Усе словы, якія пачынаюцца на "сама", адносяцца да двух гатункаў: першы
гатунак -- словы са станоўчым ці нэўтральным значэньнем тыпу самастойнасьць,
самалёт, самаход, самазвал; другі гатунак -- словы выразна адмоўныя --
самадзяржаўе, самахвал, самалюб, самадур, самазванец. Гэтым апошнім
у Беларусі называюць асобу, якая выдае сябе за іншага чалавека.
Бальшавікі, якія не спытаўшыся ў беларускага народу, абвесьцілі ў 19-м
годзе БССР -- тыповыя самазванцы. Самсон Самасуй -- герой аповесьці
Андрэя Мрыя "Запіскі Самсона Самасуя" -- ня менш тыповы самазванец,
які суе сам сябе на кіраўнічыя пасады.
Самазванцамі былі ўсе БССРаўскія кіраўнікі, а таксама савецкія
дэпутаты, якія толькі лічыліся абранымі народам, а на самрэч былі пастаўленыя
камуністычнай партыяй, якая ня менш самазванна захапіла ўладу ў
Беларусі й 70 гадоў трымала яе ў руках.
Звонку самазванцы -- людзі сьціплыя. Ды й навошта выхваляцца,
калі плоймы падданых штодня ўзносяць цябе да нябёсаў. Але чым больш хістаецца
пад нагамі глеба ў самазванца, тым часьцей ён пачынае блытаць "мы"
і "я" -- "я зрабіў", "я задумаў", "я вырашыў".
У апошні год стагодзьдзя ў Беларусі аб'явіўся самазванец з Падняпроўшчыны,
акурат з тых мясьцінаў, адкуль паходзіў колішні прэтэндэнт на маскоўскі
трон, якога расейскія гісторыкі называюць Ілжэдзьмітрыем ІІ Самазванцам.
Той самазванец абяцаў у выпадку перамогі вярнуць Вялікаму Княству
забраныя расейцамі землі, а гэты робіць нешта зусім адваротнае.
У тлумачальным слоўніку беларускае мовы знаходзім вытворнае: самазванства
й самазваны -- той, які самавольна незаконна прысвоіў сабе чужое
імя, званьне. "Стрэльбай грукнуў у дзьверы, -- падае слоўнік прыклад з
Аркадзя Куляшова. -- "Выходзь да мяне, Гаспадар самазваны,
на ганак!"" (Тлумачальны слоўнік беларускае мовы. "Беларуская савецкая
энцыкляпэдыя", 1983, Т.5, Кн.1, Ст.39).
Сяржук Сокалаў-Воюш
Самае папулярнае
1