Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 10 ЧЭРВЕНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Палеская праўда”, 1933 год. Яўхім Рымерман, артыкул “Культработу — на ўзровень задач дня”:

“Працоўныя па сваёй ініцыятыве ператварылі рад цэркваў і сынагог Гомелю ў дамы культуры, школы і майстэрні. Пакасіўшыяся ліхтары зьмеценыя моцным сьвятлом Гомельскай ЦЭС. Электрычная лямпачка, якая калісьці гарэла толькі ў князя Паскевіча і пана Радзіеўскага, цяпер гарыць сьветлячком культуры ў кожным доме працоўнага. А школы, а інстытуты — мэханічны, лясны, пэдагагічны, аўтатрактарны і іншыя, а чатырох– і пяціпавярховыя дамы для рабочых, поўныя сонца, з ваннамі, вадаправодам, а клюбы, тэатры, кіно, дамы адпачынку… Усё гэта наша культура, культура дыктатуры пралетарыяту, усё гэта наша сацыялістычнае будаўніцтва, якое дасягнутае пад кіраўніцтвам ленінскай партыі бальшавікоў”.


“Беларуская газэта”, 1943 год, пра сьвяткаваньне дня сьмерці Максіма Багдановіча ў Маладэчне:

“У доме Беларускай Культуры сіламі мясцовае народнае школы была наладжана акадэмія памяці паэты. Заля, у якой адбывалася акадэмія, была ўпрыгожана беларускімі сьцягамі, на сьцяне, упрыгожанай нацыянальнымі колерамі, — партрэт песьняра, прыбраны краскамі й зяленівам… Тады выступілі з дэклямацыямі вершаў Максіма Багдановіча і іншыя вучні школы. З найбольшай цікавасьцю ўсе праслухалі верш А.Гаруна “Песьня-звон”, які зь дзіцячым піетэтам прадэклямавала вучаніца 1 клясы Маша Мураўская. Пасьля акадэміі старшынём сэкцыі жанчын пры мясцовым камітэце БНС быў наладжаны сьціплы пачастунак для бяднейшых дзяцей школы”.


“Советская Белоруссия”, 1973 год, пра знаходку ў Беларусі ўнікальнага скарбу:

“Надзвычай рэдкім назваў знойдзены ў Беларусі скарб сярэбраных манэт VIII–X стст. дырэктар Дзяржаўнага Эрмітажу акадэмік Б.Піятроўскі. Гэтыя каштоўнасьці адкрытыя каля вёскі Казьянкі пад Полацкам. Тут зьберагаліся восем тысяч сярэбраных манэт — куфічных дырхемаў, што былі адбітыя ў краінах арабскага Ўсходу і на тэрыторыях цяперашніх рэспублік Сярэдняй Азіі і Закаўказьзя. Вага скарбу — 20 кіляграмаў. Як паведаміў дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, вучоны-нумізмат В.Рабцэвіч, такое мноства дырхемаў на беларускай зямлі — пераканаўчае сьведчаньне ажыўленага гандлю з арабскімі краінамі: у тыя часы дырхемы былі адзінай манэтай, якая мела паўсюднае хаджэньне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG