Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казаньні пра старэйшыну Ігара Грышанава і яго Стаўры


У часе апошняй выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў жыхары паміраючай, як лічылася, вёскі Стаўры, што за 12 кілямэтраў ад Воршы, сталі вядомымі на ўсю краіну. Аж пасьля звароту да Аляксандра Лукашэнкі, дзе яны яго папярэдзілі: «Як вашы выбаршчыкі зьвяртаем увагу на бязьдзеяньне мясцовых уладаў і дэпутатаў усіх узроўняў. У нашай вёсцы на месцы ліквідаванай фэрмы і навакольнай тэрыторыі ня робіцца апрацоўка зямлі. Цягам 5 год 2,5 га зямлі, зарослыя бур’яном, толькі павялічваюцца, адсутнічаюць пад’ездныя шляхі да хатаў, 4 гады не ліквідуюцца аварыйныя дрэвы, што можа прывесьці да трагічных наступстваў. Наш давер да ўлады страчаны. Калі нашы праблемы ня будуць бліжэйшым часам вырашаныя, ня лічым мэтазгодным браць удзел у выбарах у Нацыянальны сход РБ».

Грышанаў: «41 подпіс — калектыўны зварот для таго, каб паказаць, што мы адзіныя і моцныя, калі разам з нашымі праблемамі…»

Гэта быў голас зьбіральніка подпісаў ды ініцыятара звароту — старэйшыны Стаўроў, фэрмэра, 47-гадовага спадара Ігара Грышанава. Забягаючы наперад — прагаласавалі стаўроўцы, як кожны пажадаў. Паводле ж прынятай практыкі, улады абавязаныя даць адказ і пасьля 33 прозьвішчаў. Каб праверыць, ці быў «рэагаж» чыноўнікаў, прыехаў у Стаўры за колькі часу да заплянаванай сустрэчы з Грышанавым. У цэнтры паселішча вакол аўталаўкі акурат тоўпілася дзясятка паўтара жыхароў.

Карэспандэнт: «Добра здароўе, як жывяце ў Стаўрах?»

Спадарства: «Па бруду вунь лазім па калена! Распаролі ўсё газам — канавы капалі, трэба боты зімовыя абуваць… Каб па палетку трактарам праехалі — і дарога была б уся!.. І каб дрэвы аварыйныя палажылі!.. А то й баршчавік ужо — мэтар 80 корань у яго, у мінулым годзе ўзьнік, дзе магільнік — ветрам разносіцца… Зараз павялічыліся маштабы яго, укараняецца ў гароды, і ад яго не пазбавіцца, бо хімічная апрацоўка ня дзейнічае — глушыць, пажырае гародніну… Калі на рукі трапляе сок ад баршчэўніку, выходзяць пухіры, пасьля дрэнна зажыўляюцца…. Нават і ў рукавіцах небясьпечна, а калі на твар трапіць — апёк вялікі бывае… Карацей, ведаеце, супруга ў мяне ў хаце, яна гэта ўсё ведае…»

У часе памянёных выбараў барацьбу з баршчавіком у ліку прыярытэтных задач ставіў апазыцыйны кандыдат ад «Справядлівага сьвету», спадар Мікалай Дзямідаў.

Дзямідаў: «Баршчавік — высокая, да 3 мэтраў кармавая дабаўка была. Таксама абласная праграма ёсьць, мільярды выдзеленыя, але іх няма…»

Як мне і параілі, пагутарыў са спадарыняй Тацянай Малескас. Яна вучоны аграном з 30-гадовым стажам, працуе кансультантам у расейскай сельскагаспадарчай фірме «Любэінт». Кажа, што ў суседняй дзяржаве гэта ўжо агульнанацыянальная праблема.

Малескас: «Дарогі фэдэральныя — па баках лес баршчавіка, восеньню высыхае, яго можна на дровы секчы. Баршчавік Сасноўскага быў завезены як кармавая культура для жывёлы, і ён у раньняй стадыі добра ідзе на сілас. Але чамусьці не знайшоў прымяненьня ў гэтым, а стаў расьці як пустазельле. Калі баршчавік разрасьцецца па Беларусі, гэта будзе катастрофа і для людзей, бо будзе выклікаць апёкі як у людзей — дзіця пабяжыць у лес па ягады — так і ў жывёлаў, бо ў кароваў з апёкамі на вымі паспрабуй атрымай малако! І ніякія гербіцыды не дапамагаюць. А насеньне, што расьсеялася, захоўвае ўсходжасьць некалькі год. Калі на палеткі трапіць, змагацца зь ім немагчыма будзе. І якая прадукцыя будзе ў сельскай гаспадарцы? Спрэс яд! Адзінае — пастаяннае скошваньне…»

Ізноў падыходжу да вяскоўцаў ля аўталаўкі.

Карэспандэнт: «А старэйшына ці беражэ вас, любіце яго?»

Спадарства: «Добры старэйшына, дабіўся газу. Але не дапамагаюць яму — у другі канец праехаць, не праедзеце… І працы няма — я Людміла Батура, хацела б працаваць на сьвінакомплексе, бо мае бацькі трымаюць шмат сьвіней і кароў, а наша фэрма распалася год шэсьць. Падысьці да кожнага начальніка — адмаўляюць!.. У мяне хварэе муж на сухоты — групы і дапамогі яму не даюць: маўляў, на прадпрыемстве не працаваў… А на суседні комплекс — ня кожны можа туды ўлезьці…»

Карэспандэнт: «А колькі ж зарабляюць людзі там у вас?!»

Батура: «Вельмі мала. Паўтара мільёна, прыбіральшчыца мільён можа атрымліваць. Капейкі…»

Спадар Сяргей Цімафееў літаральна за рукаў цягне мяне да будынка сельскага клюбу. Нягледзячы на пазначаныя працоўныя гадзіны, ён зачынены.

Цімафееў: «Тут няма нічога, нават танцы не праводзяцца. 4 чалавекі аформлена, а ён практычна не працуе! Прыбіральшчыца, загадчыца клюбу, мэтадыст, апальшчык — прыйдуць, пасядзяць увечары і пайшлі…»

39-гадовы Міхась Кандраценка разам з жанчынамі вядуць мяне на ўскраіну вёскі, дзе дарога ўся ў выбоінах ды калдобінах. Не магу і ўявіць, як тут можна ня тое што праехаць — прайсьці ў асеньнюю слоту ці зімовую завею.

Кандраценка: «Во глядзіце — трактар праехаў нядаўна, і адразу яма. Мы яе закопвалі, руйнавалі рыдлёўкамі — тут нельга праехаць. А людзям, калі на працу, нельга прайсьці, калі дождж! Да аўтобуса да асфальту 900 мэтраў ідзем 40 хвілін. Прыйдзеш, боты здымаеш — так даходзіш…»

У цэнтры Стаўроў мяне ўжо чакаў з тоўстай папкай каржакаваты, з шырокімі казацкімі вусамі мужчына — той самы Ігар Грышанаў. Падыходзім да пляката, дзе пад купалаўскімі радкамі са «Спадчыны» цытата Лукашэнкі ад 23 траўня 2010 году: «Ня трэба абіжаць людзей, каторыя жывуць у сельскай мясцовасьці». Сустрэча 8 раённых чыноўнікаў была, але… з 9 стаўроўцамі: бо абвестку вывесілі толькі напярэдадні ўвечары. Спадар Ігар дагэтуль нэрвуецца:

Грышанаў: «Самы вялікі падман быў, калі да нас перад выбарамі прыехалі віцебскія чыноўнікі — непасрэдна спадар Пятруша. Наабяцаў залатыя горы — вось гэты дакумэнт: „…у Стаўрах зрабілі дарогу 6 кілямэтраў 200 мэтраў, на гэта патрацілі 63 мільёны 300 тысяч“. Пакажыце мне гэтыя 6 кілямэтраў, і я зьем любы капялюш! Нашто нас, вясковых, так цынічна падманваць?! Каму гэта трэба? Пры досьледзе разумееш — таму клясу, што стаіць пры ўладзе. Ім патрэбныя грошы! А мы жывем у рэзэрвацыі. Калі мы кажам, што ў цэнтры Эўропы, а да вязьня фашысцкай Нямеччыны прайсьці нельга, пра які цэнтар можна казаць?»

Ізноў пешшу «даскокваем» на другую ўскраіну, дзе на палетку паліць гальлё 82-гадовая, высахлая спадарыня Вера Шэвелева. Ігару «пад выбары» ўдалося выбіць, каб усталявалі ліхтар побач зь яе хатай.

Грышанаў: «Пятроўна, ідзі сюды!»

Карэспандэнт: «Мы машыну пакінулі за паўкілямэтра, бо нельга праехаць да вас…»

Шэвелева: «Дарога дрэнная, трэба рамантаваць. І хуткая дапамога — дзе яна паедзе…»

Карэспандэнт: «А на што хварэеце?»

Шэвелева (усьміхаецца): «Старасьць прыйшла. Нага баліць — працаваць ня так лёгка. У Нямеччыну забралі — 18 не было, год была ў немцаў у рабочым лягеры на фабрыцы. У калгасе потым на ўсіх працах, крыху кладаўшчыцай. Ігар хадзіў — 400 тысяч дапамогі далі. Прадукты як даходзяць? Прыходзіць сацработніца…»

* * *

У часе нашага знаёмства Ігар Грышанаў паўтараў словы, якія, як я зразумеў, для яго маніфэст жыцьця.

Грышанаў: «Што такое вёска? Чыстае паветра, чысты прадукт. Гэта нашы карані! І калі мы пачнём іх падрубаць, засохне лісьце. А лісточкі — гэта гарадзкія жыхары… Я з казацкага роду — мой прадзед быў атаманам. Яны прыганялі катаржанаў у Воршу, а самі сяліліся ў тутэйшых прыгожых мясьцінах. Ён быў простым чалавекам — і курачым, і п’ючым — але вельмі справядлівым. І гэта перадалося мне ў спадчыну…»

Карэспандэнт: «Ігар, менавіта з-за гэтага ты ў аргкамітэт па стварэньні новай партыі БХД увайшоў?»

Грышанаў: «Іхныя ідэі мне блізкія па духу — мяне ж хрысьцілі дзеля чагосьці. У нашай вёсцы жылі шляхцічы. І шляхта аб’ядноўвалася з казакамі — было зьмешваньне культур. Яны аддалі самае дарагое, каб мы жылі — свае жыцьці. А мы жыць ня можам! І якія прозьвішчы ў нас — Сапега! Вось яна, шляхта, адкуль! Вёску Пуцяціна ў 47 годзе ліквідавалі, калі стала ясна, што мужчыны не вярнуліся…»

Карэспандэнт: «Твая фэрмэрская гаспадарка аднавіла назву Пуцяціна?»

Грышанаў: «Так! Я аднаўляю вёску — у мэтрыцы майго бацькі напісана „нарадзіўся ў Пуцяціна“. Вуліцу ўжо назвалі Пуцяціна. Праз раку былі Стаўры, іх аб’ядналі з Пуцяціна, калі бацькі з вайны сюды не вярнуліся. 45 чалавек нашых ляжаць недзе па Эўропе. Тут была праведзена карная апэрацыя, і кожнага трэцяга мужчыну расстралялі. Жывуць нашчадкі, іх можна было б падтрымаць. Але выходзіць інакш — закапалі краму, бібліятэку, разбурылі дарогі. Птушкафабрыка „прапануе“ працоўныя месцы… за 20 кілямэтраў адсюль. Паспрабуй дабярыся да тае птушкафабрыкі!»

Неабходнае тлумачэньне. Мясцовы калгас «Ленінская іскра» закрылі ў 2008-м, вёску перадалі Аршанскай птушкафабрыцы. Ворныя землі зарасьлі быльлём, пустуюць старыя хаты. Грышанаў вязе мяне ўбачыць усё на свае вочы.

Грышанаў: «Вось мы пад’яжджаем да нашага радавога магільніка — 2,5 га асоту. Толькі дзякуючы таму, што людзі падпісаліся, што ня пойдуць на выбары, яго скасілі.

З правага боку рос той самы баршчавік, якога людзі баяліся. Яго скасілі зараз, але насеньне засталося і на наступны год зноў вырасьце. Чалавек, які дакрануўся, можа атруціць і сваіх блізкіх, і сябе. Гэтак жа, як і карова. На жаль, у вёсцы засталося 4 каровы на 80 чалавек.

Вось мы стаім на тым месцы, дзе была адна з найлепшых фэрмаў калгаса „Ленінская іскра“. На жаль, яе закапалі да „Дажынак-2008“. Аргумэнтацыя — каб „нехта“ ня ўбачыў з круталёта „руіны“.

Птушкафабрыцы нецікава ўтрымліваць, ёй трэба пасадзіць зерне, вырасьціць курэй і атрымаць прадукцыю. А на людзей глыбока пляваць. На фэрме налічвалася 20 коней і каля 150 кароў. 15 чалавек працавала — амаль палова працаздольнага насельніцтва Стаўроў. Фэрма каштавала 2 мільярды, скарысталі яшчэ 40 мільёнаў зь бюджэту, каб яе закапаць.

Пэнсіянэры, каторыя маглі б зарабіць на кавалак хлеба — няма дзе. Людзі, якія б маглі б тут працаваць і вытвараць — няма дзе. А каб дабрацца да Воршы, трэба спачатку пакласьці шуфлю на плечы, пракапаць дарогу, а потым праехаць на працу.

А во бачыце, „прэзыдэнцкі“ плот стаіць. Чатыры разы мы зьвярталіся, каб наш магільнік агарадзілі. „Навошта — вам што, ад ласёў гарадзіць?“ Ды дзеля культуры! 52 дрэвы мы завалілі самі. А потым сельсавет „падключыўся“ на тры. Тут вельмі старажытныя магілы — адна зь іх, імаверна, француская, са старажытнымі камянямі. І калі ставілі плот, усе бачылі, што слупы гнілыя — абы „птушку“ паставіць. Мы ўжо ўзялі шэфства і свой твар трымаем…»

Дарэчы, і ўласную фізычную сілу Ігар паказаў мне, калі як парушынку кідаў 30-кіляграмовую гіру. Сваю фэрмэрскую марку суразмоўца таксама імкнецца трымаць годна.

Грышанаў: «Я другі год адкрыў фэрмэрскую гаспадарку. У мяне ёсьць 100 дрэваў саду, вінаград, белыя, чырвоныя суніцы, малінамі пачаў займацца адразу ж. Я лічу, што гародніну і фрукты можам расьціць самі, бо дазваляюць умовы — не перашкаджайце! І можам адмовіцца ад экспарту ў нашу краіну. Але ў нас ты паспрабуй купі камбайн, да цябе прыйдуць — дзе ты, бацька, грошы ўзяў? У Польшчы зямля прадаецца і купляецца, на Ўкраіне, у Расеі. Адны мы засталіся з гэтымі калгасамі. 2 гады таму ўзяў крэдыт пад 5% у „Аграпрамбанку“ — мне спадабалася ідэя аграсядзібы, што я магу — некурачы, няп’ючы — нешта стварыць на сваёй радзіме. У мяне можна разьмясьціцца на 14 чалавек. Вельмі добрая лазьня, сажалка з рыбай. Я даю ровары, і людзі едуць на крыніцу сьвятога пакутніка Панцеляймона — 23 кілямэтры. Запачаткаваў музэй, нейкія экспанаты ў мяне — ступа 18 веку, бо такія дрэвы не растуць зараз, карыта прынесла цётка — 18 век, бо бабуля ў ім купалася…»

Пры канцы зьвяртаюся да новага знаёмцы як да старэйшыны ды жыхара Стаўроў. Мы стаім ля яшчэ аднаго твора ягоных рук — помніка загінулым стаўроўцам.

Грышанаў: «Хачу паставіць гадзіньнік, бо — колькі б часу ні прайшло, мы будзем помніць! Каля „незалежнасьці“ нашай краіны хачу напісаць слова „дэмакратыя“. А якая яна, дэмакратыя? Адносіны паміж людзьмі. Дрэнна не ад таго, што ў суседа карова здохла, а ад таго, што яна засталася?! Гэтае чарноцьце на чалавечай душы дагэтуль нам перашкаджае. Нас, беларусаў, стане больш, калі адно да аднаго станем ставіцца цяплей, паважлівей. Калі разабрацца, мы адно аднаму родныя! У нас 3–4 прозьвішчы былі ў вёсцы, пасьля ўсе перамяшаліся. На помніку бачныя прозьвішчы — Чарняўскі, Кандраценка, Каліноўскі. І ўсё ўмелі рабіць — і араць, і касіць, і па кавальскай справе. У нас на гэтым месцы парнікі, дзе вырошчвалі памідоры, капусту. Наша дзяцінства прайшло на тым возеры, што капалі ў 37 годзе 70 чалавек рукамі! І вазілі пясок на гэтую дарогу — а яе птушкафабрыка 2 гады таму зьбіралася пераараць. Але мы яе адстаялі, бо інакш сувязь вёскі з цывілізацыяй абрынецца…»

Карэспандэнт: «Што такое адрадзіць Стаўры па-грышанаўску?»

Грышанаў: «Мы праклалі газ, і ніводзін з чыноўнікаў ня скажа, што мы непэрспэктыўныя. Зараз вяртаюцца тыя людзі, што 20 год таму кінулі тут дамы. Другое — трэба стварыць перапрацоўчы цэх, каб 40 чалавек маглі зарабляць, а не дабірацца ў далечыню. Такія мае задачы як старэйшыны. Бачу, што нам трэба зрабіць насыпную дарогу, каб бацькі маглі даехаць да старых, не ісьці зь мяхамі на плячах па кілямэтру. Каб людзі заводзілі кароў, уласныя гаспадаркі. Улады не зьвяртаюць увагі на вясковых — людзі другога гатунку. І мая задача — паказаць, што ў вёсцы такія ж беларусы, якія заслугоўваюць павагі. І каб не абводзілі іх вакол пальца…»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG