Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кухцічы. Памяць пра Магдалену Радзівіл


Лішні раз пераконваюся, што самае цікавае ў Беларусі схаванае ад людзкіх вачэй. Схаванае ў глыбінцы, схаванае за непрыгляднымі сьценамі савецкіх устаноў. Яскравы прыклад — былы маёнтак шляхціцаў Завішаў Кухцічы. За некалькі кілямэтраў ад Узды, па дарозе ў бок Нёмана, ёсьць указальнік на Першамайск. Калі збочыць, дык праз кілямэтар дарога ўпрэцца ў звычайнае ПТВ.

Шэрыя інтэрнаты, сталовая, навучальны корпус. Трэба заехаць на тэрыторыю вучэльні, каб зразумець, што вы ў самым сапраўдным шляхецкім маёнтку. Уразіцца ёсьць чаму.

Яшчэ не да канца зьнішчаны старажытны парк. Яшчэ моцна стаяць былыя флігелі з клясычнымі порцікамі. І, нарэшце, самае галоўнае — велічны, з калёнамі-байніцамі, кальвінскі збор, пабудаваны ў 50-я гады 16-га стагодзьдзя.

Накрыты часовым дахам, дзе-нідзе з вышчарбленай цэглай, новае стагодзьдзе ён можа і не перажыць. Гэта ўсё, што засталося ад старажытнай сядзібы Завішаў. Вясёлая кампанія дзяўчат ідзе ўздоўж былога храма.

— А вы тут вучыцеся?

— Вучымся.

— А вы ведаеце што-небудзь пра Магдалену Радзівіл?

— Не. Ніхто нічога не гаварыў.

Дзіўна, што ніхто будучым кухаркам і цырульніцам не расказаў, што за людзі тут жылі сто гадоў таму. Заслугі перад беларускай нацыяй апошняй уладальніцы Кухцічаў, Магдалены Радзівіл, цяжка пераацаніць. Перадачы ня хопіць, каб пералічыць іх усе. Дастаткова сказаць, што яна, нарадзіўшыся ў Варшаве ў 1860-м і пражыўшы ў радавым маёнтку да самай рэвалюцыі, фундавала «Нашу Ніву» і выданьне самых значных беларускіх кніг. Ад Багдановічавага «Вянка» да «Руні» Максіма Гарэцкага.

Жыхарка Кухцічаў, краязнаўка Зоя Калкоўская, піша пра Магдалену Радзівіл кнігу. Жывучы ў Кухцічах, пані Зоя сабрала ўнікальныя ўспаміны пра былую гаспадыню маёнтку.

— Зусім не выпадкова Магдалена Радзівіл вярнулася на радзіму, у Кухцічы. І тут гаспадарыла. Яна была дастаткова багатай на той час жанчынай. Але свае грошы траціла не на тое, каб весьці разгульны лад жыцьця. А менавіта на духоўнасьць, на адукацыю. І, што мне асабіста імпануе, на беларушчыну. Фінансавала беларускія школы, выдавецтвы, Багдановічаў «Вянок» быў выдадзены за яе кошт. Фінансавала шпіталі. Увогуле, укладвала грошы ва ўсё, што, на яе погляд, спрыяла працягу жыцьця ўвогуле.

Магдалена асабіста вывучала становішча дзяцей у беларускіх сем’ях. Не цярпела, калі бацькі п’янствавалі і дзеці з-за гэтага пакутавалі. Яна ў сваёй сталовай карміла. Проста грошы асацыяльным сем’ям яна не давала. Гатовенькую рыбку ніколі не давала. Але пра дзяцей клапацілася.

Дзіва, але памяць пра былую ўладальніцу Кухцічаў, якая пакінула родныя мясьціны ў 1917-м годзе, і да сёньня жыве. Паслухаем Тамару Радзівонаўну Кашкан, 86-гадовую сялянку, чыя бабуля служыла ў пані Радзівіл пакаёўкай.

— Маёй мамы маці, бабуля, працавала пакаёўкай у яе.

— У Магдалены.

— Так.

— І якім словам яна яе згадвала?

— Вельмі добрым. Мая мама і бабуля жылі вельмі бедна. Адзін домік маленькі на тры вакны. І ні кавалка зямлі не было. Дык пані прымушала… Заставалася ў іх ежа. «Налівай і нясі кармі дзяцей». Бабулю звалі Ганна. Хлеба дасьць. Мы жылі лепей за тых, хто зямлю меў. І яна забрала яе з сабою. Перад рэвалюцыяй выехала і забрала маю бабулю. Маю маму і прабабулю пакінула.

— Ваша бабуля паехала зь ёю ў Варшаву?

— Так. Яна забрала яе з сабой.

— А вы не перапісваліся?

— Не, не.

— Маці расказвала, што Магдалена Радзівіл зь людзьмі не гаварыла па-польску?

— Не, не. Яна па-беларуску гаварыла. Усе былі задаволеныя. На Новы год яна ўсіх дзяцей клікала ў свой палац. І ўсім адмярала. Хлопчыкам на штонікі, дзяўчаткам на сукенкі.

— А вы ня памятаеце гэты маёнтак? Сам дом. Які ён быў?

— Помню. Прыгожа было. Была такая вэранда суцэльная. Усё расьцягнулі, развалаклі. Гэты касьцёл. Мармур быў чорны і белы. Усё расьцягнулі.

— Дамавіны, самі труны…

— Дамавіны раскідвалі пры дзетдоме. Пасьля вайны быў дзетдом. Дык праз вакно ўсё параскідалі.

— Параскідалі.

— Усе яе любілі. І мая мама казала. Лепш ня трэба было. Але ён быў маладзейшы за яе, Радзівіл. Прахадзімец добры быў. І ніхто гэты малельны дом не адновіць. Усё паразвальвалі.

У словах старой Тамары на адрас мужа пані Магдалены Мікалая Радзівіла да нашага часу дайшло стаўленьне сялян да гэтага шлюбу, у якім прыгажун-афіцэр быў на 19 гадоў маладзейшы за жонку. Неверагодна, але пра Радзівіла я таксама пачуў. Ад старога Дзяніса, якому праз год будзе дзевяноста.

— Яго хвалілі ўсе. Добры быў. Радзівіл харошы быў мужык. Нехта пабіў яго быў. Казалі — во яму будзе. А ён — 25 рублёў за храбрасьць. Не пакараў.

— Нехта з мужыкоў пабіў?

— Так.

— У іх можна было грошы зарабіць.

— О! Людзі працавалі! Каровы людзкія стаялі. Сваімі харчамі карміў. Мужык быў — ад і да. Ваяваў, яго паранілі, ён памёр. Яго зь Менску цягніком да Негарэлага везьлі. А з Каменкі 5 кілямэтраў на плячах несьлі. Уся дарога кветкамі была высланая.

— Гэта так яго паважалі?

— Так. Вы, можа, сваяк? Багаты быў вельмі.

— А пахаваны ён быў…

— Цэркаўка такая стаіць.

— Пасьля вайны гэтую магілу не парушалі?

— Размовы такія ішлі. Быў тут такі Міхаіл Захаравіч Белякоўскі. Дырэктар дзетдома. Дык быццам знайшоў чыгун золата. Тыя школьнікі знайшлі. А ён вырваў чыгун, у іх забраў. І так усё схавалася ў яго. Але размова такая была.

Цэркаўкай стары называе былы кальвінскі храм-крэпасьць. Дзе быў пахаваны князь, чыю магілу парушылі пасьля вайны. А ў 1952-м у храме зрабілі электрастанцыю. Які гарманічны з навакольлем быў галоўны дом сядзібы, гаспадыня якога памерла ў эміграцыі ў 1945-м, добра бачна на старых фатаздымках. Тут бывалі стваральнікі БНР і аўтары «Нашай Нівы». Дом варты аднаўленьня. У ідэале тут павінен быць музэй Магдалены Радзівіл. Тым больш што набор у ПТВ з кожным годам падае.

— Я даўно бачу, што яго даўно пара закрыць. І стварыць ці санаторый, ці турыстычную базу. І выкарыстаць гэтыя будынкі пад музэй. Гэта самае лепшае, што можна зрабіць.

Зоя Калкоўская напісала пра храм верш.

Плача цаглінкамі храм,
А мы ўсё напіхваем шлункі.
Скача памінкамі хам,
А мы ўсё чакаем ратунку.

Ня будзе нябеснай манны.
Ня выпадзе дождж далярны.
Нас паглынае патоп.
Час не мінае натоўп.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG