Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 30 ЧЭРВЕНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Звезда”, 1923 год:

“Таварыскае гуляньне. Сёньня ў парку і летнім садзе “Чырвоны Профінтэрн” адбудзецца вялікае таварыскае партыйна-прафэсійнае гуляньне. Канцэрт на карысьць Паветранага флёту па велізарнай праграме. Увесь збор пойдзе на будаўніцтва аэрапляну “Беларускі Пралетар”. Пачатак а 6 гадзіне вечара. Абавязак кожнага члена партыі і прафсаюзаў быць сёньня вечарам у садзе”.


“Віцебскі пралетар”, 1933 год. Пастанова Віцебскага гарсавету “Аб забароне калакольнага звону ў цэрквах”:

“У сувязі з хадайніцтвам рабочых і служачых заводаў і фабрык гораду Віцебску аб забароне калакольнага звону ў царквах, які шкодзіць працы заводаў і фабрык, уводзячы ў абман рабочых і служачых, падмяняючы заводзкія і фабрычныя сыгналы, а часта і зусім заглушаючы фабрычныя гудкі і пажарны звон, Віцебскі гарсавет пастанавіў: 1.Забараніць, пад адказнасьць царкоўных саветаў, які б там ні было звон ва ўсіх цэрквах гораду Віцебску. 2.Асобы, вінаватыя ў парушэньні гэтай пастановы, падлягаюць адказнасьці ў адміністрацыйным парадку — штрафу да 100 рублёў або прымусовай працы да 14 дзён. 3.Нагляд за выкананьнем гэтай пастановы ўскладаецца на рабоча-сялянскую міліцыю. 4.Гэтая пастанова набывае моц з дня апублікаваньня. Старшыня гарсавету Кардашэнка. Сакратар Квінта”.


“Ударны фронт”, 1993 год. Выступ інспэктара райана А.Казлоўскага “Толькі саступае італьянскай”:

“Жыхары гораду, лічачы, што яны размаўляюць па-расейску, бо гарадзкія ўсё ж такі, ужываюць пры гутарцы больш за 70% беларускіх слоў. Што гэта за мова? Вучоныя-філёлягі называюць такое “трасянкай”. Як жа мы тады ставімся да мовы, якая займае другое месца ў сьвеце (пасьля італьянскай) па прыгажосьці гучаньня, мэлядычнасьці. Летась усе першыя клясы ў школах раёну сталі беларускамоўнымі. Гэта пачатак пераходу на беларускамоўнае навучаньне. Цяжкі шлях вяртаньня, але беспаваротны і патрэбны. Патрэбны перш за ўсё падрастаючаму пакаленьню, будучыні Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG