Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавек-2012 — погляд з замежжа


Орса-Рамана, Макарэвіч, Рамашэўская-Гузы, Плакс, Нямцоў, Бурбуліс, Лапатка, Піменаў адказваюць — як з замежжа бачыцца чалавек 2012 году ў Беларусі?

Ала Орса-Рамана, прафэсар Нью-Ёрскага ўнівэрсытэту: «Я б назвала чалавека, які шмат робіць вельмі вялікую працу на карысьць беларушчыны, але калі я яе назаву — баюся, гэта пашкодзіць ёй. Назаву Уладзімера Арлова, які спакойна працягвае папулярызаваць і беларускую гісторыю, і беларускую мову, езьдзіць па Беларусі, сустракаецца з людзьмі ў бібліятэках».

Андрэй Макарэвіч, музыка («Машина времени»), Масква: «Баюся, я не нагэтулькі сачу за ўнутрыпалітычным жыцьцём Беларусі, каб рабіць назіраньні, а што тычыцца асобаў — у Менску жыве цудоўны мой сябра і вельмі добры мастак Уладзімер Цэсьлер, зь якім мы сябруем ужо шмат гадоў, і вось ён не стамляецца зьдзіўляць мяне сваёй творчай фантазіяй, энэргіяй і гумарам. Карыстаючыся выпадкам, віншую яго з Новым годам!».

Агнешка Рамашэўская-Гузы, дырэктарка тэлекампаніі «Белсат», Варшава: «Вельмі цяжкае пытаньне — вызначыць некага канкрэтна. З палітыка, напэўна, нейкага аднаго не назаву. Вызначу палітвязьняў — Бяляцкі, Статкевіч, Дашкевіч, іншых. Некаторыя зь іх сядзяць больш за два гады. Яны адыгрывае сымбалічную, але вельмі важную ролю, якую нельга параўнаць са звычайнай працай, умоўна кажучы, руціннай працай ад панядзелка да пятніцы».

Дзьмітрый Плакс, перакладчык, Стакгольм: «Я б назваў групу аўтараў, артыкулы якіх былі надрукаваныя ў найбуйнейшай швэдзкай штодзённай газэце „Дагенс Нюхетэр“ (Стэфан Эрыксан, Антон Кашлікаў, Юлія Цімафеева, Яўген Ліпковіч, Аляксандра Дынько, Віктар Марціновіч і Марыя Мартысевіч). Бо яны, на маю думку, ажыцьцявілі невялічкі прарыў у калектыўнай сьвядомасьці швэдзкага грамадзтва, паказаўшы, што Беларусь — гэта ня толькі мэта для „плюшавых бамбаваньняў“. Калі ўсё ж казаць пра адну асобу, дык назаву Сьвятлану Алексіевіч, якая кожны год пацьвярджае мне асабіста вельмі дарагую старую аксіёму — выдатны пісьменьнік (у гэтым выпадку пісьменьніца) — заўжды абраза для свайго народу. Спадзяюся яна атрымае Нобэлеўскую прэмію».

Барыс Нямцоў, палітык, былы першы віцэ-прэм’ер Расейскай Фэдэрацыі, Масква: «Мяне ўразіла тое, што Саньнікаў апынуўся на свабодзе. Я лічу, гэта вельмі добрая навіна. Але тое, што вялізная колькасьць людзей знаходзіцца пад прэсам — напрыклад, жонка Саньнікава, і іншыя апазыцыянэры, гэта, канешне, жудасна. Цяпер утварыўся такі тандэм нягоднікаў, падонкаў, дыктатараў. Такі, ведаеце, славянскі саюз падонкаў. Пуцін і Лукашэнка адзін у другога вучацца і спрабуюць адзін другога пераўзысьці ў тым, як бы хутчэй зьнішчыць уласны народ, больш яго прынізіць, больш закабаліць, і паболей скрасьці. 2012 год — год фармаваньня гэтага тандэму падонкаў, які, нягледзячы, што ненавідзяць адзін аднаго, тым ня менш — адзін аднаго трымаюцца, бо лічаць, што страта ўлады для іх — рэч сьмяротная. Правільна лічаць, дарэчы. Гэта — сумная навіна. Але тое, што вядомы апазыцыянэр апынуўся на волі — гэта, я лічу, добрая навіна».

Генадзь Бурбуліс, былы дзяржсакратар Расейскай Фэдэрацыі, адзін з падпісантаў Белавескага пагадненьня 1991 аб ліквідацыі СССР, Масква: «Я рады за свайго сябра, калегу, паплечніка Станіслава Станіслававіча Шушкевіч. Ён працягвае працаваць, ён захоўвае годнасьць і як асоба, і як эўрапеец, і як мысьляр, і як палітык. Ён аўтар вялікай працы — выйшла кніга мэмуараў. Буду рады за новых чытачоў, якія пазнаёмяцца яшчэ з адным бокам таленту Станіслава Шушкевіча».

Якуб Лапатка, перакладчык, Хэльсынкі: «Назаву Лявона Баршчэўскага, Уладзімера Някляева — а іншых я нават і ня ведаю. Хаця і сачу за прэсай. Справа ў тым, што ў апазыцыі хлопцы лаюцца паміж сабой, даказваючы, хто зь іх болей „правамерны“.

Зьміцер Піменаў („Мірон“), кіраўнік Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня, Бэльгія: «Чалавек 2012 году для мяне, бясспрэчна, Сяргей Каваленка, які годна трымае бел-чырвона-белы Сьцяг“ і прапагандуе нацыянальную ідэю. Увогуле, усіх, хто прапагандуе нацыянальную ідэю, лічу людзьмі года».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG