Калі па ўсёй краіне плыве влдар сьліваў ды яблыкаў, што па ўсялякаму
вараць ды вытрымошваюць гаспадыні -- выплывае аднекуль зь нетраў памяці
смачнае слова -- сочыва. Чаму яно заблудзілася ў вякох і саступіла мейсца
назове варэньне -- складана зразумець. Але варэньне -- усяго ж толькі варыва,
нешта зваранае, яно не паўстае ва ўспамінах сонечным бурштынавым смакоцьцем.
Яно прыземлена-пабытовае, ужытковае, не надоранае магіяй пераўвасабленьня...
Зато сочыва бруеньне, жывая сіла й гаючасьць соку, скавіты пах і колер
саду, ацяжэлага салодкім набыткам. Здаецца, і ня зваранае, не перапрацаванае
тое сонца, утрыманае энэргіяй у яблыку. Здаецца, прамянее й сьвецціць радасьць
ураджаю, а значыць -- нараджэньня.
Але зьдзіўлёна ўспырхваюць вейкі ў гандляркаў як папытаеш сочыва --
і даводзіцца даўка прамаўляць: варэньне.
Затое ўсоладзь п'юць хараство старавечных словаў маладыя павяртанцы
да этнічных каранёў. Быццам бы апраўдваюць і ўваскрашаюць існыя значэньні
ды гучаньні.
Бывае, ганарыста залятаюць у кавярню й заказваюць -- печыва! сочыва!
марозіва! Пакутніца-афіцыянтка адно вачыма міргае.
Гэтак вось гаркавае моўнае варэньне мы гатуем зь цягам вякоў. Зварана-пераварана
й страчана сапраўднасьць. Можа таму й кажуць пра непрыемнага чалавека ці
зьяву: "не пераварвай!".
Здаецца, ужо даўно нацыянальны арганізм ужо даўно ня здатны пераварваць
нашае жорсткае варэннае трасянкі. А мы ўсё зацята варым, варэнім... Замест
таго, каб насалоджвацца жывымі сокамі мовы ды зямлі -- сочыва.
Антаніна Хатэнка
Самае папулярнае
1