«Жэрар Дэпардзьё неаднаразова зьяўляўся на старонках сьвецкай хронікі з-за сваіх правакацыйных заяваў. Акрамя таго, нядаўна ён апынуўся ў цэнтры чарговага скандалу: францускі артыст запісаў песьню разам з Гюльнарай Карымавай, старэйшай дачкой прэзыдэнта Узбэкістану Іслама Карымава, які вядомы ў міжнароднай супольнасьці сваімі жорсткімі мэтадамі кіраваньня.
Да таго ж, неўзабаве Жэрар Дэпардзьё згуляе ролю ва ўзбэцкім тэлесэрыяле, які раскажа аб вытворчасьці шоўку ў Сярэдняй Азіі ў V і VI стагоддзях. Нічога ня скажаш, актор не баіцца выказваць сымпатыю да, мякка кажучы, ня самых папулярных палітыкаў...» — іранізуе выданьне.
«Больш за тое, такі ўчынак для Дэпардзьё — далёка ня спробны шар: у мінулым ён ужо аказваў падтрымку чачэнскаму дыктатару Кадыраву. 5 кастрычніка сёлета ён стаў госьцем на сьвяце з нагоды 36-годзьдзя прэзыдэнта Чачэнскай Рэспублікі. „Няхай жыве моцная Чачня! Няхай жыве Кадыраў!“ — абвясьціў ён у той дзень. Гэта значыць, прапаганды тыраніі ён таксама не саромеецца...» — піша Agora vox.
«Як наогул публічны чалавек, актор можа кампрамэтаваць сябе падобнымі заявамі? Як дзеяч мастацтва, які ў пэўным сэнсе зьяўляецца прадстаўніком Францыі, можа паводзіць сябе такім чынам, — задаюць пытаньне аўтары публікацыі і разважаюць: — Можа быць, ім рухае прага нажывы? Гэта выглядае малаверагодным, калі ўспомніць, што гэтага чалавека клічуць Жэрар Дэпардзьё, і што гаворка ідзе пра прызнанага актора зь немалым багацьцем. Тады гэта імкненьне да правакацыі? Бо яны ўжо даўно сталі для яго звычайнай справай...
У любым выпадку, яго паводзіны дзіўныя і абуральныя: падтрымка дыктатара, які паставіў свой народ на калені і паклаў яму на плечы ярмо тыраніі, ня лепшым чынам адпавядае францускаму духу.»
Згадваючы цёплыя словы, якія актор выказваў на адрас былога прэзыдэнта Нікаля Сарказі, Agora vox падсумоўвае: «Сапраўдны артыст павінен устрымлівацца ад падтрымкі палітыкаў, якія падлашчваюцца пад экстрэмізм або ўшчыльную супрацоўнічаюць зь ім. Паставіўшы сваю славу на службу тыраніі, яны робяцца памагатымі гэтай самай тыраніі».
«Падтрымка людзьмі мастацтва палітыкаў — зьява даволі распаўсюджаная як на Ўсходзе, гэтак і на Захадзе, дастаткова прыгадаць, што цьвіком апошняга зьезду Рэспубліканскай партыі ЗША стаў выступ Клінта Іствуда, — гаворыць камэнтатар Радыё Свабода Юры Дракахруст. — Гледзячы па ўсім, спадара Дэпардзьё вабіць азіяцкая экзотыка. У гэтым сэнсе афіцыйны Менск ня можа пахвастацца такімі гасьцямі-памагатымі: гульня Аляксандра Лукашэнкі на корце з Каралін Вазьняцкі, напрыклад, магчыма, і не была ініцыятывай самой тэнісісткі. Але ў падтрымку кіраўніка Беларусі неаднаразова выступалі вядомыя расейскія акторы, напрыклад, у 2006 годзе ў гастрольным туры „За Беларусь“ удзельнічалі Алег Газманаў, Валеры Мэладзе, Надзея Бабкіна, Лаліта Міляўская, Аляксандр Малінін і Валерыя.»