“Звезда”, год 1923. Усевалад Ігнатовіч у артыкуле “Росквіт беларускай культуры” піша:
“Шырока разьвінулася выдавецтва ў беларускай мове. Выдавецтва ўжо мае чытача, ужо зьявілася вялікае запытаньне на беларускае друкаванае слова. Капіталы выдавецтва растуць і робяць свае няхуткія, але пэўныя абароты. Газэта “Савецкая Беларусь” зь невялічкай лістовачкі вырасла ў поўны штодзенны ліст з 4-ма старонкамі, каторых ёй вельмі часта не хапае. Вырас першы марксіцкі журнал у беларускай мове “Полымя”, чацьвертая кніжка каторага на гэтых днях павінна выйсьці з друку. Журнал згуртаваў укола сябе маладых беларусаў-марксістаў і пракладае новыя сьцежкі ў зразуменьню і выяўленьню беларускага руху”.
“ЛіМ”, 1933 год. Рэдакцыйны артыкул “Актыўна ўдзельнічаць у чыстцы партыі”:
“Чыстка ж партыі дае вялізарныя магчымасьці пісьменьнікам уключыцца ў барацьбу партыі супроць нацдэмаўскіх і бундаўскіх элемэнтаў, супроць усялякіх апартуністаў і контаррэвалюцыйных трацкістаў. Пісьменьнікі асабліва могуць дапамагчы партыі выкрываць бундаўскія, нацыянал-дэмакратычныя і да іх падобныя элемэнты на фронце культуры, літаратуры і мастацтва. Мабілізуем усю ўвагу на чыстку шэрагаў партыі! Дадзім нарысы, заметкі і справаздачы, вершы пра ход чысткі! Выкарыстаем пэрыяд чысткі для ўмацаваньня актыўнага ўдзелу савецкіх пісьменьнікаў ў барацьбе за генэральную лінію партыі”.
“Голас Радзімы, 1973 год:
“Менск — горад з больш чым мільённым насельніцтвам — ужо даўно мае патрэбу ў вялікім добраўпарадкаваным рынку. Будаўніцтва Цэнтральнага крытага рынку агульнай плошчаю 103 на 103 мэтры вядзецца ў раёне былой Камароўкі. Нямала часу і працы спатрэбілася будаўнікам, каб выслабаніць плошчу для забудовы, бо тут быў здаўна густазаселены раён гораду. Многія мянчане з драўляных дамоў калісьці ўскраіннай Камароўкі перасяліліся ў добраўпарадкаваныя кватэры. Цяпер будуюцца адміністратыўна-гаспадарчы блёк рынку, службовыя памяшканьні, склады”.