Струк - слова-загадка. Нягледзячы на тое, што ва ўсіх славянскіх
мовах яно гучыць амаль аднолькава і паводле значэньня толькі ў баўгарскай
і сэрбскахарвацкай мовах мае апрача асноўнага значэньня "плод некаторых
расьлінаў" яшчэ "сьцябло, галінка", паходжаньне яго незразумелае.
Прынамсі так цьвердзяць сур'ёзныя і аўтарытэтныя навуковыя выданьні.
Напраўду, ніводнае зь іх не фіксуе таго значэньня слова, якое бытуе
ці не ва ўсёй Беларусі. Струк - мужчынскі полавы чэлес, найчасьцей
- дзіцячы. Выглядае, што якраз гэтае значэньне звузіла ўжываньне
слова ў нашай тапаніміцы й антрапаніміцы, пра што я яшчэ скажу.
Вытворнае ад "струк" - струкаваты - мае ў нашай мове тры тлумачэньні:
які мае шмат струкоў, падобны да струка і кучаравы. З гэтым апошнім
і была зьвязаная прозва бацькі Якуба Коласа - Міхала Міцкевіча, які меў
кучаравыя валасы і адпаведную мянушку - Струк.
Напэўна, ад падобнай мянушкі ўтварылася некалі прозьвішча Струкаў.
Рыгор Струкаў - ваенны дзеяч часоў Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў
з-пад Вяліжу. Расеец Дзьмітры Струкаў - мастак, археоляг і пэдагог
ХІХ стагодзьдзя, які ў 1864 годзе наладзіў экспэдыцыю ў Беларусь, у часе
якой зрабіў безьліч замалёвак нашых мястэчак, помнікаў архітэктуры, іншых
збудаваньняў, а таксама твораў выяўленчага мастацтва, сярод якіх - Крыж
Еўфрасіньні Полацкай - адна зь нямногіх мастацкіх выяваў гэтага хрысьціянскага
сымбалю Беларусі. Міхал Струк - герой мінулай вайны з Мазыршчыны.
У беларускай тапаніміцы гэтае слова досыць рэдкае. Струкачоў -
вёска недалёка ад Кармы, і Струкі - каля Буда-Кашалёва на Гомельшчыне.
Сяржук Сокалаў-Воюш
Самае папулярнае
1