Летась у нашых праграмах часта гучала тэма грамадзкіх пратэстаў у Смалявічах супраць будаўніцтва Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку. Калі справа дойдзе да рэалізацыі гэтага шматмільярднага праекту, то многім мясцовым жыхарам, а таксама менскім уладальнікам смалявіцкіх лецішчаў давядзецца разьвітацца са сваёй нерухомасьцю.
Непацьверджаныя зьвесткі пра тое, што на будаўніцтве пад Смалявічамі могуць быць задзейнічаныя да 600 тысяч кітайскіх рабочых, зацікавілі і ўстрывожылі нашага даўняга слухача і аўтара Васіля Завадзкага з Маладэчна, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову. Спадар Васіль з гэтай нагоды піша:
«У нас жа і сваіх будаўнікоў хапае (іх нават зашмат). Дайце толькі добрыя заробкі — усе павяртаюцца з Расеі. Што праўда, трэба таксама, каб цэны не расьлі так, як у нас — не па днях, а па гадзінах. Такое ўражаньне, што ўлада імкнецца любым спосабам дамагчыся абяцаных 500 даляраў заробку. На рост коштаў пры гэтым ніхто не зважае. Дык так можна дагаспадарыцца да таго, што ў краме за 100 даляраў нічога ня купіш. Ужо сёньня мяса, адзеньне, многія іншыя тавары ў Польшчы каштуюць значна таньней, чым у Беларусі. Жыхары памежных гарадоў едуць туды па закупы. Гэтак жа расейцы зь Пецярбургу езьдзяць атаварвацца ў Фінляндыю. Там, убачыўшы такое, дазволілі нават у некаторых крамах разьлічвацца ня толькі эўра, але і расейскімі рублямі. Сёньня адмяні візы — дык народ рыне на Захад па прадукты і адзеньне. Там і якасьць лепшая, і цэны ніжэйшыя...
А наконт кітайскіх будаўнікоў... Здаецца мне, што ўсё гэта не выпадкова. Вунь як кітайцы актыўна шчэмяцца на апусьцелыя прасторы расейскай Сыбіры і Далёкага Ўсходу. Запросіць Лукашэнка тысячы кітайцаў у Смалявічы — то, лічы, у бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі беларусы як нацыя зьнікнуць. Асыміляцыя зьнішчае народы значна больш эфэктыўна, чым любыя войны. Я нічога кепскага не хачу сказаць пра кітайцаў — гэта працавіты і пладавіты народ. Але ж нашай уладзе найперш трэба думаць пра сваіх людзей, а не пра чужыя геапалітычныя інтарэсы».
Улады Беларусі не пацьвярджаюць зьвесткі пра тое, што ў бліжэйшы год у Беларусь прыедуць 600 тысяч кітайцаў. Гэтыя чуткі напрыканцы мінулага сьнежня абверг асабіста Аляксандар Лукашэнка. Гэтыя абвяржэньні, аднак, зусім не азначаюць, што кітайская экспансія не напаткае Беларусь у будучыні. Тыя амбітныя пляны ў справе будаўніцтва Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку пад Смалявічамі, якія агучылі беларускія ўлады, прадугледжваюць, што Кітай укладзе ў праект дзясяткі мільярдаў даляраў. Але на такія маштабныя інвэстыцыі Пекін пагаджаецца толькі на ўласных умовах, галоўныя зь якіх — тое, што будаўніцтва будуць весьці пераважна кітайскія кампаніі і рукамі кітайскіх жа рабочых. Так што масавы наплыў кітайцаў у Беларусь, калі справа дойдзе да рэалізацыі праекту, зусім не адмяняецца.
Пра рэальны стан спраў на адным з найбуйнейшых у Беларусі прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці — Аршанскім ільнокамбінаце — распавядае ў сваім лісьце на «Свабоду» Аляксандар Мікуліч з Воршы. Слухач піша:
«Калі верыць афіцыйнай інфармацыі, на мінулагодніх восеньскіх выбарах аршанцы дружна галасавалі за вылучэнцаў мясцовай улады. І за што ж так згуртавана падтрымалі лукашэнкавых чыноўнікаў работніцы Аршанскага льнокамбінату? За тое, што, працуючы ў тры зьмены, зараблялі ў той час крыху больш за 2 мільёны рублёў? За тое, што замест грошай у якасьці дапамогі „на бульбу“ атрымалі па некалькі прасьцінаў і ручнікоў?
Многія памятаюць: у часы СССР работніца льнокамбінату атрымлівала такі заробак, на які магла бяз мужа гадаваць дзіця і пры гэтым яшчэ будаваць каапэратыўную кватэру. Цяпер на сярэдні заробак цяжка пракарміцца нават самой, ня кажучы ўжо пра дзяцей, а тым больш — пра будаўніцтва кватэры. 500 даляраў для шараговага працаўніка камбінату — толькі мара. І тое, што гэтыя людзі нібыта падтрымалі дзейную ўладу — проста сьмешна... Усе бачылі бязьлюдныя выбарчыя ўчасткі ў дзень галасаваньня. А вось у выніковых выбарчых бюлетэнях у чыноўнікаў — поўны парадак, дружная, амаль аднагалосная падтрымка ўлады. І ўсе ведаюць, якім чынам намаляваныя гэтыя лічбы.
Падчас сваёй апошняй паездкі па Віцебшчыне Лукашэнка нават не заехаў на Аршанскі льнокамбінат. Напэўна, спалохаўся: а раптам жанчыны раскажуць пра свае рэальныя двухмільённыя заробкі? А ён жа, напэўна, памятае са свайго юнацтва, колькі на камбінаце зараблялі ў савецкі час. І гэта пры тым, што людзей тады на прадпрыемстве працавала разы ў 3–4 болей».
Ня думаю, спадар Аляксандар, што Лукашэнка пабаяўся пачуць праўдзівыя зьвесткі ад аршанскіх работніц. У сьнежні ён наведаў іншае буйное прадпрыемства лёгкай прамысловасьці — Менскі камвольны камбінат — і пачуў ды пабачыў там прыблізна тое ж. А паехаў бы ў Баранавічы, на яшчэ адзін колішні гігант савецкага легпраму — баваўняны камбінат — дык і там карціна мала адрозьніваецца... Гэтыя прадпрыемствы проста неканкурэнтаздольныя на рынку. Кітайскія, віетнамскія, карэйскія вытворцы запаланілі рынкі сваёй прадукцыяй лёгкай прамысловасьці, якая пры супастаўнай якасьці значна таньнейшая. Вось і ўся прычына заняпаду. Савецкі рынак быў ізаляваны ад вонкавага сьвету: там адвольна можна было ўсталёўваць і цэны, і заробкі. Сучасную Беларусь, эканоміка якой цалкам залежыць ад замежных рынкаў, гэтак не ізалюеш. Колішнім савецкім гігантам давядзецца альбо мадэрнізавацца і пачаць выпускаць такую прадукцыю, якая вытрымае канкурэнцыю, альбо — зачыніцца.
Новы ліст ад нашага даўняга слухача і аўтара Ігара Паснова зь Віцебску. Напрыканцы мінулага году яго, дзіцячага доктара, які доўга і пасьлядоўна змагаўся зь мясцовай уладай, дамагаючыся, каб бюджэтныя грошы ўкладвалі ў рамонт занядбаных мэдычных аб’ектаў, а не ў аздабленьне фасадаў і цэнтральных вуліц, звольнілі з працы. Зьвяртаючыся праз Радыё Свабода да кіраўніка Віцебскай вобласьці Косінца, Ігар Пасноў піша:
«З 2 студзеня мяне выкінулі на вуліцу, пазбавілі любімай працы дзіцячага доктара. Упэўнены, што зроблена гэта з Вашага ведама. Я, урач з 20-гадовым стажам, адмовіўся пасылаць дзяцей у інфэкцыйны шпіталь, дзе ўмовы можна лічыць катаваньнямі, дзе са столі цячэ вада, дзе пануюць заняпад і галеча. На сустрэчы з Вамі, якая адбылася летась 5 студзеня, я расказаў Вам пра ўсё гэта — і пра бальніцы, і пра школы, і пра глыбокую сацыяльную прорву ды паказуху.
...Так, мяне выкінулі, не абцяжарваючы сябе пошукамі падстаў. Але я ганаруся гэтым. Пры ўсім бяспраўі простага чалавека ў нашай дзяржаве мой прыклад многае паказвае. І найперш — сапраўдную вартасьць гэтага рэжыму, прывіднасьць таго дабрабыту, якім хваліцца ўлада. Мыльная бурбалка крэдытаў хутка лопне, і тады ўсе ўбачаць, што хаваецца за пафарбаванымі фасадамі цэнтральных вуліц і плошчаў. А там — сьлёзы і гора простых людзей, іхныя жабрацкія заробкі і развал большасьці прадпрыемстваў.
Вытрымкі і цярпеньня вам, спадар Ігар. Мы і далей будзем расказваць пра ваша змаганьне. Упэўнены, што настане той дзень, калі вас ня толькі адновяць на працы, але і падзякуюць за ўсё тое, што вы зрабілі дзеля сыстэмы аховы здароўя на Віцебшчыне.
У адной зь мінулагодніх перадач гучала закранутая магілёўскім слухачом тэма нарыхтоўкі другаснай сыравіны для беларускіх прамысловых прадпрыемстваў. З гэтай праблемай добра знаёмы наш слухач Віктар Кемяжук з Горадні. У сваім лісьце на «Свабоду» ён піша:
"Здавалася б, у беднай на карысныя выкапні Беларусі справа гэтая павінна быць надзвычай прыбытковай, а значыць — добра арганізаванай. Але ж гэта зусім ня так. Пануюць тут безгаспадарчасьць, марнатраўства і карупцыя. Хоць увогуле нам, беларусам, не ўласьцівыя такія рысы. Спрадвеку да другаснай сыравіны ў нас ставіліся як да каштоўнага тавару. За польскім часам, напрыклад, рызьзё можна было памяняць на гаспадарчыя тавары, якія вазілі па вёсках нарыхтоўшчыкі-крамнікі. За савецкім часам за здадзены лом каляровых мэталаў давалі магчымасьць па-за чаргою набыць дэфіцытныя тады тавары бытавой тэхнікі, дываны, мэблю.
А цяпер уся гэта справа пастаўлена так, што нават вельмі беражлівы чалавек не зацікаўлены што-небудзь зьбіраць і захоўваць.
Мяркуйце самі. У нас у Горадні адзін кіляграм лому алюмінію каштуе менш за 30 цэнтаў. Больш могуць заплаціць у адмысловым перапрацоўчым цэху, але ён далёка за горадам (20 кілямэтраў ад мікрараёна, дзе я жыву). Сваёй машыны я ня маю. Наймаць таксі — стратна. А таму выйсьце адно: выкідаць аэразольныя балёнчыкі ды стары посуд на сьметнік.
Што да нарыхтоўчых пунктаў у горадзе, дык іхная сталая кліентура вядома якая: выпівохі, жабракі, бамжы... Вось так у пакутах нядбайнасьці здабываецца ў нас хлеб прамысловасьці — стратэгічная сыравіна.
Між тым самы буйны ў Беларусі Жлобінскі мэталюргічны камбінат амаль палову чорнага лому імпартуе з Расеі.
А ў свае беларускія вёскі, на лецішчы нарыхтоўшчыкі амаль не зазіраюць. Прыватны бізнэс забаронены. Дык куды вясковаму жыхару падзець тую бытавую тэхніку, якая аджыла свой век? Валачэ ён яе ў бліжэйшы роў ці закінуты кар’ер.
Асабіста я мяркую, што рана ці позна стаўленьне ўлады да гэтай праблемы зьменіцца. Падніме яна цэны на другасную сыравіну хаця б да ўзроўню расейскіх, дапусьціць у нарыхтоўкі прыватны бізнэс... А пакуль тое — я лом каляровых мэталаў прыхоўваю да лепшых часоў на сваім садовым участку. Асобна па відах складаю ў старыя бачкі, дзіравыя бляханы з-пад малака, закопваю ў глыбокія яміны, а зьверху прысыпаю ўрадлівай глебай. Спадзяюся, дачакаюся, калі ўсё гэта яшчэ спатрэбіцца і прынясе прыбытак«.
Ваш гаспадарскі падыход да справы, спадар Віктар, уражвае. Пакуль ёсьць такія людзі ў Беларусі — Жлобінскі камбінат без сыравіны не застанецца. У справе нарыхтовак мэталічнага лому (як, зрэшты, і ў многіх іншых галінах гаспадаркі) беларуская дзяржава дзейнічае як стары невынаходлівы скнара. Убачыўшы, што гэтая дзейнасьць можа прыносіць вялікія прыбыткі, чыноўнікі тут жа наклалі на яе сваю лапу, адсунулі ў бок прыватніка. А каб атрымліваць звышпрыбыткі, выкарысталі сваё манапольнае становішча і цэны на мэталічны лом ды іншую сыравіну ўсталявалі вельмі нізкія. У выніку застаюцца і без сыравіны, і без прыбыткаў... Як толькі ў гэту сфэру дзейнасьці вернецца індывідуальны прадпрымальнік і зьявіцца канкурэнцыя (а ён вернецца — іншага выйсьця ў чыноўнікаў няма), — карціна імгненна зьменіцца. Вось тады, спадар Віктар, вашы схованкі прынясуць неблагую капейку.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by