Суполка - слова, якое нават самім гучаньнем сьцвярджае сваю глыбінную
беларускасьць. Прыстаўка су- стварае прыцягальнае поле нейкай
еднасьці, зьяднанасьці, гармоніі. Прыслухайцеся - суайчыньнік,
суграмадзянін,
сугучча, суладьдзе, сумоўе,
сусьвет.
Пры гэтым у іншых мовах, дзе існуюць аналягічныя
суполцы словы,
гэтая су-яднанасьць амаль зьнікае: у польскай - спулка,
у чэскай - сполэк.
У расейскай мове нічога падобнага па гучаньню суполцы і аднакарэнным
ёй словам няма, таму часам узьнікаюць забаўныя сытуацыі пры перакладзе.
Так, у расейскамоўнай прэсе паняцьце суполка БНФ альбо не перакладаецца
ўвогуле, альбо тлумачыцца як "пярвічная арганізацыя". Прыгадваю іншы
забаўны выпадак, калі ў Вярхоўным Савеце ў пачатку 90-х нейкі намэнклятурны
дэпутат абурыўся, што ў законе аб меншасьцях было ўжытае паняцьцё "нацыянальная
супольнасьць". "Навошта нам гэтыя суполкі ў закон уводзіць?"
- запытаўся пільны дэпутат.
Гэты эпізод зусім не выпадковы, бо слова суполка выклікала ў
партыйнай намэнклятуры часоў канца СССР заканамерную і абгрунтаваную падазронасьць.
Мала хто ведаў, што ў 20-я гады суполка была цалкам нэўтральным
словам і ўжывалася вельмі шырока. Вацлаў Ластоўскі ў сваім слоўніку
прыводзіць наступныя прыклады: суполка шаўцоў, краўцоў, выдаўцоў.
Дадам, што суполкамі называліся нават сялянскія каапэратывы.
Але ў канцы 80-х гэтае слова, зноў уведзенае ў жыцьцё і мову маладымі адраджэнцамі,
набыла трывалы вобраз нефармальнасьці. "Майстроўня", "Талака", "Тутэйшыя"
- усё гэта былі суполкі, якія замацавалі за словам шлейф андэрграўнду
і апазыцыйнасьці. Давершыла імідж зьяўленьне суполак БНФ.
Ды й цяпер нікому ня прыйдзе ў галаву назваць суполкай калгас альбо
групу чыноўнікаў, паколькі суполка -- гэта аб'яднаньне вольных людзей...
Віталь Цыганкоў
Самае папулярнае
1