Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 9 ЧЭРВЕНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Віцебскі пралетар”, 1933 год, допіс Васілёнка “Рыхтуемся да зьезду пісьменьнікаў”:

“3 чэрвеня адбылася агульнагарадзкая канфэрэнцыя чытачоў мастацкае літаратуры. На канфэрэнцыі прысутнічалі ўсе літгурткоўцы і актыў чытачоў нашых заводзкіх і клюбных бібліятэк. Як адзначыла канфэрэнцыя чытачоў, у беларускай літаратуры зусім мала твораў аб рабочых, няма амаль такіх твораў, якія б адбівалі нашу Чырвоную армію, мала ўдзяляецца ўвагі пісьменьнікамі нашай дзіцячай літаратуры, вельмі дарагія кніжкі. Чытачы адзначылі, што яны зь вялікай ахвотай чытаюць апошнія творы Коласа, Купалы, Гартнага, Бядулі, але гэтыя пісьменьнікі, асабліва Купала, ня ўсё яшчэ далі што маглі бы даць, як вялікія майстры слова”.


“Чырвоная змена”, 1963 год, рэклямная абвестка “На адпачынак — самалётамі!”:

“У нядзелю, 9 чэрвеня, і ў кожную наступную нядзелю Менскі аэрапорт праводзіць перавозку працоўных на самалётах “АН-2” на бераг Менскага мора і назад. Самалёты курсуюць з 8 гадзіны 30 мінут да 20 гадзін з інтэрваламі 10–15 мінут паміж кожным рэйсам. Кошт білета дарослага пасажыра 1 рубель, дзіцячага (ад 5 да 12 гадоў) — 50 капеек”.


“Народная газета”, 1993 год, мастак Леанід Шчамялёў адказвае на пытаньні аглядальніцы Алены Малочкі:

“Адносіны з уладай у мяне заўсёды былі няроўныя. Ведаеце, як на арэлях: то выбіралі сакратаром Саюзу мастакоў, то са скандалам здымалі, абвінаваціўшы ў нацыяналізьме, фармалізьме і проста ў дрэнным характары… Улада часта заігрывала з мастакамі, разумеючы, якая мы магутная ідэалягічная зброя… Сёньня, калі я бачу аднагодкаў, якія стаяць на плошчах, азлобленыя, разгубленыя, з лёзунгам “Далоў дэмакратаў”, мне іх шчыра шкада. Нібыта іх абабралі толькі цяпер! Усе 45 гадоў пасьля вайны было тое самае, толькі партыя ўмела камуфлявала сваю сапраўдную сутнасьць лёзунгамі і абяцаньнямі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG