“Савецкая Беларусь”, 1943 год. Артыкул Якуба Коласа “Набліжаецца час расплаты”:
“Трэці год нямецкая парша разьядае цела твае зямлі, мой родны беларускі народ. Трэці год на сьветлых тваіх прасторах топчуцца капыты гітлераўскіх тупамордых сьвіней. Зь нямецкімі нагласьцю і нахабнасьцю заводзіць свае парадкі прускі разбойнік і чыніць зьдзек над нашымі мірнымі людзьмі… Браткі-беларусы! Усе свае здольнасьці, выдумку, хітрасьць пускайце ў ход, каб немец адчуў агонь пад нагамі. Калі ў вашыя рукі пападзецца здраднік, нямецкі прыслугач, не шукайце асіны, а вешайце яго на першым-жа дрэве. Няхай атрутаю стане і ім, і прыслужнікам іх вада і раса на паляне і ягады пушчаў глухіх”.
“Звязда”, 1953 год:
“Урачыста адзначылі Дзень Ваенна-Марскога флёту СССР працоўныя нашай рэспублікі. Ва ўсіх гарадах, раёнах, пярвічных арганізацыях ДТСААФ прайшлі сходы, масавыя спаборніцтвы. Тысячы працоўных сталіцы рэспублікі прынялі ўдзел у масавым гуляньні на Менскім возеры. У гадзіну дня тут пачаўся парад шлюпак. Парад акрывае кацер, пабудаваны і любоўна аддзеланы членамі пярвічнай арганізацыі ДТСААФ завода імя Кірава. Цікава прайшлі шлюпачныя гонкі, у якіх прынялі ўдзел каманды марскога клюба і пярвічных арганізацый ДТСААФ. Да позьняй ночы ў парках прадаўжаліся народныя гуляньні ў чэсьць усенароднага сьвята савецкіх маракоў”.
“Чырвоная змена”, 1973 год. Нататка зь Віцебску “Юбілей трамвая”:
“Грамадзкасьць гораду адзначыла 75-годзьдзе з дня пуску першага ў Беларусі трамвая. Гісторыя яго пачалася ў 1898 годзе зь пяці кілямэтраў пуцей і 18 вагонаў. Цяпер даўжыня трамвайных ліній у горадзе складае 50 кілямэтраў. Дзейнічаюць 7 маршрутаў. Штодзённа на лінію выпускаецца каля 130 вагонаў і перавозіцца да 170 тысяч пасажыраў. Трамвай у горадзе атрымлівае далейшае разьвіцьцё. У 1975 годзе будзе адкрыт рух па Смаленскай шашы. Даўжыня новага маршруту складзе звыш шасьці кілямэтраў”.