Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 25 ЛІПЕНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Наша ніва”, 1913 год. Зацемка “Беларускі ўнівэрсытэт”:

“Мы ўжо пісалі аб тым, што гарады: Вільня, Мінск, Вітэбск стараюцца адзін перэд адным, каб унівэрсытэт быў у іх. Найбольш-жэ стараецца “выпрасіць” сабе той унівэрсытэт Вільня. Палякі, хоць і не аб іхнім унівэрсытэце гутарка ідзе, занепакоены тым, каб ён ня стаў огнішчам абрусеньня. Расейскіе націоналісты баяцца чаго іншаго: яны падазрэваюць, што будучы унівэрсытэт будзе крыніцай апалячэньня. Але ніхто не рахуецца з мейсцовым беларускім народам. Беларусы ва ўсёй гэтай справе іграюць ролю, так сказаць, “пушэчнаго мяса”, ці таго мядзьведзя, не забітаго яшчэ, аб скуру катораго паляўнічые калісь то сварыліся”.


“Савецкая Беларусь”, 1923 год:

“Самалёт “Савецкая Беларусь”, які пабудаваны на сродкі дабравольных ахвяраваньняў сялян і рабочых Беларусі, сёньня перадаецца Чырвонай Арміі. Гэта першы самалёт у сьвеце, які мае на сваіх крыльлях надпісы пабеларуску і пажыдоўску. Гэта першы самалёт, які працоўную беднату Савецкай Беларусі прыабшчае да гэткіх вялікіх заваёў чалавецтва, як авіацыя. 25 ліпеня — павінна быць днём авіацыі на Беларусі. Учора мы толькі марылі аб самалёце, сёньня ён ужо носіцца над намі, а заўтра цэлыя эскадрыльлі закрыюць блакітную даль”.


“Свабода”, 1993 год. Алесь Ліпай натуе:

“У той час, як Кебіч прымаў Марыю Сортэ, Шушкевіч сустракаўся зь Білам Клінтанам. Візыт Шушкевіча ў ЗША, хоць ён і не першарадны для амэрыканскай прэсы, але для Беларусі мае выключнае значэньне. Вынікі яго — сапраўды беспрэцэдэнтныя для маладой беларускай дзяржавы. 59 мільёнаў даляраў у якасьці бязвыплатнай амэрыканскай дапамогі ў рамках закону Лугара-Нана нашмат пераважаюць рублёвы крэдыт, выпрашаны нядаўна Кебічам у Масквы. Гаворка пра сур’ёзныя гарантыі бясьпекі Беларусі з боку ЗША, якія вяліся на найвышшым узроўні, зноў-такі моцна б’е па пазыцыі далучэньня нашай рэспублікі да дагавору аб калектыўнай бясьпецы. Кіраўніцтва ЗША запэўніла, што ўлічыць зацікаўленасьць Беларусі ў атрыманьні сваёй справядлівай часткі ад продажу Расеяй ЗША высокаўзбагачанага ўрану. Агульная выручка ад яго продажу складзе каля 10 млрд. даляраў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG