьцёл у Мёрах паважаюць больш нават за школу. Толькі за апошнія дзесяць гадоў сем выпускнікоў пайшлі вучыцца на ксяндзоў, а некаторыя служаць зараз у Італіі, Чэхіі, Польшчы. А ксёндз Пятрайціс заўсёды ў эпіцэнтры мёрскіх палітычных падзеяў. Гаворыць настаўнік сярэдняй школы Алег Лапкоўскі:

(Лапкоўскі: ) “Адзін Пятрайціс зрабіў больш, чым усе школы, разам узятыя. Нават калі подпісы зьбіраліся за Шушкевіча, ён дазволіў паставіць лавы ў касьцёле, хто хацеў прыносіў пашпарты, калі йшоў на службу, і ставілі подпісы. Ну, а настаўнікі? Яны не разумеюць па сутнасьці, навошта беларуская мова, ня бачаць сувязі паміж мовай, незалежнасьцю і дабрабытам”.

Што ўражвае ў Мёрах, дык гэта ходнікі. Вялізныя, шасьцітонныя бэтонныя глыбы — вынік г.зв. канвэрсіі. 10 гадоў таму вайсковае лётнішча было зачыненае. І ўсё, што ад яго засталося, у прыватнасьці, пліты ўзьлётна-пасадачнай паласы, новы гаспадар — “Жылкамгас”, пераносіць на вуліцы гораду ці нават прадае ў Наваполацак. Разам са сваім мёрскім знаёмым Сашам ня можам устрымацца ад спакусы і на легкавіку разганяемся, як колісь гэта рабілі “МіГі”. Адначасна размаўляем.

(Карэспандэнт: ) “Калі апошні раз ты чуў гул вайсковых самалётаў?”

(Саша: ) “Гадоў 10 таму”.

(Карэспандэнт: ) “Яны сапраўды вам надакучвалі?”

(Саша: ) “Спаць перашкаджалі. І ўдзень, і ўноч лёталі”.

(Карэспандэнт: ) “Дык лепей стала, што самалёты прапалі?”

(Саша: ) “Ну, ходнікі гораду таксама патрэбныя”.

Узьляцець не ўдалося: як пісаў савецкі драматург 1930-х гадоў Капкоў — зямля прыцягнула. Крыху ад’ехаўшы ад кінутага лётнішча, сярод агародзікаў, якімі акальцаваныя Мёры, бачу яшчэ адзін закінуты аб’ект. Але ўжо зусім нядаўна — за новымі ўладамі. Гэта недабудаваны будынак новага раённага шпіталю. Знаёмлюся з чалавекам ў гадох. Назваўся Казімерам.

(Казімер: ) “Як толькі пачынаюцца выбары, дык бальніцу будуюць. І так ужо добрых дзесяць гадоў. Але цяпер яна ўжо ў такім стане, што сьледам адразу развальваецца. Раён наш даволі вялікі, а шпіталь толькі адзін. Хворых жа многа, людзі дрэнна харчуюцца. Быў бы дадатковы шпіталь, была б хоць нейкая дапамога. Зараз у шпіталь рэдка і кладуць, калі толькі тых, хто ўжо зьбіраецца на той сьвет”.

(Карэспандэнт: ) “Але я ехаў побач са шпіталём і бачыў, што там стаіць кран”.

(Казімер: ) “Кран стаіць ужо дзесяць гадоў і гніе разам з будматэрыяламі. Галоўны лекар нядаўна выступаў па радыё зь вялікімі спадзяваньнямі на тое, што шпіталь будзе пабудаваны перад выбарамі. Быццам і Лукашэнка абяцаў да 2003 году ўсе даўгабуды скончыць. Але пакуль што зрухаў ня бачна”.

“Наведаўшы” такім чынам шпіталь, скіроўваюся на пошту. Вялікае памяшканьне, устаўленае кветкамі. Падышоў да акенцаў — узьнікае адчуваньне, што ты не на пошце, а ў краме тавараў штодзённага попыту. Завязваю размову з супрацоўніцай Клеапатрай Мізер.

(Мізер: ) “Прадаём усё: пральны парашок, мыла, адэкалёны; спэцыі, цукеркі, макаронныя вырабы. Цяпер ня так карыстаюцца попытам паслугі пошты. Каб выжыць, вымушаныя найперш гандляваць”.

А крыху пазьней, наведаўшы, прабачце, адну зь мёрскіх прыбіральняў, убачыў замест туалетнай паперы вялізны стос паштовых блянкаў з выявай Пагоні і надпісам — “Рэспубліка Беларусь”. Па тлумачэньні вяртаюся на пошту, да спадарыні Клеапатры.

(Мізер: ) “Гэта ж нашыя квітанцыі, мы па іх прымалі пасылкі, бандэролі. А як усё скасавалі, яны й засталіся па-за справай. Чысьцюткія, мягкія (сьмяецца). Цяпер зусім іншая форма, а тыя блянкі несапраўдныя. У нас і маркі былі з Пагоняй, але хуценька ўсё адмянілі. Прыйдзе нехта іншы да ўлады, нешта сваё прыцягне. Тады Лукашэнкавы блянкі будзем у прыбіральню насіць. І такое ж можа быць”.

Спадарыня Клеапатра на разьвітаньне сказала, што людзі мала выпісваюць газэтаў, пераважна гэта выданьні забаўляльныя. У той жа час адукаваныя маладыя людзі, якім наканавана жыць у глыбінцы, цягнуцца да інфармацыі. Адкуль бяруць яны яе?

(Анатоль: ) “У асноўным з тэлебачаньня: РТР, ОРТ гляджу. БТ — ніколі ў жыцьці! Глядзець гэты канал, лічу, ніжэй за маю годнасьць. Таксама гляджу Прыбалтыку: Латвія блізка, паказвае сем каналаў. Сачу за латыскімі навінамі, там таксама часта можна пачуць пра Беларусь. Такім чынам, інфармацыю зьбіраю часткамі: дзе Расея скажа праўду, дзе Латвія. “Народную Волю” часам пачытаеш. Але рэдка...”

У кніжнай краме паліцы не пустуюць. Пакупнікоў толькі, як кажа загадчыца кнігарні спадарыня Ала, апошнімі гадамі заўважна паменшала.

(Ала: ) “Найбольшым попытам карыстаюцца тыя кніжкі, якія патрэбныя і безь якіх людзі ня могуць жыць. Гэта дапаможнікі для тых, хто паступае. Даведачная літаратура, неабходная дзеля працы. На астатнюю літаратуру, попыт, натуральна, стаў меншы. Таму калі раней пяць чалавек у краме працавала, то цяпер і адзін спраўляецца. І гэта раённая кніжная крама — уявіце!”

Па мёрскіх вуліцах, пераважна аднапавярховай забудовы, можна хадзіць спакойна, не баючыся, што раптам падаб’е аўтамабіль. Проста іх тут няшмат. Дый тыя старэнькія. Таму новы шыкоўны “Мэрсэдэс”, на якім ад сёлетняй вясны пачаў разьяжджаць старшыня райвыканкаму, выклікаў у насельнікаў шмат эмоцыяў. Асабліва ў моладзі, якая бачыла нешта падобнае хіба па тэлевізары.

(Хлопец: ) “Адзін “Мэрсэдэс” кідаецца ў вочы, бо аўтамабіль коштам каля 65 тысяч даляраў даецца ня простаму чалавеку, а набліжаным. За гэтыя грошы аднаму раёну хапіла б зрабіць пасяўную. Але самім прэзыдэнтам быў зроблены іншы выбар: даць шыкоўныя машыны кіраўніцкім арганізацыям”.

(Карэспандэнт: ) “Сярэдні жыхар Мёраў якую машыну можа сабе дазволіць?”

(Хлопец: ) “Жыгулі “дзявятка”, на скрайні выпадак — просьценькая іншамарка. Большая частка насельніцтва — ніжэйшы пласт, які не атрымлівае своечасова заробку, машыны мае. Але гэтыя машыны альбо ніколі ня езьдзяць, альбо езьдзяць вельмі рэдка, паколькі не хапае сродкаў на бэнзын. Няма грошай”.

Напэўна, з акна “Мэрсэдэсу” раённае начальства бачыць урослыя ў зямлю хаціны, у якіх дажываюць век пэнсіянэры. Бабуля Галя жыла і за польскім часам, і за саветамі, і цяпер жыве ў новай Беларусі.

(Бабуля Галя: ) “Да вайны як царыца жыла. Усе працавалі на гэтай зямлі, апраналіся прыгожа, і пад’еўшыя былі, і вольныя, і танцавалі, і сьпявалі — весела было. А толькі заступілі калгасы — як падмянілі людзей бедных. Мы ж працавалі задарма. Так і зараз пэнсіянэры наогул жывуць — хай Бог сьцеражэ. У нас побач старушка адна жыве. Апроч хлеба і малака нічога ня мае, і тое ня ў волю.

А як я пры сям’і, дык, натуральна, я не галодная, ня босая. Яны ж усе працуюць. У мяне, дарэчы, у Канадзе ёсьць залоўка. Яна за сваю пэнсію што хоча есьць, дзе хоча адпачывае — па ўсім сьвеце. І мне тое-сёе прышле: туфлі, сукенку, грошы. А я каб за сваю пэнсію? Малака купіла б, якую булку, ды ўсё”.

Зрэшты, на жыцьцё наракаюць і маладзейшыя — тыя, хто мае працу. На некалькіх прадпрыемствах мясцовай прамысловасьці (малаказаводзе, хлебазаводзе, камбікормавым, мясакамбінаце) людзі як могуць трымаюцца за працу, ня гледзячы на нізкія заробкі. Рабочы мясакамбінату прыгадвае, што падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі завод, які цягам амаль сарака гадоў славіўся нават за межамі Беларусі, трымаўся. І нават ня дрэнна.

(Рабочы: ) “Шмат працавалі, асабліва машыннае аддзяленьне, дзе вытворчасьць каўбасаў. Прымушалі працаваць звыш нормы, даводзілася нават да восьмай вечара. Але пасьля заканчэньня ўсіх гэтых выбараў вытворчасьць спынілася”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму менавіта перад выбарамі, куды ішло столькі харчаваньня?”

(Рабочы: ) “Усім вядома, што напярэдадні выбараў паліцы крамаў літаральна ломяцца. Выбары прайшлі, і гэта стала нікому не цікава. Мала таго, цяпер мясакамбінат купляе мяса ня тут, а ў Польшчы, Нямеччыне. Гэта выгадна. Мінулы месяц расейскія скатавозы набывалі па раёне скаціну і білі на нашым жа камбінаце. А тушы завозілі ў Расею. Так што і такія парадоксы прысутнічаюць. А мясцовым жыхарам, каб здаць на мясакамбінат карову, цалкам праблематычна. Нават калі і прымуць, то калі выдадуць грошы, ніхто ня ведае. На камбінаце ідуць вялікія скарачэньні, людзі баяцца згубіць працу, бо знайсьці новуютут немагчыма. Таму трымаюцца як могуць. І ніякіх выступаў з боку працоўных быць ня можа”.

Тым часам, калі стаяць заводы, мёрцы ўвосень поўзаюць па балотах, зьбіраючы журавіны і прадаючы за бясцэнак. Але апошнія гады зьявілася яшчэ адна крыніца даходаў: яны зьбіраюць адмысловых сьлімакоў, якіх за польскімі часамі разводзілі ды елі мясцовыя паны. Паноў саслалі, ці яны зьехалі самі. Сьлімакі перажылі сваіх гаспадароў. І раптам на іх зьявіўся попыт. У закінутых фальварках непадалёку ад Мёраў людзі зьбіраюць жывы далікатэс для францускіх, італьянскіх ды нямецкіх рэстарацыяў. Здаюць жа мясцоваму прыватнаму нарыхтоўшчыку.

(Нарыхтоўшчык: ) “Людзі нясуць, канечне. Разьлік адразу на месцы. Паколькі заробкі ўвесь час затрымліваюць, дык кажуць: хоць на хлеб, і тое добра. Бабка-пэнсіянэрка прыносіць сумку: “Ой, сыночак, на тыдзень хлеба накуплю”. А так, бывае, прывозяць па 300 кіляграмаў на дзень некаторыя”.

(Карэспандэнт: ) “Самі не спрабавалі на смак?”

(Нарыхтоўшчык: ) “Сам не, але іншыя спрабавалі. Распавядалі так: дасталі са шкарлупіньня, пасмажылі — быццам нічога, смачна, адзінае, грыбамі крыху аддаюць. Але пад гарэлку можа што і не разабралі. Што нязручна, дык пакуль сьлімакі пастаяць, яны паступова высыхаюць, вільгаць губляюць. Ім увесь час патрэбная вада, паліваеш гэтыя скрыні бясконца. Неяк у гаражы склаў, запамятаваў, дык так засьмярдзеліся, што два тыдні ў гараж зайсьці ня мог”.

У цэнтры Мёраў — маляўнічае возера з пляжнай паўвыспай і невялічкімі піўнымі шалманамі. На выспе знаходзілася і галоўная мясцовая славутасьць, пазначаная ва ўсіх энцыкляпэдыях — Курган Славы з закапаным у капсуле пасланьнем нашчадкам. Дарэмна шукаў я гэты Курган. Цяпер на яго месцы клюмба. А дзе ж Курган, дзе тая капсула? — пытаюся ў краязнаўцы Вітольда Ермалёнка.

(Ермалёнак: ) “Капсулу закладваў сакратар райкаму, іншыя афіцыйныя асобы — ад шчасьлівага сёньняшняга для ня меней шчасьлівага будучага. Але аднойчы ўначы, без усялякага абмеркаваньня з грамадзкасьцю, ціхаматам разрылі і зрабілі траўнік. Як ціха схлынуў камунізм, дык і ідэалы ў адну ноч памяняліся”.

Ціха цячэ жыцьцё ў Мёрах...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG