Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Лагойшчына – радзіма майго нябожчыка-бацькі, мая Радзіма, маё маленства, мая Беларусь. Люблю прамаўляць гэтыя назовы вёсак, дзе працавалі бацькі настаўнікамі ў школе – Корань, Слабада, Янушкавічы, Стайкі.

У першы кляс я пайшла ў Камянцы, а трэці скончыла ў вёсцы Моладзі, і школа зразумела ўсюды была беларуская. Вучыцца вельмі любіла і нават калі хварэла, уцякала на ўрокі, калі бацькі сыходзілі на працу. А потым склалася так, што мы з мамай пераехалі жыць у Менск. Я пайшла ў чацьверты кляс першай менскай школы, побач з якой мы тады жылі. Школа была руская і адразу пачаліся праблемы, бо раней я ўсе прадметы вывучала па-беларуску. Родная ж мова была беларуская, па-расейску ў нас на вёсцы ніхто не гаварыў, а тут трэба было гаварыць па-расейску.

Аднаклясьнікі зь мяне сьмяяліся, гаварылі “деревня”, а ў настаўніцы-расейкі мая мова выклікала страшэнны гнеў. І голас заўсёды злосны, незадаволены, грубы. Яна высьмейвала мяне перад усім клясам, гаварыла, што пара забыць свае “деревенские привычки”, і я адчувала сябе безабароннай і няшчаснай.

Самыя вялікія непрыемнасьці былі на ўроках рускай мовы, якая ў раскладзе была кожны дзень. Я была як выцкаваная і клясам і настаўніцай. І ці то ад страху, ці то ад разгубленасьці, але як толькі мяне выклікалі да дошкі, я зноў і зноў гаварыла “назоўнік”, “прыметнік”, “дзеяслоў” замест “существительное”, “прилагательное”, “глагол”. І сама ўжо ведала, і мама дома сотню разоў мяне вучыла – яна была настаўніцай. Але як толькі я чула: “Палачанина к доске”, то там на гэтым лобным месцы, я, як заварожаная, зноў усё паўтарала па-беларуску. Настаўніца называла мяне дурніцай, іншымі абразьлівымі словамі, і кожны дзень я чула ад яе зьнявагі, абразы і пагрозы, што мяне перасадзяць у трэці кляс. На перапынках я хадзіла заўсёды адна, бо з “деревней” ніхто не хацеў дружыць. Адносіны настаўніцы ўплывалі на маіх аднагодкаў. Школа, якую я так любіла раней, ператварылася для мяне ў сапраўдную пакуту. Я зьненавідзела яе ўсёй сваёй перапужанай дзіцячай душой.

Ну трэба сказаць, што моўная праблема доўжылася для мяне нядоўга – праз хуткі час я засвоіла гарадзкую мову і стала, як усе. Прайшоў час – я скончыла школу, філялягічны факультэт, асьпірантуры. Адным словам, была абсалютна дарослым і ні ад каго незалежным чалавекам, ды яшчэ й дэпутатам Менгарсавету. І вось неяк у 94-ым годзе зайшла ў тралейбус і раптам мяне як варам акаціла, я застыла на месцы, стаяла як спараліжаваная – у некалькіх кроках ад сябе я ўбачыла яе, гэтую настаўніцу. Яна амаль не зьмянілася – такі ж злосны і недабразычлівы твар, такія ж сьціснутыя вусны. Страх і жудасьць, як і ў тыя дзіцячыя гады, ахінулі ўсю маю істоту. На імгненьне мне стала дрэнна. Праз хвіліну, выдыхнуўшы паветра, я расьсьмяялася пра сябе. “Якое глупства” – толькі падумалася.

Як гэта страшна – ня быць у сваім доме гаспадаром. А зараз, у сьвятле сёньняшніх страшных падзеяў, якія зьдзяйсьняюць бандыты-расейцы ў Чачэніі, і думаецца – вось ён зьмест гэтай палітыкі: “Существительное и глагол”.

Галіна Палачаніна

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG