(Дзікавіцкі: ) “Каб раніцай зь Пінску трапіць у Давыд-Гарадок, трэба рабіць перасадку ў Століне. Аднак сёньня бліжэйшыя аўтобусы да Давыд Гарадка невядома чаму адмянілі і цяпер трэба йсьці пешшу да гарадоцкай шашы на другі бок Століна добрыя 5 кілямэтраў – лавіць папутку...
Анатоль, кіроўца КАМАЗа, які згадзіўся падвезьці мяне да Давыд-Гарадку, цяперашнім сваім жыццём не задаволены. Ён лічыць, што ў гэтым вінаватыя няўмелыя кіраўнікі і чамусьці – банкі. Анатоль кажа, што каб усё выправіць, трэба зрабіць наступнае:
(Кіроўца КАМАЗа: ) “Трэба каб быў адзіны банк, адзіны закон, якому ўсе б падпарадкоўваліся і тады будзе парадак…”
(Дзікавіцкі: ) “Давыд-Гарадоцкая аўтастанцыя была пабудаваная летась дзякуючы сьвяткаваньню 900-гадовага юбілею мястэчка. Побач – таксама новы гарадзкі кірмаш. Так што горад у простым сэнсе пачынаецца зь кірмашу. І гэта нездарма так, бо спрадвеку гарадчукі жывуць гандлем ды рамёствамі. Нават на старажытным гербе гораду, які калісьці быў партовым, выява лодкі з таварамі. А вырабы гарадоцкіх рамесьнікаў былі вядомыя далёка па-за межамі Беларусі.
Цяпер большая палова кірмашу занятая насеньнем кветак і гародніны, якое вырошчваюць тут ледзь ня ў кожнай сям’і. Гандлююць у асноўным кабеты сталага ўзросту, якія не змаглі паехаць, як тут кажуць, “на вэсну”. Гэта значыць – гандляваць насеньнем за мяжу: у Расею, Казахстан, Украіну, Польшчу і нават ваюючую Чачэнію. Насеньне з Давыд-Гарадку вядомае паўсюль, і гандляры зь іншых месцаў нават часам выдаюць сваё насеньне за гарадоцкае – каб лепш куплялі.
Гандляркі відавочна былі радыя пагаманіць з новым чалавекам пра сваю справу, жыцьцё, ды заадным і пахваліць свой тавар:
(Гандлярк: і) “Мы з гэтага жывем. І кветкі прадаем, а часам шкадуем і не прадаем, каб культуру насеньня падтрымаць”.
“Куды хочаце, па ўсім савецкім саюзе – і падзякі прыходзяць, і закупляюць тавар прыязджаюць, карацей, з гэтага людзі і жывуць”.
“Мне 79 гадоў, я вырошчваю кветкі і прадаю і буду вырошчваць колькі мяне гасподзь на сьвеце будзе трымаць, бо я вельмі люблю кветкі. Гэта ўжо спрадвеку – мы вырасьлі на гэтым, і дзяды і прадзеды займаліся насеньнем”.
(Дзікавіцкі: ) “Дзеля вырошчваньня насеньня выкарыстоўваецца кожны кавалачак зямлі на падворку – пустазельля няма нідзе. Пасьля штодзённага летняга дагляданьня ды паліўкі, восеньню гаспадары зьбіраюць насеньне ды расфасоўваюць яго ў маленькія папяровыя пакецікі, якімі, дарэчы, занятая другая палова гарадоцкага кірмашу.
Напрыканцы зімы, каля паловы насельніцтва сямітысячнага гораду пачынае ад'язджаць на гандаль на 3-4 месяцы. Маштабы гэтага ад'езду я зразумеў, калі выйшаў у горад – па-за кірмашом ён аказаўся абсалютна пустым. Прашыбаваўшы апоўдні кілямэтры два ўздоўж цэнтральнае вуліцы, я пабачыў ня болей за 5 чалавек. І гэта пры тым, што з трох прамысловых прадпрыемстваў гораду адносна стабільна працуе толькі хлебазавод, а на найбольш буйным – электрамеханічным заводзе, дзе яшчэ нядаўна працавала 1200 чалавек – апошнім часам колькасьць рабочых скарацілася ледзь не ў 4 разы, ды й тыя зарабляюць 20-30 тысячаў.
Праблема працаўладкаваньня і нізкіх заробкаў – адна з найбольш сур'ёзных у Давыд-Гарадку, асабліва для моладзі.
(Голас: ) “Усе прадпрыемствы стаяць, у калгасах зусім немагчыма працаваць”.
(Голас: ) “Заробіш 20 тысячаў, ды атрымаеш праз тры месяцы, дык зусім за іх нічога ня купіш!”
(Дзікавіцкі: ) “А ці спадяецеся Вы, што дзяржава дапаможа Вам атрымаць добрую працу? “
(Голас: ) “Я ўжо ні на кога не спадзяюся. Вы спадзяваліся б, калі б атрымлівалі столькі грошай, што не хапае на хлеб?“
(Голас: ) “Прэзідэнт выступае, што заробак будзе 100 даляраў. А дзе яны? 19 тысячаў атрымліваю і ўсё“.
(Дзікавіцкі: ) “Дарэчы, летась траціна выпускнікоў мясцовых школаў не пашлі далей ні вучыцца, ні працаваць. Пры гэтым ніякіх страйкаў ці пратэстаў супраць скарачэньняў ды адсутнасьці працы не было. Ратуе насеньне.
А калі маладым гарадчукам няма ні працы, ні вучобы, дык адзінае месца, куды выпадае пайсьці адпачыць, гэта гарадзкая дыскатэка, якая дагэтуль месьціцца ў будынку былога касьцёлу.
Другая надзённая праблема жыхароў Давыд-Гарадку – гэта здароўе, ці адсутнасьць магчымасьці якаснага лячэньня і прафіляктыкі захворваньняў. У паліклініцы бракуе сучаснага абсталяваньня, не хапае лекаў і нават няма прыстойнага памяшканьня.
(Голас: ) “Асноўнае, каб у нас нарэшце ў паліклініцы было добрае абсталяваньне дзеля праверкі. У нас радыяцыя, і дзеці вельмі слабыя. Трэба, каб была апаратура, каб мы маглі правяраць дзяцей і самі праверыцца”.
(Голас: ) “У Давыд-Гарадку шмат паміраюць ад радыяцыі, і нічога не дапамагае”.
(Дзікавіцкі: ) “Галоўны ўрач Давыд-Гарадоцкай бальніцы Міхаіл Янкоўскі кажа, што падвышэньня колькасьці захворваньняў за апошнія гады няма, акрамя аднаго, але вельмі небясьпечнага:“
(Янкоўскі: ) “Адзінае, дзе ёсьць пагаршэньне, гэта зьявіўся рак шчытападобнай залозы, якога да Чарнобылю не было. Па гэтым паказчыку пагаршэньне здароўя відавочнае. Гэта факт. Да 86-га раку шчытападобнай залозы не было, а ад 86 году і да сёньняшняга часу – ёсьць”.
(Дзікавіцкі: ) “Ёсьць таксама хворыя на лейкоз і сухоты. Насельніцтва гораду штогод памяншаецца па колькасьці і старэе…
А на цэнтральнай плошчы гораду, амаль побач з помнікам Леніну – помнік заснавальніку гораду – валынскаму князю Давыду Ігаравічу. Брукаванка вакол новага помніка зробленая з шасьцівугольных польскіх плітак – дзеля гэтага будаўнікі разабралі адну з вуліцаў гораду, пабудаваную яшчэ ў 30-я гады. Адметна, што плошча з князем Давыдам увогуле ня мае афіцыйнай назвы, але тутэйшыя называюць яе “плошча Давыда“. Як ні дзіўна, ніколі не было ў Давыд-Гарадку і вуліцы імя правадыра ўсясьветнага пралетарыяту. Настаўнік гісторыі Віктар Вабішчэвіч, якога мы сустрэлі, тлумачыць гэта наступным чынам:
(Вабішчэвіч: ) “Тады вы разумееце: дзеля вуліцы Леніна трэба было знайсьці нармалёвую вуліцу. Пасьпяшылі проста. Нармальныя вуліцы назвалі: Калініна, Кастрычніцкая і Савецкая – усе такія, што крануць нельга. Дзе знайсьці вуліцу для Леніна? Астатнія ж вуліцы – без гумовых ботаў ня пройдзеш. Якая ж гэта вуліца – кампрамат! Таму і не было ніколі”.
(Дзікавіцкі: ) “Дарэчы, і дагэтуль на некаторыя гарадзкія вуліцы ня можа нават заехаць машына хуткай дапамогі.
Віктар Вабішчэвіч лічыць, што за апошнія гады сытуацыя ў ягонай школе, у горадзе і ўвогуле ў краіне пагоршылася. Але спадар Вабішчэвіч лічыць, што шмат чаго можна зьмяніць праз выбары”.
(Вабішчэвіч: ) “Я веру ў сілу дзяржавы, і тое, што, канечне ж, калі даць кіраўніцтва разумнае – ад першага кіраўніка, самага нізкага, да самага галоўнага кіраўніка, калі даць чалавеку пэрспэктыву, калі жыць нейкай нацыянальнай ідэяй, вывесьці некуды гэтую краіну, то, безумоўна, лёгка можна дабіцца. З нашымі людзьмі проста трэба ўмець павярнуць, на што нацыю накіроўваць: ці купляць танную гарэлку і яе піць, ці на нейкую стваральную працу”.
(Дзікавіцкі: ) “Што да палітычных поглядаў гарадчукоў, дык адзінае, што нам удалося даведацца, гэта пра дзьве партыі, якія не падабаюцца прадавачкам з прамтаварнай крамы ў цэнтры гораду:
(Прадавачкі: ) “Толькі не ЛДПР і не камуністы! Так, супраць Пазьняка і разумець нічога не хачу!“
(Дзікавіцкі: ) “Ня вызначыліся пакуль гарадчукі, за каго галасаваць на маючых адбыцца выбарах, бо ня ведаюць альтэрнатыўных кандыдатаў. А спроба даведацца пра цяперашняе жыцьцё людзей, што агітавалі на колішніх выбарах за цяперашняга кіраўніка Беларусі, скончылася правалам – сярод тутэйшых такіх не было. Тады ў Давыд-Гарадку на выбарах перамог Зянон Пазьняк.
Гарадзкія крамы, што на цэнтральнай вуліцы Калініна, пафарбаваныя выключна ў бела-чырвоныя колеры.
Прадавачка кажа, што выручка апошнім часам зусім малая, бо ў горадзе засталіся адныя пэнсіянэры, якія купляюць толькі хлеб і малако. У сваю чаргу пэнсіянэры скардзіліся на высокія кошты і малую пэнсію“.
(Прадавачка: ) “У асноўным малако, крупы, калбасу зусім не купляюць пэнсіянэры”.
(Галасы: ) “Зараз вельмі дарагая ежа, вельмі. Пра вопратку не гаворым ужо, а ежа ня мусіць быць такая дарагая. Гэта ж немагчыма, каб бохан хлеба каштаваў 400 рублёў!”
(Галасы: ) “Штодзень горш, а ня лепш стала. Хлеб дарагі, усё дарагое.
Прыбавяць пэнсію на 500, а кошты на 1000. Так яно і ёсьць.”
(Дзікавіцкі: ) “Давыд-Гарадок яшчэ часам называюць краінай у краіне за тое, што ягоныя жыхары, якія пакаленьнямі жылі ў аддаленым і цяжкадаступным раёне Палесься на беразе Гарыні, паводле свайго мэнталітэту ды звычкаў не падобныя ні на каго.
Сапраўды, у гэтым старажытным горадзе кветак і насеньня, дзе ўсе адзін аднаго ведаюць, няма варожасьці паміж людзьмі супрацьлеглых палітычных поглядаў, розных нацыянальнасьцяў ды веравызнаньня. Цяжка ўявіць, каб у якім-небудзь іншым горадзе на Беларусі дырэктарам музычнай школы, якая месьціцца побач з будынкам РАУС, працаваў актывіст Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, а сябры Народнай Грамады спакойна абмяркоўвалі апошнія менскія акцыі пратэсту з мясцовымі камуністамі. Выказаць свае меркаваньні актывісты пазначаных партыяў могуць у адзінай незалежнай газэце рэгіёну, якая выдаецца ў Століне. Недзяржаўных грамадзкіх арганізацыяў у Давыд-Гарадку няма.
Побач з тутэйшымі ў Давыд-Гарадку жыве шмат цыганоў, а ў навакольных вёсках побач з праваслаўнымі хутка павялічваюцца пратэстанцкія абшчыны.
Суседзі часам зайздросьцяць іхнаму дабрабыту, недалюбліваюць за некаторае “куркульства”, але ўсе пагаджаюцца, што гарадчукі – народ надзвычай руплівы і самастойны.
А што думаюць самі тутэйшыя?
Гаворыць намесьнік старшыні мяйсцовага гарвыканкаму Валеры Кавалец”.
(Кавалец: ) “Працавітасьць і здольнасьць заўсёды знаходзяць выйсьце. Людзі паказалі, што шмат якія праблемы яны вырашаюць, не абапіраючыся на дзяржаву”.
(Дзікавіцкі: ) «Сябра Народнай Грамады Раман Пышняк”.
(Пышняк: ) “Ва ўсе часы гарадчукі спрабавалі дыстанцыянавацца ад улады і заўсёды шукалі як быць незалежнымі і працаваць на сябе”.
(Дзікавіцкі: ) «Інжынэр Міхась Данько”.
(Данько: ) “Асноўная адметнасьць гарадчукоў – абы ціха! Гэта наколькі добра, настолькі і ня вельмі. Таму што калі ціха, то можна і далей нішчыць, давіць. А з другога боку – у нас няма ні гучных злачынстваў, няма зьнявагі да іншых”.
(Дзікавіцкі: ) “За савецкім часам улады ўсяляк змагаліся з вырошчваньнем ў Давыд-Гарадку насеньня ды кветак – руйнавалі парнікі і нават перапынялі міжгароднія аўтобусы, якія выязджалі з гораду, каб праверыць, ці ня едзе ў іх хто-небудзь з насеньнем гандляваць. Цяпер усё зьмянілася, можна нават афіцыйна не працаваць, і гарадчукі ўсяляк спрабуюць захаваць сваю цяперашнюю свабоду.
У горадзе, дзе ў кватэрах ніколі не бывае гарачай вады, ня ходзяць аўтобусы, няма Інтэрнэту і працоўных месцаў, жыхары ня йдуць скардзіцца ды патрабаваць гэтага ад камунальнікаў, сувязістаў ці выканкаму і нават не становяцца на ўлік на біржы працы. На гэта проста няма часу. Трэба добра падрыхтавацца – хутка ехаць “на вэсну”.
Адзін мой суразмоўца сказаў: ”Улада хай будзе якая заўгодна. Калі яна ня будзе нас чапаць тры месяцы ў год і дасьць спакойна пагандляваць, астатнія дзевяць месяцаў мы ня будзем чапаць яе”.
Увечары па дарозе на аўтастанцыю на вуліцы Энэргетычнай на слупе заўважыў шыльду: “Выканкам – 130 мэтраў”. Шыльда перакасілася, і стрэлка паказвала прама ў вялізную, на паўвуліцы, калюжыну.
У Століне аўтобуса ізноў няма, толькі гэтым разам у бок Пінску. Іду лавіць папутку...”