Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя. - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


У 92 годзе патрэбна было прыняць прысягу на вернасьць Рэспубліцы Беларусь афіцэрскаму складу вайскоўцаў у Барысаве. У кожнай частцы прысяга праводзілася па-свойму, для гэтага быў прывезены тэкст афіцэрскай прысягі на беларускай мове, а ў нас у частцы афіцэрскі склад быў дзесьці на 90 % рускамоўным і рускім.

Начальства паставіла ўмову, што трэба чытаць на беларускай мове: хто ня будзе прымаць прысягу – той паедзе служыць у Расею, а хто прыме – застанецца ў Беларусі. Трэба было вызначыцца.

Два афіцэры з нашай часткі вырашылі паехаць у Расею, прысягу не прымалі, астатнія думалі – а потым вырашылі прымаць. Беларускай мовы ніхто ня ведаў, акрамя мяне. І ўсе кансультаваліся, чыталі, рыхтаваліся…

Прачыталі з грахом папалам гэтую прысягу. Але гэта ж ня самае галоўнае. Гэтая прысяга была запісаная ў асабістай справе афіцэра, а потым трэба ж яе выконваць. Цяжка сказаць, але гэта была, па-мойму, фармальная акцыя. Таму што з прыняўшых афіцэраў больш паловы знайшлі сабе потым цёплыя мейсцы ў Расеі і зьехалі туды. І давялося аркуш з гэтай прысягай з асабістых справаў выдзіраць.

Адзін час прыйшла дырэктыва – вывучаць беларускую мову. Пляны зьверху яшчэ не прыйшлі, а трэба было агульны плян зацьвярджаць у 93 годзе. Таму начальнік штаба папрасіў мяне, каб мая жонка падтрыхтавала такі плян. Жонка – выкладчык беларускай мовы ў школе. Склала яна плян, я яму прынес, а ён гаворыць: “Усё зразумела, толькі незразумела, як гэта прачытаць. Перакладзі гэта на рускую мову – тады я ўпішу гэта ў плян.”

Так ніхто беларускую мову і не вывучаў, потым прынятае было дзьвюхмоўе, і зусім беларуская мова ў войску зьнікла. Дакладней, яна там і не нарадзілася.

На гэты конт мы гаварылі з адстаўнікамі – яны не прызнаюць беларускай культуры і мовы, хоць жывуць тут ужо вельмі доўга…

Анатоль Хоміч, Барысаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG