Праўда адносная, праўда ў кожнага свая, і ў тым, што гэтыя
праўды могуць адмаўляць адна адну - няма нічога дзіўнага.
Абсалютнаю лічыцца ісьціна. Розныя праўды могуць набліжацца
да яе, але яна ўсё роўна застанецца недасяжная.
«Праўда вочы коле» - гэта вельмі трапна. «Праўда
перамагае» - а гэта ўжо вельмі сумнеўна.
Пакрыўджаныя, тыя, хто марыць пра тое, каб «людзьмі звацца», заўсёды
прагныя праўды і справядлівасьці. Гэткіх праўдашукальнікаў
у нас звычайна лічаць дзівакамі - прагматычны розум уважае, што ўсё роўна
ніякай праўды ня знойдзеш, толькі клопату набярэсься на сваю галаву.
Гэтае, здавалася б, нэўтральнае слова ў найноўшай гісторыі непазьбежна
набывала сацыяльную афарбоўку. У Беларусі гэта пачалося, мабыць,
з «Мужыцкай Праўды» Кастуся Каліноўскага. А ў розных савецкіх анталёгіях
«Казкі народаў СССР» беларуская народная творчасьць вельмі часта была прадстаўленая
тольікі адной казкай - «Ленінская праўда». Гэткае адметна беларускае
праўдашукальніцтва ўжо ня раз заводзіла наш народ у глухія куты
гісторыі.
Слова «праўда», як і даўгі шэраг іншых «гучных» словаў - народ,
памяць, радзіма, мір - было зьняслаўленае таталітарнымі рэжымамі, асабліва
геаграфічна нашым - савецкім. Праўдаю звалася тое, што адпавядала
патрабаваньням рэжыму, нават самая апошняя мана і хлусьня. Найяскравей
гэты факт выяўляўся ў форме й зьмесьце галоўнай бальшавіцкай газэты, якая
так і звалася - «Праўда». Тое, што праўдаў шмат і ўсе яны могуць
быць розныя, давалі нам зразумець і назовы шматлікіх іншых, драбнейшых
газэтаў - «камсамольская праўда», «піянерская», «менская», «гродненская»,
«магілеўская». Былі «праўды» і іншамоўныя - літоўская «Tiesa»,
латыская «Cina» ды нават ворган ФРГэшных камуністаў - «Die Wahrheit».
Аднак людзі ўсё адно ведалі, што ў гэтых «праўдах» праўды няма.
Квінтэсэнцыю таталітарнага разуменьня праўды трапна ўхапіў Джордж
Орўэл. Установа, якая ў ягонай антыутопіі займалася фальшаваньнем
гісторыі і дэфармацыяй рэальнасьці, называлася Міністэрствам Праўды.
Шкада, што Орўэл не дажыў да сёньняшняга дня - як бы хацелася прагуляцца
зь ім па менскіх праспэктах...
Сяргей Шупа
Самае папулярнае
1